Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Астраўцоў пра «Белавескі гамбіт» Кебіча


Віскулі, 8 сьнежня 1991 году
Віскулі, 8 сьнежня 1991 году
Вячаслаў Кебіч быў прэм’ер-міністрам у вельмі важны для Беларусі час (1990-1994), удзельнічаў у перамовах у Віскулях. 8 сьнежня 1991 году лідэры Беларусі, Украіны і Расеі дэнансавалі там саюзную дамову аб стварэньні СССР і заснавалі Саюз Незалежных Дзяржаваў. Пазьней Кебіч стаў супернікам Лукашэнкі ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў. Асоба не абы якая, ягоныя мэмуары пад назваю «Беловежский гамбит» самі прасіліся ў рукі. Кнігу варта прачытаць дзеля таго, каб ведаць – хто намі кіраваў.

У анатацыі гаворыцца, што кнігу «адрозьніваюць палітычная бесстароннасьць і аб’ектыўнасьць». Але аўтар бадай не зьвяртае на гэта ўвагі. Белавескія пагадненьні Вячаслаў Кебіч называе «сообразить на троих». Вялікім чорным шрыфтам выдзяляецца напэўна вельмі каштоўная думка: «Михаил Горбачев послал Станислава Шушкевича на три буквы. Но это ничего не меняло. И сам он уже находился по тому же адресу». Аўтар намякае, што «Всевышний» некалі можа спытаць за «злодеяние» – скасаваньне «краіны ваяўнічых бязбожнікаў» СССР. Сьмешна! У «Всевышнего» яўна было вялікае сьвята 8 сьнежня 1991. Калі ён, канечне, ня быў агентам КДБ.

Ня лішне нагадаць мэмуарысту, што пасьля 8 сьнежня 1991 году нікога не забілі, рэспублікі зрабілі мірны развод, але засталіся разам. І гэта быў цуд. Паколькі існаваньне СССР, прычым у мірны час, каштавала свабоды і жыцьця мільёнам савецкіх жыхароў. Ці Кебічу невядома пра ГУЛАГ? Яшчэ мільёнам – членам сем’яў «ворагаў народу» – было паламанае жыцьцё.

Што каштоўнае ў любых мэмуарах? Адказ на паверхні: тое, пра што не раскажа ніхто іншы, апроч цябе. Я бачыў, я ўдзельнічаў! Я ведаю аб закулісных справах, бо я быў палітыкам зь першага шэрагу, і толькі я адзін магу расказаць аб гэтым… І мы, чытачы, прагныя даведацца зь першых рук: як спадар Кебіч удзельнічаў у складаньні канстытуцыі 1994 году, як быў упэўнены у сваёй перамозе на выбарах, што зьбіраўся рабіць зь Беларусьсю, калі стане прэзыдэнтам? Што скажа пра «тэледэбаты» з Лукашэнкам, на якіх толькі апраўдваўся? Альбо – пра вядомы, але няўцямны тэлесюжэт часоў выбарчай кампаніі: адзін з нардэпаў лятаў у Кітай, і ў кагосьці штосьці зьнікла ў самалёце.

А ён замест гэтага надрукаваў, можна сказаць, разгорнутую палітінфармацыю на трыста старонак. Такога стылю мог трымацца некалі нампаліт Савецкай арміі або прапагандыст ідэалягічнага аддзелу ЦК КПБ. Кнізе востра бракуе жывога слова. Аўтар болей выявіў сябе не як сапраўдны мэмуарыст, а як дбайны глядач расейскіх тэлеканалаў і чытач газэт. Бясконцыя кавалкі тэкстаў з прэсы, нават з ток-шоў, могуць сьведчыць толькі пра адно: брак сваіх думак. Нястрымнае цытаваньне СМІ было б апраўдана толькі ў адным выпадку: каб ніхто з чытачоў ня меў тэлевізара, як некалі бывала на вёсцы, і натоўп чакаў, калі Кебіч выйдзе на балькон і паведаміць што цяпер ідзе па «яшчыку». А для іншагародніх, зразумела, надрукуе сваю кнігу, калі шчыра, месцамі – у пэўным сэнсе дайджэст.

Няёмка чытаць, як аўтар некрытычна паўтарае за былым падпалкоўнікам КДБ, для якога галоўнай задачай было берагчы Савецкі Саюз як тую «зрэнку вока», што цывілізаваная адмена СССР сталася «величайшей трагедией ХХ века». Хаця чытачам выдатна вядома, што раней галоўнай трагедыяй была «Вялікая», як яе напачатку называлі, Першая Сусьветная вайна (1914-1918), якая выклікала яшчэ больш жахлівую – Другую Сусьветную.

Вось лічбы: Антанта страціла 5 мільёнаў 600 тысяч салдат, Нямеччына – 2 мільёны, Аўстра-Вугоршчына – 1,5 мільёна, і гэтак далей. Значна больш было параненых і скалечаных. Толькі Расея не далічылася забітымі і памерлымі ад хвароб амаль 1 мільён 700 тысяч вайскоўцаў плюс 1 мільён мірных жыхароў, сярод якіх былі і беларусы. А потым, як добра памятае спадар Кебіч, была ня менш крывавая Грамадзянская вайна. Ня кажучы, што мільён чалавек ратаваліся на чужыне, каб не загінуць ад рук бальшавікоў. Няўжо для аўтара «Гамбіту» гэта проста «рабочыя моманты» гісторыі?

Агульнавядома таксама, колькі народу загінула ад вайны Гітлера. Аднак варта нагадаць пра «могілкі вёсак» у Хатыні. Вось сапраўдная беларуская трагедыя, зь якіх складалася агульнаэўрапейская. Але што для аўтара мы, калі ён нават слова «Беларусь» ня ведае? Толькі – «Белоруссия». І выказвае вялікае задавальненьне, што «пакрыўджаная» расейская мова даўно зноў на галоўным месцы ў «Белоруссии». Яго не цікавіць, што ў пануючым становішчы расейскай нічога не мянялася, проста мове ягонага народу далі часова дыхнуць паветра, але затым вярнулі назад у хлеў як быдла. Ці можа сапраўдны палітык цешыцца з гэтага? Але ён нават выказвае задавальненьне, што ў Вільні дзейнічаюць расейскія гімназіі, школы, дзіцячыя садкі.

Хаця часам чытаць цікава: калі аўтар апавядае пра жывыя ўражаньні. Напрыклад, калі Ельцын у Менску ў Вярхоўным Савеце зрабіў «дарунак беларускаму народу» – «Ахоўную грамату Воршы» 1664 году ад маскоўскага цара-захопніка. Нечакана Кебіч вельмі цікава, спакойна распавядае пра паразу маскоўскага войска пад Воршай у 1514 годзе (тлумачачы: калі кніга раптам трапіць у рукі неабазнанаму расейскаму чытачу). Але выснова выклікае ў мяне выбух сьмеху: «Белорусы воевали с русскими не потому, что считали их своими кровными врагами, а потому что были мобилизованы в противостоящую им армию». Вы разумееце: не таму, што гэта былі акупанты, якія несьлі сьмерць беларускім гарадам і вёскам, а таму, што дурні-беларусы ня здолелі ад рэкруцкага набору па лясох разьбегчыся! Сапраўдны анэкдот!

Месцамі Кебіч яшчэ больш зьдзіўляе. Абсалютна спакойна, як пра нармальныя рэчы, піша, што «российские спецслужбы перехватили секретный разговор» кіраўніка Беларусі Шушкевіча з кіраўніком нацбанку Багданкевічам. Калі нехта за незалежнасьць Беларусі і не пралівае сьлёзы па СССР – то ён у аўтара абавязкова «оголтелый националист». Да слова: аўтар піша, што пасьля 8 сьнежня 1991 году Беларусь атрымала сувэрэнітэт. Але ня трэба забывацца, што дэклярацыя аб сувэрэнітэце была прынятая яшчэ 27 ліпеня 1990-га. А пасьля Віскулёў зьявілася рэальная магчымасьць гэтую дэклярацыю ўвасобіць у жыцьцё. І яшчэ заўвага. Аўтар мабыць не ўсьведамляе, што нельга ўвесь час непачціва адгукацца пра пачцівых людзей, якіх няма або якіх трэціруе ўлада: гэта робіць вельмі дрэннае ўражаньне.

Не даспадобы Кебічу прагныя да падвойнага «залатога цяльца» – улады і грошай. У кнізе амаль што філіпікі супраць нахабнасьці тых, хто дарваўся да ўлады, зрабіўшы бязьмежнай, хто купаецца ў грошах. Здавалася б, зараз мэмуарыст скажа штосьці важнае. Але ж не! У стылі газэты «Правда» адразу пераводзіць стрэлкі на арабскіх шэйхаў. Не даюць спакою аўтару яхты Абрамовіча. Але што беларускаму чытачу да расейскіх алігархаў? Праўда, ён успамінае (звычайна безасабова) пра мясцовых «несумленных начальнікаў». Але яны, паводле Кебіча, ня маюць шанцаў: строгі, але справядлівы прэзыдэнт выводзіць на чыстую ваду тых, «хто ў нас яшчэ чэсна жыць ня хоча».

Раз мэмуарыст гэтак супраць бязьмежнай улады, ён павінен даць ацэнку ўнікальнаму ўчынку, аб якім узгадвае – добраахвотнай адмове Барыса Ельцына ад свайго прэзыдэнцтва. Аднак ніякай ацэнкі Кебіч не дае, малюючы Ельцына выключна чорнай фарбай. Ня выключана: падсьвядома помсьцячы за тое, што ў Віскулях «За каждую одобренную главами делегаций статью я по просьбе Ельцина подносил всем по фужеру «Советскога» шампанского». Як выходзіць, замест кельнэра. Зрэшты, у такія рэдкія моманты ён робіцца шчырым, прычым піша пра гэтую сваю ролю нечакана безь ніякага раздражненьня. Аб чым гэта можа сьведчыць? Аб тым, што ўзаемапаразуменьне існавала, што не лічыў ён сябе і астатніх палітыкаў «государственными преступниками», аб якіх з пушчы паведаміў на Лубянку начальнік рэспубліканскага КДБ Шыркоўскі. Зрэшты, так і піша мэмуарыст – «мы так радовались», калі ўзгадвае пра стварэньне СНД.

Аднак цяпер Кебічу вельмі хочацца апраўдацца: ня ведаў, не здагадваўся – дзеля чаго сабраліся ў Віскулях, да чаго ўсё ішло. Чаму хочацца? Бадай гэта сакрэт полішынэля. За радкамі нібы прачытваецца «мэсыдж» наверх: цалкам і поўнасьцю «за»!

Не хацелася б, каб уяўны адрасат ўзяў у будучыні за ўзор мэмуары Кебіча, інакш мы зь іх даведаемся толькі, якім дрэнным быў БНФ і беларуская мова, якая расейскай «в подмётки не годится», плюс пераказ падшыўкі «Советской Белоруссии».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG