Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандальны кіроўца аўтобуса патлумачыў, чаму ён не шкадуе «жалеза»


Аркадзь Карачун пасьля ДТЗ на плошчы Бангалор
Аркадзь Карачун пасьля ДТЗ на плошчы Бангалор
Кіроўца маршрутнага аўтобуса Аркадзь Крачун, які летась падбіў у Менску 20 легкавых машын, працуе на розных маршрутах. Пра гэта ён паведаміў у інтэрвію Свабодзе.

Аркадзь Крачун, кіроўца менскага аўтобуса, які за 2013 год трапіў у 20 аварыяў, стаў героем інтэрнэту. Ролік пра тое, як ягоны аўтобус уразаецца ў машыны, ужо набраў больш за 124 тысячы праглядаў.

«Гэта пацьверджаньні аварыяў, якія адбыліся. Я выклаў відэа ў інтэрнэт, каб людзі бачылі, што яны робяць на дарогах, — кажа Крачун. — Я думаю пра бясьпеку пасажыраў. А вось тыя, хто абганяе аўтобус і рэзка тармозіць перад ім, ня бачаць, што плынь транспарту рэзка спыняецца».

Крачун гэтак тлумачыць сваю стратэгію паводзінаў на дарозе:

«Каб я тармазіў экстрана, а не павольна, то людзі ў салёне пападалі б. А гэта — траўмы. Машына, празь якую стварылася такая сытуацыя, зьяжджае, а пасажыры застаюцца з пашкоджаньнямі. Атрымліваецца, што я выратаваў жалеза. А самае каштоўнае — гэта што? Людзі ў салёне. Чалавечае жыцьцё больш каштоўнае за мэталалом. Пацярпелыя атрымаюць страхоўкі. А на мяне могуць павесіць наступствы аварыі: калі страхоўка не пакрывае лекаваньня, то плаціць буду я. Можа дайсьці да таго, што мяне пазбавяць правоў».



Кіроўца кажа, што пасажыры не адчуваюць сутыкненьняў «праз розьніцу ў масах аўтобуса і машыны». Крачун працуе на аўтобусе-гармоніку «МАЗ-105».

«Я сыгналю, пачынаю павольна тармазіць. І людзі інстынктыўна хапаюцца за перакладзіны», — тлумачыць ён.

«Іншыя кіроўцы тармозяць рэзка, праз інстынкт самазахаваньня. Але прафэсійны кіроўца павінен працаваць па-іншаму, калі вязе людзей. Я выключаю самазахаваньне і ўключаю лёгіку, абараняючы таго, каго вязу», — кажа Аркадзь Крачун, які кіруе аўтобусам ужо 10 гадоў.
Я выключаю самазахаваньне і ўключаю лёгіку, абараняючы таго, каго вязу

«Кіроўцы аўтобусаў не прызнаюцца, што рэзка тармозяць, што ў іх людзі ў салёне падаюць. Яны просяць прабачэньня, нават грошы пацярпелым пасажырам прапаноўваюць — усё, каб факт траўмаваньня ня выплыў. Але пры ўсім гэтым кіроўцы стараюцца ня біць машыны», — гэтак Крачун апісвае сытуацыю ў сваім аўтапарку, дзе працуе 400 чалавек.

Ён кажа, што заўвагаў з боку адміністрацыі парку да яго няма, бо «пасьля ДТЗ у парк не прыходзяць нараканьні з боку пасажыраў».

Аркадзь Крачун кажа, што першы час у парку крыху засмучаліся частымі пашкоджаньнямі корпусу, але «пасьля прыходзілі да высновы, што наша задача — бясьпечна і камфортна перавезьці пасажыра, што я і раблю».

На пытаньне, на якіх маршрутах працуе Аркадзь Крачун, кіроўца адказвае ляканічна: «На розных».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG