Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар Рэчыцкага аўтапарку называе краіну «Белоруссией» і ня хоча вяртаць беларускую мову


Грамадзкія актывісты ў Рэчыцы змагаюцца за вяртаньне беларускамоўных абвестак у грамадзкі транспарт

За апошнія месяцы у грамадзкім транспарце Рэчыцы стала радзей гучаць беларуская мова. У прыватнасьці, у пачатку года расклады руху гарадзкіх аўтобусаў на прыпынках замянілі на расейскамоўныя. Перад сьвяткаваньнем 800-гадовага юбілею горада па-расейску вырабілі і шыльды з назвамі маршрутаў, якія ўсталёўваюцца на саміх аўтобусах.

Рэчычанін Андрэй Мядзьведзеў накіраваў ў аўтобусны парк № 3 зварот з просьбай не зьмяншаць выкарыстаньне беларускай мовы ў гарадзкім грамадзкім транспарце і прапанаваў дапамогу ў перакладах тэкстаў на беларускую мову, калі гэта выклікае цяжкасьці ў супрацоўнікаў аўтапарку, паведамляе суполка «ТБМ Гомель»

Першы адказ быў падпісаны дырэктарам аўтапарку Яўгенам Ярцам па-расейску, а ў тэксьце замест Беларусі назва краіны фігуравала як «Белоруссия». У адказе чыноўніка тлумачылася, што па-беларуску ў Беларусі размаўляюць толькі 26% беларусаў, а 83,3% ўдзельнікаў рэфэрэндуму 1995 года прагаласавалі за наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай.

Мядзьведзеў у сваім лісьце зьвяртаў увагу на відавочныя моўныя памылкі у аўдыёабвестках у транспарце. Напрыклад, «вуліца Чырвоназнамённая», альбо «Наступны прыпынак — Вакзал. Канцавая». Рэчыцкія транспартнікі адказалі, што гэтая аўдыёпраграма праходзіла мовазнаўчую экспэртызу.

Тады актывіст накіраваў новы допіс у аўтапарк, дзе адзначыў парушэньне артыкулу 18 Закону аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, які вымагае адказ на пісьмовы зварот на мове звароту. Пры гэтым ён сфармуляваў да аўтапарку тры пытаньні: прасіў прыцягнуць да адказнасьці службовых асобаў, якія падрыхтавалі расейскамоўны адказ на папярэдні яго беларускамоўны зварот, у якім не далі канкрэтнага адказу на ўзьнятыя пытаньні. Таксама ён прасіў паведаміць, на якой мове плянуецца вырабляць шыльды з раскладам руху на прыпынках і з назвамі маршрутаў на аўтобусах, а таксама назву ўстановы, якая праводзіла мовазнаўчую экспэртызу аўдыёпраграмы абвяшчэньня прыпынкаў.

Тады кіраўнікі прадпрыемства даслалі адказ за подпісам галоўнага інжынэра аўтапарку Аляксандра Калесьнікава па-беларуску. Але без выбачэньняў і без адказаў на пастаўленыя пытаньні. На ўсе наступныя звароты чыноўнікі адказвалі тыпавымі лістамі, спасылаючыся на канстытуцыйнае дзьвюхмоўе.

Цяпер рэчычане плянуюць зьвярнуцца ў вышэйстаячыя органы дзяржаўнага кіраваньня, у тым ліку — ў ААТ «Гомельаблаўтатранс» і Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG