Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве пачынаюцца новыя слуханьні справы Паліткоўскай


Ганна Паліткоўская
Ганна Паліткоўская

У Маскоўскім гарадзкім судзе сёньня пачнуцца слуханьні па сутнасьці крымінальнай справы аб забойстве аглядальніка «Новой газеты» Ганны Паліткоўскай. Гэта ўжо трэцяя спроба судовага разбору.

Як чакаецца, на першым слуханьні пракурор абвесьціць абвінаваўчае заключэньне, пасьля чаго падсудныя адкажуць, ці прызнаюць сябе вінаватымі.

Напярэдадні была адабрана новая калегія прысяжных. У яе ўвайшлі 12 асноўных і 12 запасных прысяжных засядацеляў, сярэдні ўзрост якіх 45–50 гадоў, менавіта ім трэба будзе вырашыць, ці даказаная віна пецярых абвінавачаных у забойстве журналісткі.

У 2009 годзе прысяжныя апраўдалі абвінавачаных, але неўзабаве справа была адпраўлена на перагляд. У лістападзе мінулага года пасьля некалькіх месяцаў судовых пасяджэньняў і неаднаразовых пераносаў слуханьняў судзьдзя вымушаны быў распусьціць калегію прысяжных з-за няяўкі ў суд дастатковай колькасьці засядацеляў. Адвакаты (прычым не толькі падсудных, але і пацярпелых) выказалі здагадку, што ў роспуску калегіі быў зацікаўлены бок абвінавачаньня і што менавіта пракуроры прыклалі намаганьні для таго, каб прысяжныя пакінулі слуханьні.

Аглядальнік «Новой газеты» Ганна Паліткоўская была забітая ў пад’езьдзе свайго дома 7 кастрычніка 2006 года.

На лаве падсудных пяць чалавек: прадпрымальнік з Чачні Лом-Алі Гайтукаеў, якога сьледзтва лічыць арганізатарам злачынства, яго пляменьнікі Джабраіл, Ібрагім і Рустам Махмудавы і экс-міліцыянт Сяргей Хаджыкурбанаў.

Усе падсудныя заяўляюць аб сваёй невінаватасьці, а іх абарона паказвае на мноства парушэньняў, дапушчаных падчас расьсьледаваньня справы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG