Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая ахвяра «Чыжоўка-Арэны»


Хакейны чэмпіянат сьвету 2014 году можа каштаваць ня толькі пасадаў, але і волі некаторым высокапастаўленым чыноўнікам. Першыя вінаватыя за зацягваньне здачы тэрмінаў спартовых аб’ектаў ужо знойдзеныя.

Сьледчы камітэт пацьвердзіў зьвесткі пра затрыманьне Эдуарда Зотава — генэральнага дырэктара аднаго з флягманаў беларускага хакею, каманды «Юнацтва». Папярэдні тэрмін утрыманьня пад вартай — два месяцы. За некалькі дзён да арышту Зотаў быў звольнены з пасады за нездавальняючыя паказьнікі ўзьвядзеньня «Чыжоўка-Арэны» — другой паводле значнасьці пляцоўкі, дзе будуць праходзіць матчы ўсясьветнага першынства.

Як паведамілі ў ведамстве, у адносінах да Зотава распачатая крымінальная справа па артыкуле «Крадзёж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі».

Хакейны клюб «Юнацтва», які зьбіраецца пераехаць у новы хакейны палац, мае статус упраўляючай арганізацыі і ўвесь працэс будаўніцтва знаходзіўся пад кантролем яго кіраўніцтва. Аднак шматлікія суботнікі, у якіх бралі ўдзел гульцы, трэнэры і адміністрацыя, прысьпешыць працы ня здолелі.

Яшчэ сёлета ў жніўні Зотаў запэўніваў адміністрацыю прэзыдэнта, што комплекс будзе зарабляць «на кожным сваім квадратным мэтры», паабяцаўшы вывесьці яго на самаакупнасьць да 2017 году. Паводле Зотава, сфармаваны адмысловы бізнэс-плян: 30% паступленьняў складуць прыбыткі ад грамадзкага харчаваньня, 70% — ад платных паслугаў. Істотную долю даходаў меркавалася пераарыентаваць у скарбонку «Юнацтву», на балянс якога пераходзіла «Чыжоўка-Арэна».

Аднак тэрміны здачы аб’екту неаднаразова адкладаліся і да скрайняй даты 7 лістапада, вызначанай Аляксандрам Лукашэнкам, удалося адкрыць толькі трэніровачную «каробку» без трыбунаў. На заканчэньне працаў адказныя асобы папрасілі яшчэ мінімум месяц. Дарэчы, у «Чыжоўцы-Арэны» ўжо прызначаны традыцыйны Калядны турнір на прыз прэзыдэнта, у якім бярэ ўдзел і каманда Лукашэнкі, і калі будоўля ня будзе завершаная, то гэта можа каштаваць кар’еры яшчэ не аднаму чыноўніку і спартоваму функцыянэру. Лукашэнка неаднаразова крытыкаваў старшыню Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцьку і ягоных падначаленых за марудныя тэмпы будаўніцтва, паабяцаўшы адпаведныя аргвысновы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG