Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста


Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук
20 гадоў таму на Свабодзе ўпершыню прагучала кніга «Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста». Зараз рыхтуецца да друку новае выданьне. У новым пасьляслоўі аўтар разглядае асноўныя моманты палемікі пра асобу і дзеяньні героя.

Розныя чытачы гэтай кнігі часам ацэньвалі яе дыямэтральна адрозна, але нярэдка сыходзіліся ў адным – гэта мастацкі твор без усякай, як пісаў адзін афіцыйны гісторык «гістарычнай і псыхалягічнай даставернасьці», і без «пашпартызацыі цытатаў», як дадаваў адзін незалежны дасьледнік.

Стрыечная сястра Янкі Філістовіча, Яўгенія Самаль (Кулеш), запомніла на ўсё жыцьцё словы Янкі, калі ўзімку 1952-га, пасьля паездкі ў Вільню, яны йшлі пешшу з Маладэчна дадому: «Слухай, Жэня, пра мяне калісьці будуць кніжку пісаць, а ніхто ня будзе ў гэта верыць...»

Увагу новых чытачоў я зьвяртаю на апошні сказ «Пралогу» – ня толькі апісаныя падзеі, але й словы героя ёсьць сапраўды дакумэнтальна зафіксаванымі словамі героя, а ня аўтара. Вызначэньні і ацэнкі, лексыка і сынтаксіс, эмоцыі і факты належаць герою літаральна – я перачытаў сотні асабістых лістоў Філістовіча, іншых яго тэкстаў і, захоўваючы кантэкстны сэнс, узяў створанае ім і выклаў у выглядзе дыялёгу, самай эканомнай, на маю думку, формы арганізацыі такога матэрыялу. Гэтае ж тычыцца зьвестак, зафіксаваных у пратаколах, рапартах, даведках і іншых дакумэнтах карных органаў.

У 1992 годзе мне як сябру камісіі Вярхоўнага Савету Беларусі ў справах
ахвяраў палітычных рэпрэсіяў удалося атрымаць доступ да справы № 3383 Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі «па абвінавачаньні Філістовіча І.І. і іншых грамадзянаў, усяго ў колькасьці 17 чалавек». Справа была пачатая 6 верасьня 1952-га, скончаная 6 лютага 1953-га і налічвала 23 тамы.

Неўзабаве пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі КДБ быў перападпарадкаваны Вярхоўнаму Савету. Гэта адразу палегчыла доступ да архіваў. На першым паверсе будынка КДБ, праз цэнтральны ўваход і налева, была арганізаваная невялікая чытальная заля для дасьледнікаў – гісторыкаў з Акадэміі навук, пісьменьнікаў, журналістаў.

З архіву прыносілі справы, і чытачы старанна перапісвалі ў свае сшыткі
ўсё, што цікавіла – капіявальных машынаў не было. Каталёгу ніхто ня бачыў, што там яшчэ хавалася на архіўных паліцах, як было арганізавана, як шукаць спадарожныя справы і дакумэнты, было невядома. Выдавалі матэрыялы выбарачна і толькі калі называў прозьвішча асобы, якая цікавіла.

Аднак нават у такім выглядзе цягнулася гэтая адліга нядоўга – менш чым праз год тагачасны старшыня камітэту раздражнёна заявіў у друку, што «КДБ – ня хата-чытальня», і дзьверы ў мінулае захлопнуліся. Часам – на палове недапісанага радка. Літаральна.

Я не дачытаў усю справу да канца. Працаваў па парадку, рабіў выпіскі па
ходзе чытаньня. Думаў – пасьпею. Памыліўся. Некалькі разоў спрабаваў ізноў дамагчыся доступу ў архіў, апэляваў да свайго статусу сябра камісіі Вярхоўнага Савету, і кожны раз атрымліваў адмову, апошнюю – за подпісам намесьніка старшыні КДБ генэрала Кеза.

Я ня ведаў пра тое, што ў справе ёсьць напісаныя па-расейску пакаяньні, ня ведаў, калі яны ўзьніклі, ня кажучы пра тое, што ў такіх справах ніколі не застаецца сьведчаньняў, якім чынам яны зьявіліся.
Я ня ведаў пра тое, што ў справе ёсьць напісаныя па-расейску пакаяньні, ня ведаў, калі яны ўзьніклі, ня кажучы пра тое, што ў такіх справах ніколі не застаецца сьведчаньняў, якім чынам яны зьявіліся. Па-мойму, гэта сьведчаньні ня столькі пра канкрэтнага героя і яго мэту, колькі пра чалавека і машыну гвалту, пра асобу і дзяржаву. За два дзесяцігодзьдзі да Філістовіча такая самая гісторыя здарылася зь Янкам Купалам, зь дзясяткамі іншых беларускіх нацыяналістаў. І ня толькі нацыяналістаў, канечне. Чэкісты-энкавэдысты і члены партыі з 1917 году ў руках сваіх былых калег «прызнаваліся» ня менш хутка чым беспартыйныя, і ня толькі ў пік тэрору, 1930-я*.

Гісторыя зламанага духу – матэрыял трагедыі. Але трагедыя ахвяраў не
павінна засланяць простую падставовую праўду – гісторыю і адказнасьць катаў за ўсё, што адбылося з ахвярамі: за арышты, высылкі, катаваньні, расстрэлы, за акупацыю, за ўсе «чыстасардэчныя» прызнаньні, пакаяньні, прашэньні аб памілаваньні, безь якіх яны ня могуць жыць, як вампір бяз сьвежай крыві.

Я пасьпеў зрабіць выпісак на дваццаць тры поўныя старонкі агульнага
сшытка фармату А4. Часам тое, што ў кнізе сфармулявана адным сказам, у маіх запісах займае старонку, як, напрыклад, вось гэтая табліца – прывяду яе як прыклад «пашпартызацыі»:

Пратаколы допыту
затрыманага-арыштаванага-абвінавачанага
Філістовіча Івана Андрэевіча

М. Маелаў, сьледчы 1 аддзела сьледчай часткі МГБ БССР, cт. лейтэнант дзяржбяспекі

Р. Трапш, намесьнік начальніка 2 аддзела сьледчай часткі МГБ БССР, падпалкоўнік дзяржбясьпекі

ад 10 верасьня 1952 г.

Гор. Мінск

Філістовіч І.А., родам з в. Паняцічы
Ільлянскага ра-на, беларус, з зажытачных сялян, на момант затрыманьня знаходзіўся на нелегальным становішчы.

Допыт пачаты а 21 г. 30 мін.

10 верасьня 21:30 – 08:50
11 верасьня 16:00 – 19:20
11 верасьня 23:50 – 05:30
12 верасьня 21:45 – 08:30
13 верасьня 14:40 – 18:50
13 верасьня 22:45 – 06:30
14 верасьня 13:00 – 14:00
14 верасьня 23:05 – 04:10
15 верасьня 23:50 – 03:50
16 верасьня 14:00 – 18:20
16 верасьня 23:15 – 06:00
17 верасьня 13:10 – 18:00
17 верасьня 21:30 – 03:30
18 верасьня 13:30 – 18:00
18 верасьня 22:10 – 05:15
19 верасьня 14:10 – 17:30
19 верасьня 22:30 – 06:00
20 верасьня 22:00 – 04:40
22 верасьня 13:00 – 18:00
22 верасьня 22:30 – 04:20
23 верасьня 21:30 – 03:45
24 верасьня 21:10 – 05:50
25 верасьня 13:15 – 18:00
25 верасьня 23:30 – 06:00
26 верасьня 13:45 – 17:45
26 верасьня 23:30 – 03:40
27 верасьня 14:00 – 17:40
27 верасьня 22:40 – 04:00
29 верасьня 21:30 – 03:45
30 верасьня 11:50 – 17:45
30 верасьня 22:30 – 07:15
1 кастрычніка 21:45 – 05:40
2 кастрычніка 23:00 – 04:00
3 кастрычніка 22:00 – 04:45
6 кастрычніка 11:30 – 17:30
6 кастрычніка 22:40 – 02:45
7 кастрычніка 13:00 – 17:40
7 кастрычніка 21:45 – 02:45
8 кастрычніка 12:00 – 16:10
8 кастрычніка 21:20 – 03:00
9 кастрычніка 12:30 – 16:30
9 кастрычніка 21:20 – 05:00
10 кастрычніка 15:00 – 19:00
10 кастрычніка 23:50 – 03:30
12 кастрычніка 13:40 – 16:55
13 кастрычніка 23:45 – 04:45
15 кастрычніка 11:20 – 18:05
15 кастрычніка 21:40 – 05:10
16 кастрычніка 21:45 – 04:50
17 кастрычніка 13:10 – 16:45
18 кастрычніка 00:30 – 02:15
20 кастрычніка 12:00 – 16:45
20 кастрычніка 23:00 – 02:25
21 кастрычніка 22:00 – 05:45
22 кастрычніка 22:45 – 03:00
23 кастрычніка 22:30 – 04:40
25 кастрычніка 13:45 – 16:45
27 кастрычніка 12:40 – 17:50
28 кастрычніка 12:05 – 18:00
28 кастрычніка 21:45 – 03:30
29 кастрычніка 20:45 – 03:30
31 кастрычніка 11:45 – 17:30
31 кастрычніка 22:15 – 06:10
1 лістапада 13:40 – 19:10
3 лістапада 23:40 – 05:30
4 лістапада 13:10 – 18:35
5 лістапада 21:30 – 04:00
10 лістапада 11:55 – 18:30
12 лістапада 13:00 – 19:20
13 лістапада 12:40 – 18:00
14 лістапада 12:25 – 17:40
17 лістапада 12:00 – 18:10
17 лістапада 21:45 – 04:20
18 лістапада 22:40 – 05:35
19 лістапада 13:45 – 19:15
19 лістапада 22:00 – 04:30
20 лістапада 21:55 – 04:10
21 лістапада 22:45 – 05:00
24 лістапада 21:50 – 03:40
25 лістапада 23:00 – 04:40
26 лістапада 21:40 – 03:20
27 лістапада 13:30 – 21:00
1 сьнежня 11:45 – 18:10
4 сьнежня 23:15 – 03:15
8 сьнежня 23:00 – 04:45
9 сьнежня 13:00 – 15:55
12 сьнежня 14:05 – 17:40
12 сьнежня 22:50 – 04:10
14 сьнежня 01:40 – 04:00
15 сьнежня 23:40 – 04:25
16 сьнежня 23:10 – 03:15
17 сьнежня 21:30 – 02:00
19 сьнежня 12:30 – 16:30
19 сьнежня 23:50 – 03:25
22 сьнежня 23:00 – 03:35
23 сьнежня 13:15 – 17:15
24 сьнежня 11:15 – 17:00
24 сьнежня 21:30 – 02:40
26 сьнежня 11:30 – 17:00
26 сьнежня 21:40 – 03:00
29 сьнежня 21:00 – 24:00
31 сьнежня 11:50 – 17:45
2 студзеня 11:45 – 12:30
2 студзеня 20:15 – 23:50
3 студзеня 11:40 – 17:30
3 студзеня 23:20 – 02:30
5 студзеня 21:05 – 04:00
6 студзеня 11:30 – 17:15
6 студзеня 21:20 – 02:45
7 студзеня 23:00 – 04:45
8 студзеня 13:35 – 17:30
8 студзеня 21:00 – 02:45
10 студзеня 11:30 – 17:30
11 студзеня 13:15 – 17:00
12 студзеня 11:50 – 17:20
14 студзеня 11:50 – 17:00
17 студзеня – прад’яўлена абвінавачаньне.

Толькі перагартаўшы паўтары дзясяткі тамоў і зрабіўшы гэтыя выпіскі, можна напісаць адзін сказ: «Толькі за першы месяц я правёў на допытах амаль дзьвесьце гадзінаў».

Цікавасьць да Янкі Філістовіча пасьля публікацыі толькі вырасла. Яго вялейскія землякі – краязнаўцы з суполкі «Край» прайшліся яго сьцежкамі і запісалі цікавыя ўспаміны сваякоў і суседзяў, афіцыйным гісторыкам далі некаторыя матэрыялы сьледзтва, недаступныя мне, і праз паўтара дзесяцігодзьдзя пасьля «Вяртаньня нацыяналіста» яны паспрабавалі перамаляваць партрэт.

Рыхтуючы гэтую кнігу да друку, я прагледзеў больш-менш усё, што зьявілася на гэтую тэму за паўтара дзесяцігодзьдзя, ад публікацыяў у выданьнях КДБ Беларусі, афіцыйным і незалежным друку да інтэрнэт-блогаў, а таксама ўпершыню за гэтыя гады перачытаў «Вяртаньне нацыяналіста».

У выніку я пакінуў «культавы» тэкст амаль бяз зьменаў, удакладніўшы некаторыя дэталі, і палічыў вартым даць шэраг спасылак, цытатаў і дакумэнтаў у зносках і гэтым пасьляслоўі. Яны пашыраюць кантэкст, прыадкрываюць больш складаны фэномэн героя і матывацыі яго паводзінаў і даюць асноўныя пазыцыі сучаснай палемікі, у т. л. афіцыйнай.

Спробу абвінаваціць Я.Ф. у ваенных злачынствах робіць у часопісе адміністрацыі прэзыдэнта «Беларуская думка» дасьледнік Алег Ліцкевіч**. Атрымаўшы доступ да архіва КДБ, аўтар прыводзіць новыя дэталі, друкуе невядомыя раней дакумэнты справы, удакладняе даты і месцы, зьвязаныя са службай Я.Ф. у 13 батальёне СД – і робіць выснову, што яго расстралялі менавіта за ваенныя злачынствы. (З цытатамі з крымінальных справаў іншых асобаў, уласнымі здагадкамі, ускоснымі аргумэнтамі, але без прамых дакумэнтальных сьведчаньняў, якія б доказна выходзілі за межы тэрміну «калябарацыя», у якой за савецкім часам вінавацілі цэлыя народы, а пра злачынства пражываньня на акупаванай тэрыторыі ў анкетах пыталіся аж да 1991-га году.)

У часопісе «ARCHE» яму адказвае Алесь Юркавец: «Усю праўду пра беларускі пасьляваенны антысавецкі рух мы зможам даведацца толькі тады, калі гэтая тэма перастане быць полем бескампраміснага ідэалягічнага змаганьня, а ўсе архіўныя дакумэнты, якія яе датычаць, будуць выведзеныя з ведамаснага захаваньня і стануць даступныя любому дасьледчыку».

Даўно ўжо і нудна і агідна чытаць аўтараў, якія ня бачаць злачынстваў і фундамэнтальнага зла савецкай улады і па-ранейшаму ацэньваюць гістарычныя падзеі ў цалкам скампрамэтаванай імпэрскай камуністычнай сыстэме каштоўнасьцяў. У сыстэме, у якой няма месца чалавеку і Беларусі.
Гэта слушна, але гэта ня ўсё. Справа ня толькі ў даступнасьці архіваў ці нават кампэтэнтнасьці і сумленнасьці дасьледнікаў – справа ў каштоўнасьцях. Даўно ўжо і нудна і агідна чытаць аўтараў, якія ня бачаць злачынстваў і фундамэнтальнага зла савецкай улады і па-ранейшаму ацэньваюць гістарычныя падзеі ў цалкам скампрамэтаванай імпэрскай камуністычнай сыстэме каштоўнасьцяў. У сыстэме, у якой няма месца чалавеку і Беларусі. Калі тут што і цікава, дык гэта як розьняцца ацэнкі сёньняшніх аматараў шыць расстрэльны артыкул пад выглядам гістарычнага камэнтара і меркаваньні прафэсійных супрацоўнікаў КДБ, якія ў 1952-53 непасрэдна і канкрэтна займаліся справай Я.Ф. – дарэчы, у час, калі ў Беларусі актыўна ішло выяўленьне калябарантаў і суды над імі.

Удзельнік вайны, палкоўнік МГБ Рыгор Трапш, які вёў сьледзтва ў справе
Я.Ф., дапытваў яго, сьведкаў, правяраў архіўныя дакумэнты, зьвязаныя з 13 батальёнам СД, у размове са мной летам 1993 году пад дыктафонны запіс адказаў на наўпроставае пытаньне пра ўдзел Я.Ф. у злачынствах упэўнена і без ваганьняў: «Крыві на ім няма». Трапш лічыў, што Я.Ф. «не зрабіў нічога такога, за што можна даць расстрэл».

Яшчэ адно сьведчаньне з боку КДБ прыводзіцца ў выдадзенай у Менску ў
2006 годзе кнізе «Щит и меч отечества», якую падрыхтаваў аўтарскі калектыў у складзе «кіраўнікоў і супрацоўнікаў падразьдзяленьняў цэнтральнага апарату КДБ, Інстытуту нацыянальнай бясьпекі і беларускай грамадзкай арганізацыі вэтэранаў КДБ «Честь». Частка, прысьвечаная Я.Ф., сканчаецца ацэнкай вэтэрана вайны, генэрала КДБ Івана Лысакоўскага, які асабіста браў удзел у апэрацыі захопу, а пасьля даслужыўся да намесьніка старшыні КДБ у Беларусі, да выхаду на пэнсію ў 1988 годзе шмат гадоў узначальваў вышэйшыя курсы КДБ СССР ў Менску (дзе, дарэчы, вывучалі справу Я.Ф. на занятках): «І.Л. Лысакоўскі лічыў, што прысуд быў крайне суровы. На яго думку, Філістовіч ня быў ворагам беларускага народа, ён стаў ахвярай амбіцый лідэраў беларускіх эмігранцкіх цэнтраў»***.

Чэкісты сталінскага гарту, палкоўнік і генэрал КДБ, аказаліся больш дакладнымі, аб’ектыўнымі, чым сучасны цывільны дасьледнік.
Чэкісты сталінскага гарту, палкоўнік і генэрал КДБ, аказаліся больш дакладнымі, аб’ектыўнымі, чым сучасны цывільны дасьледнік.

І яшчэ. Жанр мастацкага дасьледаваньня, у якім напісаны, напрыклад, «Архіпелаг ГУЛАГ», ва ўмовах несвабоды бярэ на сябе шмат іншых функцый, у тым ліку гістарычнай навукі – але гэта праблема гістарычнай навукі, а ня аўтара.

Шасьцітомны слоўнік беларускай мовы дае тры асноўныя тлумачэньні дзеяслова «вярнуцца»: прыйсьці назад у тое месца, адкуль выйшаў; зноў зьявіцца, узьнікнуць; зноў заняцца ранейшай справай. А спрагаецца ў будучым часе ён так:

Я вярнуся
Ты вернесься
Ён вернецца
Мы вернемся

Клічнік ці пытальнік чытач можа паставіць сам. Для аўтара, аднак, прыйшоў час кропкі.


*У траўні 1951-га быў арыштаваны міністар асьветы БССР Платон Саевіч, член КПСС з 1917, герой вайны, потым высокапастаўлены партыйны начальнік, яго дапытвалі ў тых самых сьценах і амаль у той самы час, што і Філістовіча – 164 разы, толькі ў чэрвені – 44 разы, днём і ўначы, па 10-16 гадзінаў, і сьледчы, палкоўнік Крупянкоў, крычаў яму, на карачках будзеш поўзаць – прызнаўся ва ўсім, і што трацкіст, і што кулак, і што беларускую мову ў ВНУ хацеў увесьці, і што чорт лысы – каб уратаваць сям’ю, як патлумачыў пасьля рэабілітацыі, да якой дажыў.

**«Беларуская думка». 2009. No 8.

***Минск, Международный центр интеграционной информации. 2006. С. 179.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG