Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Большасьць рабоў у Дагестане – людзі, якія дэградавалі»


Пацімат Махмутава
Пацімат Махмутава
Пракамэнтаваць гісторыю беларуса Шаўцова, які ўцёк з рабства, мы папрасілі журналістку з Дагестану Пацімат Махмудаву, якая некалькі разоў удзельнічала ў апэрацыі вызваленьня людзей з рабства ў ейнай краіне.

Махмудава: Гэтая гісторыя гучыць цалкам рэальна і праўдзіва, таму што такіх гісторый, на жаль, тысячы. У Дагестане я неаднаразова была сьведкай, як людзей трымаюць у рабстве і прымушаюць іх працаваць, выконваць цяжкую працу. У асноўным такія людзі задзейнічаныя ў нелегальных цагельнях, якія знаходзяцца на касьпійскім узьбярэжжы. Гэта недалёка ад сталіцы Дагестану, Махачкалы. Іх таксама вельмі шмат на каменных кар’ерах па ўсім Дагестане. Ёсьць таксама людзі, якія па 20 гадоў жывуць у гарах Дагестану і пасьвяць жывёлу. У іх там няма магчымасьці выйсьці на сувязь са сваімі сваякамі...

Існуе некалькі катэгорый такіх людзей. Ёсьць людзі, якіх насамрэч падманным шляхам завабілі ў Дагестан і прымушаюць працаваць. Ёсьць людзі, якіх некалькі разоў вызвалялі. У нас быў такі прыклад, калі я ў якасьці валянтэра ўдзельнічала ў гэтых, калі можна так сказаць, вызваленчых апэрацыях. Іх вызвалялі, ім дапамагалі дабрацца дадому, дапамагалі з дакумэнтамі, але празь нейкія час тыя ж людзі апыналіся ў тым самым месцы. Растлумачыць свае паводзіны яны не маглі. Я мяркую, што большасьць зь іх – хай яны мне выбачаць – гэта людзі, якія дэградавалі. Многія зь іх сьпіліся. На гэтых цагельных заводах іх кормяць, іх пояць, і ў іх ёсьць начлег. Відаць, некаторых гэта задавальняе. Таму яны туды вяртаюцца. Многія зь іх – людзі несямейныя, і ім, у прынцыпе, бяз розьніцы, дзе жыць – што ў Расеі па вакзалах блукаць, што працаваць у Дагестане. Работа цяжкая, але, маўляў, затое нас кормяць і нам ёсьць дзе жыць, і так далей...

РС: А калі чалавек сапраўды хоча зьбегчы з такога рабства, дык у чым галоўная праблема? У яго няма дакумэнтаў і няма грошай?

Махмудава: Так, у іх забіраюць дакумэнты. Ды ў шмат каго з такіх рабоў наогул не бывае ніякіх дакумэнтаў, каб можна было іх забраць. Па-другое, у іх няма тэлефонаў і ніякай іншай сувязі са сьветам. Ну і тыя цагельныя заводы або кар’еры знаходзяцца здалёк ад населеных пунктаў, так што ў рабоў няма магчымасьці схадзіць кудысьці. У іх ёсьць толькі кантакт зь людзьмі, якія ахоўваюць гэты завод і насамрэч наглядаюць за імі, каб яны працавалі і не ўцякалі. Ёсьць маскоўская арганізацыя пад назвай «Альтэрнатыва», кіраўніком якой зьяўляецца Алег Мельнікаў, і яна дапамагае такім людзям. У чэрвені летась я як валянтэр і журналістка ўдзельнічала ў вызваленьні жыхара Наўгародзкай вобласьці пры пасярэдніцтве «Альтэрнатывы»... Тады мы даведаліся пра схему, як тыя людзі трапляюць у рабства. Многія зь іх – гэта не масквічы, а людзі з правінцыі, якія прыяжджаюць у Маскву. Часьцей за ўсё іх вылоўліваюць на вакзалах, пытаюцца, чаго яны прыехалі, і калі чалавек кажа, што па працу, дык яму прапануюць такую працу – наогул кажуць, што праца будзе ў Сочы пры алімпійскіх аб’ектах, з добрым заробкам... Пры гэтым усіх гэтых кандыдатаў на рабоў спойваюць ў нейкай кавярні або рэстаране... Калі нехта адмаўляецца выпіваць, дык яму заказваюць каву або чай і падліваюць нейкія псыхатропныя рэчывы, ад якіх чалавек адключаецца... Ён прыходзіць да прытомнасьці ў аўтобусе або ўжо ў Дагестане...

РС: У гэтым беларускім выпадку чалавек, які ўцёк з рабства да нейкай сям’і ў Дагестане, сказаў маці, што ён ня можа выехаць у Беларусь, бо яго «зьнімуць» на першым пасьце і зноў аддадуць у рабства. Што гэта значыць?

Махмудава: Яго могуць зьняць на любым пасьце і вярнуць назад, таму што супрацоўнікі паліцыі добра ведаюць, куды гэтыя людзі прыехалі, чаму іх сюды прывезьлі. Усё праплачана, разумееце? За кожнага чалавека, якога вязуць у рабства ў Дагестан, кіроўца плаціць паліцыі паводле нейкай акрэсьленай таксы, я ня ведаю дакладнай сумы... Кажуць, што за перавоз маладога чалавека трэба заплаціць 15 тысяч рублёў, гэта значаць, 500 даляраў. За дзяўчат стаўка вышэйшая, таму што іх прымушаюць займацца прастытуцыяй, і яны прыносяць большы даход.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG