Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вечарына памяці Вацлава Гаўла ў Менску


Вацлаў Гавал
Вацлаў Гавал

У менскай галерэі «Ў» 14 студзеня рух «За свабоду», БАЖ, Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт ладзяць вечарыну памяці прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла.

Якая ідэя гэтай вечарыны і што азначае для Беларусі Вацлаў Гавал, апавёў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды намесьнік старшыні руху Алесь Лагвінец.

«Гэта ўжо трэцяя па ліку вечарына ўшанаваньня памяці Вацлава Гаўла і гадавіны падпісаньня „Хартыі-77“ у Чэхаславаччыне. Рух „За свабоду“ разам зь беларускімі праваабарончымі арганізацыямі трэці год запар рыхтуе такія падзеі.

Сёлета мы паспрабуем зьвярнуць увагу на тры рэчы.

Першае — гэта Гавал і Беларусь. У мінулым годзе адбылася важная падзея, якая наўпрост зьвязвае Гаўла зь Беларусьсю. Беларускі праваабаронца, які цяпер знаходзіцца ў вязьніцы, Алесь Бяляцкі атрымаў прэмію імя Вацлава Гаўла ад Рады Эўропы.

Па-другое, Чэхія і намаганьні па падтрыманьні правоў чалавека. А таксама дзеяньні дысыдэнтаў, зьняволеных у аўтарытарных краінах, дзеля таго каб адстойваць свае правы і пашыраць сваю прастору для дзейнасьці. Мы якраз хацелі запрасіць кіраўніка чэскай грамадзянскай арганізацыі „Грамадзянская Беларусь“ Пэтрушку Шустраву, але, на вялікі жаль, яна не атрымала візы. Але ў нас будзе відэазварот гэтай вядомай чэскай журналісткі і дысыдэнткі.

І трэцяя рэч, якая ў гэтым годзе адмыслова рыхтуецца, прынамсі ў ЗША, — гэта ацаніць ролю Вацлава Гаўла ў прасоўваньні пытаньняў правоў чалавека на Кубе і прыцягваньні ўвагі да іх. Вось на той самай Кубе, далёкай ад Чэхіі, якой таксама вельмі цікавіўся Гавал. Мы прапануем сёньняшнім удзельнікам імпрэзы падпісаць зварот да кубінскіх уладаў і зварот салідарнасьці з кубінскімі дысыдэнтамі».

Відэазварот чэскай дысыдэнткі Пэтрушкі Шустравай, якой не далі беларускай візы, да ўдзельнікаў менскай вечарыны
Відэазварот Пэтрушкі Шустравай
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:24 0:00


Карэспандэнт: «Што азначае для Беларусі Вацлаў Гавал?»

Лагвінец: «Гавал — вельмі важная асоба для незалежнай эўрапейскай Беларусі. Ён стала сачыў за тым, што адбываецца ў Беларусі. Ён не вагаўся пакласьці на шалі свой асабісты аўтарытэт у падтрымку дысыдэнтаў, у падтрымку беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Гэта асоба, якая для нашага рэгіёну і для Чэхіі вельмі важная, знакавая. Гэта грамадзянін сусьвету, бо гэта чалавек, палітык, які ставіў акцэнт перш за ўсё на пытаньні абароны правоў чалавека, чалавечай годнасьці. Ён запачаткаваў у чэскай замежнай палітыцы такі падыход — прыярытэт правоў чалавека. Можна спытацца: што той маленькай Чэхіі да правоў чалавека ў Беларусі ці ў Бірме, ці на Кубе? Але ў Чэхіі было вельмі шмат пытаньняў да гэтага і шмат зацікаўленасьці. І тут Гавал насамрэч цудоўны прыклад асобы, якая адстойвала свае каштоўнасьці, пашырала іх. Але асобы, якая таксама была здольная ўзьняцца над сабой і спытаць сябе і тых, што навокал, наколькі тыя каштоўнасьці, якія ён вызнае, ёсьць вызначальнымі для асобы».

Карэспандэнт: «А ў вас былі сустрэчы з Вацлавам Гаўлам?»

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
Лагвінец:«Я суправаджаў Аляксандра Мілінкевіча падчас ягоных візытаў у Чэхію і прысутнічаў на сустрэчах, у тым ліку з Вацлавам Гаўлам. Гэта асоба, якая вельмі ўражвала. Гэта вельмі вытрыманы, вельмі прыстойны чалавек, які спагадліва, лагодна і вельмі пранікнёна размаўляў і выказваўся пра Беларусь. Як кажа Мілінкевіч, гэта быў сапраўдны амбасадар Беларусі на Захадзе, бо ён увесь час уздымаў беларускае пытаньне і ўсебакова, як мог, падтрымліваў беларускіх праваабаронцаў, журналістаў і дэмакратычных палітыкаў. Я ўзгадваю эпізод, калі мы сядзелі і пілі чэскае піва падчас абедзеннага перапынку. Для Гаўла гэта было часткай рытуалу. Ён павольна гаварыў, узважваючы словы. Ён ведаў, што кажа, але сама манера выказвацца паказвала вялікага чалавека зь вялікай літары. І гэта чэскае «ано-ано» («так-так»), якое ён увесь час дадаваў, было вельмі прыемным і чалавечым«.

Карэспандэнт: «Удзельніцы вечарыны Пэтрушцы Шустравай не далі візы. Што можа азначаць такая рэакцыя ўладаў?»

Лагвінец: «Я думаю, што ёсьць інэрцыя. Улады ў свой час занесьлі Пэтрушку Шустраву ў сьпіс неўязных у Беларусь. І, магчыма, на ўзроўні чыноўнікаў, магчыма, гэтае рашэньне ўзгаднялася зь Менскам, але гэты рэпрэсіўны мэханізм спрацаваў. Беларусь, як і раней, закрытая краіна, і таму ніхто не бярэ на сябе адказнасьць, каб рабіць нармальныя крокі, каб людзі, якія цікавяцца Беларусьсю, маглі прыяжджаць у Беларусь».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG