Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўныя сустракаюць Нараджэньне Хрыстова


У Сьвятадухавым катэдральным саборы Менску ў гэтыя хвіліны адбываецца ўрачыстая літургія з нагоды Нараджэньня Хрыстовага. Упершыню ў Менску яе праводзіць новапрызначаны мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павал.

Пярэдадзень Божага Нараджэньня ў праваслаўнай царкве — час асаблівых малітваў: адбываецца літургія царскіх гадзінаў, усталёўваецца стаенка для нованароджанага Хрыста, вернікі спавядаюцца і трымаюць строгі пост. Пра падрыхтоўку да сьвята цікаўлюся ў наведнікаў Сьвятадухавага катэдральнага сабору:

Карэспандэнтка: «Зь якім настроем рыхтуецеся да сьвята? Як рыхтуецеся?»

Спадарыня: «Рыхтуемся: накрываем стол, гатуем пачастункі».

Карэспандэнтка: «А ў царкву, я бачу, усёй сям’ёй?»

Спадарыня: «Так. Гэта ў нас традыцыя і сьвята».

Юначка: «Рыхтуемся да сьвята, каб добрыя сэрцы былі, міласэрныя, каб добры настрой быў».

Карэспандэнтка: «А практычна гэта — малітва, пост?»

Юначка: «Не, на жаль, пост мы ня вытрымалі, але духоўны пост захоўвалі».

Карэспандэнтка: «Сёлета Нараджэньне Хрыстова асаблівае — з новым архіпастырам, так?»

Спадарыня: «Я думаю, што гэта правільна, бо ранейшы быў стары і хворы, а гэтым усім павінны кіраваць маладыя. Спадзяемся, што новы мітрапаліт шмат добрага зробіць і для Расеі, і для Беларусі».

Спадар: «Гэта вялікае сьвята, бо нарадзіўся Збаўца, які навучаў, як трэба жыць чалавеку, якія ўчынкі рабіць, каб жыць па-Божаму. Але ў нас гэта цяжка атрымоўваецца».

Карэспандэнтка: «Ці чакаеце чаго новага ў царкве ад новага пастыра?»

Спадар: «Канечне, бо кожны новы чалавек прыносіць нешта новае, свае перакананьні і бачаньні».

Карэспандэнтка: «Ці чакаеце калядных цудаў?»

Юначка: «Так, чакаю, заўсёды чакаю, бо веру ў цуды».

Карэспандэнтка: «Здараюцца?»

Юначка: «Ну... так, думаю, што здараюцца».

У Сьвятадухавым саборы — багата людзей. Яны ідуць ад ранку — замовіць малітвы за сябе і родных, паставіць сьвечку, узяць удзел у галоўнай урачыстай літургіі, да якой цягам дня вялася падрыхтоўка. Супрацоўніца храму Вольга кажа, што ўжо мела шанец памаліцца з новым архіпастырам, мітрапалітам Паўлам:

Карэспандэнтка: «Ці вы былі ўжо на літургіі зь мітрапалітам Паўлам?»

Вольга: «Так, ён і сёньня ўвечары будзе служыць. Вельмі добра прамаўляў, вельмі мне спадабаўся — хоць можа навучыць усіх гэтай праўдзе Божай».

Карэспандэнтка: «Вы зараз тут працуеце і бачыце, як шмат людзей ідзе ў царкву. Як вы думаеце, яны ідуць паводле традыцыі ці гэта сапраўды людзі, якія вераць?»

Вольга: «Ведаеце, я думаю, што адны ідуць паводле веры, іншыя ідуць зь цікавасьці, трэція — самі ня ведаюць чаго, а чацьвёртыя ідуць, каб што ўкрасьці».

Карэспандэнтка: «І такое бывае?»

Вольга: «А як жа? Не пасьпее чалавек распрануцца, ці сумку пакінуць, каб пайсьці да абраза прыкласьціся — як няма ўжо. Раней, калі людзей да храмаў не пускалі камуністы, то сапраўды ў храме былі людзі веруючыя. Калі нехта згубіў гадзіньнік ці кашалёк, поўны грошай, то ніводзін чалавек з храма ня возьме, бо ён ведае, што гэта нельга, што гэта грэх. Зараз у нас дзьверы адчыненыя для ўсіх, ідуць хто хоча, таму і прыходзяць усялякія, каб і скрасьці што. Так што чаго тут толькі зараз няма».

Карэспандэнтка: «Што б вы сказалі такім людзям?»

Вольга: «Ратуй, Божа, і навучы».

Прысутны сьвятар, які не пажадаў выказвацца пра зьмены ў кіраўніцтве царквы, адзначыў, што пераход улады ад мітрапаліта Філарэта да мітрапаліта Паўла для сьвятароў не адчувальны і праходзіць не хваравіта. Таксама выказаў спадзеў, каб гэты адміністрацыйны працэс людзі ня зьвязвалі з такой духоўнай падзеяй, як Нараджэньне Хрыстова. Усім хрысьціянам сьвятар пажадаў большай веры і добрых падзеяў. Менавіта на добрыя падзеі празь сьвята Нараджэньня Хрыстовага ў новым годзе спадзяецца і жонка палітвязьня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, якая ў гэты дзень таксама наведала Сьвятадухаў сабор:

«Нараджэньне Хрыстова — самае сьветлае сьвята, якое можа існаваць, у маім уяўленьні. Бо гэта нараджэньне ў сьвет надзеі для кожнага з нас, для ўсіх людзей. Мне здаецца, лепшага ня знойдзеш. Я заўсёды прыходжу ў царкву напярэдадні Нараджэньня Хрыстовага. У маёй сям’і традыцыйна, шмат гадоў — яшчэ калі былі жывыя мае бацькі, у гэты перадсьвяточны вечар мы ладзілі вячэру, нават у такой маленькай форме захоўвалі старыя беларускія традыцыі сьвяткаваньня Нараджэньня Хрыстовага і Калядаў. І, канечне, гэта самыя цудоўныя дні году, калі спадзяесься на цуд, просіш у Бога цуду і дзякуеш Богу за Ягонае нараджэньне, за надзею, якую Ён прынёс у сьвет. Таму ўсіх віншую са сьвятам Нараджэньня Хрыстовага, самым сьветлым сьвятам, і жадаю добрых пераменаў для нашых беларусаў, для ўсёй краіны, а таксама для сябе і сваёй сям’і».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG