Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая забава для хакейных пэнсіянэраў


Сёньня ў Менску стартуе Калядны хакейны турнір, які афіцыйная прапаганда называе «чэмпіянатам сьвету сярод аматараў».

Зьбіраюцца на яго пераважна хакейныя пэнсіянэры — былыя спартоўцы-аматары, якія з прычыны ўзросту даўно ўжо не гуляюць у клюбах. У што выліваюцца хакейныя забавы для бюджэту і падаткаплатнікаў.

Дзясяты па ліку міжнародны турнір аматараў хакею на прыз прэзыдэнта Беларусі пройдзе адразу на чатырох лядовых пляцоўках сталіцы. Асноўную нагрузку возьме на сябе нядаўна адчынены даўгабуд «Чыжоўка-Арэна».

На турнір прыехалі зборныя тузіну краінаў — на чатыры больш, чым у папярэднія гады. Хакейныя «пэнсіянэры» амаль тыдзень змогуць гуляць і адпачываць за кошт гаспадароў. Выдаткі — ад пералёту да пражываньня — аплочвае прымаючы бок. І калі для гасьцей мерапрыемства збольшага выглядае як шоў, то прынцыпова іншы падыход у каманды Беларусі: дружына Лукашэнкі сем разоў выйгравала турнір і двойчы саступала ў фінале расейцам.

Зрэшты, сакрэт «непераможнасьці» досыць просты. Здабыткам галоснасьці ўжо станавілася ігнараваньне беларусамі нормаў «фэйр-плэй», калі касьцяк нібыта аматарскай каманды складалі дзейныя ці былыя прафэсіяналы. Летась лукашэнкаўскую зборную нават дыскваліфікавалі з Усерасейскага фэстывалю аматарскага хакею ў Сочы. Зрэшты, беларускія ідэолягі тады назвалі сапраўднага вінаватага: гэта нібыта быў прэзыдэнт Кантынэнтальнай хакейнай лігі, намесьнік старшыні праўленьня «Газпрома» Аляксандар Мядзьведзеў, які гуляў за «Неўскі легіён» і вельмі хацеў перамагчы.

Тым часам начальнік упраўленьня Міністэрства спорту і турызму Сяргей Раманаў упэўнены, што нездарма менскі Калядны турнір называюць «неафіцыйным чэмпіянатам сьвету сярод аматарскіх камандаў»:

«Гэты турнір хоць і называецца аматарскім, але ў той жа час у ім бяруць удзел вялікія і найвялікшыя гульцы нашай з вамі сучаснасьці. Зразумела, што гэта ня толькі ўсіх аб’ядноўвае, але і працягвае добрыя традыцыі, запачаткаваныя раней. З аднаго боку — легендарныя хакеісты, а зь іншага боку да іх падцягваюцца аматары. Таму вельмі высокі, вельмі добры дух гэтага турніру якраз у гэтым і палягае».

Нягледзячы на растыражаваныя афіцыйнымі СМІ заявы — маўляў, сёлетні турнір стане «рэпэтыцыяй чэмпіянату сьвету», які ў траўні 2014-га пройдзе ў Менску — інтарэс да лякальнага мерапрыемства невялікі. Пры гэтым разнарадак, каб запоўніць трыбуны, ніхто не адмяняў. Як расказваюць бацькі школьнікаў, выглядае, што рэшту вакацыяў дзеці мусяць правесьці за імітацыяй бурнай падтрымкі прэзыдэнта і ягонай супэркаманды:

«Затэлефанавала клясная кіраўніца, запытала, ці ў горадзе дзіця. Запрасіла на каток. Калі я паспрабавала ўдакладніць, аказалася, што на хакей. Але
школам проста скідаюць разнарадку, каб сабраць пэўную колькасьць дзетак
паколькі мы ня ходзім на падобныя „сьвяты“, то, канечне, было адмоўлена. Хоць некаторыя аднаклясьнікі пагадзіліся: праўда, думаюць, што ідуць на дзіцячае сьвята, у якім будуць удзельнічаць дзеці, а зусім не пэнсіянэры-хакеісты. Я так разумею, што школам проста скідаюць разнарадку, каб сабраць пэўную колькасьць дзетак, і яны максымальна задзейнічаюць адміністрацыйны рэсурс. Адзін час ад „мабілізацыі“ нібыта адмовіліся, але гляджу, што зноў пачалі актыўна цягаць на такія турніры. На прафэсійныя гульні, на якія мы б пайшлі з задавальненьнем, нас не запрашаюць, а на такую вось ерундзень, якая нібыта супэрпапулярная і стаіць ува ўсіх раскладах спартовых мерапрыемстваў, аказваецца, трэба сілком зганяць. Здавалася б, туды людзі самі павінны хадзіць, тым больш яшчэ і бясплатна».

Арганізацыя турніраў, якія абмяжоўваюцца спробай зарабіць іміджавыя ачкі і не перасьледуюць камэрцыйных мэтаў, — рэч надзвычай затратная. Удзельнікаў селяць у высаказоркавыя гатэлі, забясьпечваюць харчаваньнем і транспартам. З улікам таго, што аднамесцавы нумар каштуе ў сярэднім 150 даляраў за суткі, а мінімальны склад каманды — 26 чалавек плюс трэнэры і мэдыкі, амаль за тыдзень чальцы 12 камандаў праядуць і прап’юць сама меней 200 тысяч даляраў. Гэты ня лічачы банкетаў і дарагіх падарункаў.

Ці апраўданыя спробы стварыць вобраз магутнай хакейнай дзяржавы, запрашаючы ў якасьці іміджмэйкераў састарэлых аматараў гэтага віду спорту? Хакейны агент Андрэй Грум-Гржымайла лічыць, што ў Беларусі адпачатку няправільна выбудоўваецца ўся хакейная інфраструктура, таму здабыць нейкія дывідэнды праз турнір местачковага ўзроўню наўрад ці ўдасца:

Андрэй Грум-Гржымайла
Андрэй Грум-Гржымайла
«Ну так, гэта добра, гэта аздараўленьне нацыі. Усё нібыта правільна і зразумела. Але можна было гэта зрабіць інакш. У нас вырашылі проста будаваць палацы. Маўляў, у Фінляндыі вось столькі арэнаў, і ў нас павінна быць ня меней. Ды нічога і блізка ня будзе: Фінляндыя адпачатку паўночная краіна, і там адпачатку разьвіваўся хакей — яны на генным узроўні і без палацаў могуць выдатна гуляць. Таму ўсё выглядае як прафанацыя, не зусім прадуманая геаграфічна. То бок — ня ўсюды трэба было будаваць і ў такіх колькасьцях. Дастаткова было выбраць некалькі традыцыйных цэнтраў, там разьвіваць гэты від спорту, арганізаваць школы і г.д. На тыя сродкі, якія кінулі ў Пружаны, лепш бы стварылі дзіцяча-юнацкую школу ў Наваполацку, дзе хакейныя традыцыі сапраўды моцныя. Прынамсі, выхад быў бы абсалютна іншы. А то ўсюды набудавалі, а ў Наваполацку палац дагэтуль стары, хоць трэба было проста капітальна рэканструяваць. Не магу зрабіць ніякіх пазытыўных высноваў, бо я часам проста не разумею нашу ўладу».

Аляксандар Лукашэнка ня раз адказваў крытыкам, што ня траціць дзяржаўныя сродкі на такога кшталту імпрэзы. Але пры гэтым не ўдакладняе, адкуль бяруцца немалыя грошы на забавы для хакейных вэтэранаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG