Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год 2013 для зэкаў і іхніх сем’яў


Чым быў адметны 2013 год для беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы і тых, хто ў ёй апынуўся. Як вынікае з гадавой справаздачы праваабаронцаў «Плятформы», гэты год, на жаль, не прынёс нейкіх пазытыўных зьменаў, хоць малыя станоўчыя зрухі і былі.

Праваабаронцы: «Пры некаторых станоўчых зьменах увогуле стала горш»


Паводле намесьніцы дырэктара «Плятформы» Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, самы істотны момант — той, што ў папраўчых установах Беларусі значна — дзесьці на 12 тысяч — скарацілася колькасьць асуджаных.

Алена Красоўская-Касьпяровіч
Алена Красоўская-Касьпяровіч
«Мы лічым, што ў маштабах нашай краіны гэта вельмі нядрэнны паказчык. Паводле апошніх дадзеных, цяпер у пэнітэнцыярных установах краіны ўтрымліваецца парадку 38 тысяч асуджаных, а летась было каля 50 тысяч. Гэтыя лічбы нам удалося атрымаць у адказ на наш запыт у адпаведныя інстанцыі, і да таго ж мы іх спраўдзілі самі — шляхам розных падлікаў ды апытаньняў. Гэткую тэндэнцыю можна патлумачыць эканамічнай сытуацыяй у краіне, а таксама тым, што часьцей, чым раней, у якасьці пакараньня сталі ўжывацца такія віды абмежаваньня волі, як „хімія“, розныя кантролі і іншыя захады, не зьвязаныя з турэмным зьняволеньнем».

Праваабаронца адзначае і некаторыя іншыя станоўчыя зрухі, якія, на яе погляд, зьвязаныя з актыўнасьцю грамадзянскай супольнасьці:

«У некаторых папраўчых калёніях сталі лепш карміць асуджаных, у некаторых павысілі заробкі зьняволеным, якія працуюць. Гэта можа быць зьвязана і з сыгналамі пра сытуацыю ў беларускіх турмах, якія ідуць ад грамадзянскай супольнасьці, а таксама з рэакцыяй на іх з боку міжнароднай грамадзкасьці», — адзначае Алёна Красоўская-Касьпяровіч.

У астатнім 2013-ты, як гаворыцца ў справаздачы «плятформаўцаў», быў для беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы і яе насельнікаў горшым за мінулы 2012-ты. Сёлета ў краіне — адзінай у Эўропе, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне — было вынесена больш расстрэльных выракаў, чым летась. Цяпер выкананьня прысуду ў камэрах сьмяротнікаў на «Валадарцы» чакаюць чацьвёра. Па-ранейшаму ў турмах Беларусі ўтрымліваюцца людзі, пакараныя за палітычныя погляды, па-ранейшаму шмат прысудаў, якія не адэкватныя характару злачынстваў. Да таго ж у 2013 годзе не было амністыі. Паколькі амністыя плянуецца задоўга да яе ўступленьня ў сілу, хутчэй за ўсё, ня трэба чакаць яе і ў 2014-м. Сёлета ўвосень Саўмін прыняў пастанову пра вылічэньне з даходаў асуджаных да 90% грошай, і гэтыя вылічэньні з разьліковых рахункаў вязьняў ужо робяцца. У сувязі з пазалеташняй ліквідацыяй у краіне галоўнай турэмнай бальніцы на 300 койкамесцаў сытуацыя з хворымі вязьнямі сёлета стала яшчэ больш катастрафічнай. Паводле ацэнак адмыслоўцаў, сьмяротнасьць у месцах пазбаўленьня волі ўзрасла на 35–40%.

А цяпер больш падрабязна пра тое, якім быў 2013-ты для некаторых асуджаных ды іхніх сем’яў.

Турэмнае мэдабсьледаваньне: адзін лекар захварэў, другі — у адпачынку


Напярэдадні Новага 2014 году асуджаны на 4,5 года зьняволеньня фігурант справы анархістаў, палітвязень Магілёўскай крытай турмы Мікола Дзядок захварэў і трапіў у турэмны шпіталь. Дакладней, у Жодзінскую турму, дзе пасьля ліквідацыі галоўнай турэмнай бальніцы ў Менску арыштантам аказваюць некаторыя віды мэдычнай дапамогі. Увесьці ў эксплюатацыю галоўны турэмны шпіталь у Калядзічах спачатку плянавалася ў тым жа 2011 годзе, калі ліквідавалі менскую ПК-1, пры якой шпіталь быў дагэтуль. Але гэты тэрмін раз за разам пераносіцца. Паводле апошніх зьвестак, цяпер «бальнічку» абяцаюць здаць да 2015-га. А якасьць і аб’ём мэдычнай дапамогі ў Жодзіне (170 койкамесцаў) адмыслоўцы называюць больш чым недастатковымі.

Макет новага турэмнага шпіталю




Паводле жонкі Міколы Дзядка Леры Хоцінай, яе муж і раней меў страўнікава-кішачныя праблемы. Ва ўмовах няволі захворваньне абвастрылася, зьявілася эрозія на сьлізістай абалонцы страўніка і характэрныя для яе прыступы болю. Адсутнасьць своечасовай дыягностыкі ды адэкватнага лячэньня можа прывесьці да самых сур’ёзных наступстваў. Відавочна, што Міколу Дзядку было настолькі кепска, што адміністрацыя Магілёўскай «крыткі» не рызыкнула абмежавацца дапамогай уласнай санчасткі. Таму на самым пачатку сьнежня палітвязень быў этапаваны ў Жодзіна, дзе яму прызначалі некалькі відаў абсьледаваньня, у тым ліку фібрагастраскапію. Але атрымаць лячэньне ў неабходным аб’ёме не ўдалося...

«Калі Мікола прыбыў у Жодзіна, лекар, які рабіў УЗІ, захварэў, а другі лекар-
дыетычнае харчаваньне — тут і яйка, і кавалачак масла. Карацей, кормяць лепш, чым звычайна
дыягност таксама ці то ў адпачынак сышоў, ці то захварэў. У выніку Міколу лячылі мэдыкамэнтозна пару тыдняў і сказалі, што ён можа або застацца і працягваць такое лекаваньне, або вярнуцца назад — і тады, магчыма, пройдзе абсьледаваньне ўжо потым, калі дыягносты будуць на месцы. Хто ведае, як там атрымаецца насамрэч. Але Мікола вырашыў вярнуцца, бо Жодзіна, незалежна ад таго, што ты ў шпіталі, гэта тая ж турма. Толькі ў параўнаньні з магілёўскай тут незнаёмая абстаноўка. А ў Магілёве Мікола ўжо неяк прывык да сваіх сукамэрнікаў. Пасьля шпіталя я атрымала ад Міколы пакуль толькі адзін ліст. Нядаўна ён яшчэ і пазваніў. Кажа, што яму цягам месяца прызначанае дыетычнае харчаваньне — тут і яйка, і кавалачак масла. Карацей, кормяць лепш, чым звычайна».

Даслаць нейкія дыетычныя прадукты Міколу сваякі ня могуць — забаронена ўмовамі рэжыму, гэтаксама як і працяглыя спатканьні. Дазволеныя толькі мэдычная ды кніжная бандэролі.

Чарговы, трэці Новы год за кратамі Мікола будзе сустракаць у кампаніі яшчэ двух сукамэрнікаў. Тэлевізара ў камэры няма — толькі радыё. У сувязі са сьвятамі адбой будзе на пару гадзінаў пазьней, чым звычайна. Да канца тэрміну 25-гадоваму Міколу Дзядку засталося 15 месяцаў. Апошні раз ён бачыўся з жонкай год таму, гэта было кароткатэрміновае спатканьне праз шкло.


«Дзевяць гадоў — як адзін даўгі-даўгі год»


Для сям’і менчукоў Кучураў 2013 год быў адным з найцяжэйшых за ўсю дзевяцігадовую гісторыю адседкі мужа і бацькі. 26 сьнежня рашэньнем Магілёўскага суду асуджаны ПК-15 Пётар Кучура быў прызнаны злосным парушальнікам рэжыму, а таму павінен адбыць бліжэйшыя тры гады ў крытай Магілёўскай турме. Акрамя палітвязьня Міколы Дзядка, раней паводле таго ж артыкула 411 сюды перавялі былога кандыдата на прэзыдэнта Міколу Статкевіча ды моладзевага грамадзкага актывіста Яўгена Васьковіча.

Пра гісторыю Пятра Кучуры, які атрымаў 18 гадоў няволі за тое, што апынуўся ня ў тым месцы ня ў той час, нямала пісалі СМІ і расказвала наша праграма.

Кучура: «Усе гэтыя дзевяць гадоў для мяне — як адзін даўгі-даўгі год. Прычым год вельмі страшны. Магчыма, калі б муж насамрэч некага забіў, было б лягчэй. Прыняў бы пакараньне як дадзенасьць... Але ж калі ведаеш, што гэта ня так, калі маеш доказы адваката, іншых юрыстаў, то, паверце, гэта ўсё ў дзясяткі разоў цяжэй. Ужо даўно ня маю ад мужа тэлефанаваньняў. Лісты даходзяць далёка ня ўсе. Калі я пачала пісаць у гэтай сувязі скаргі, мне патлумачылі, што адзін ліст мужа быў зьнішчаны цэнзарам, бо муж дазволіў сабе нецэнзурна выказацца».

Сям'я Кучура
Сям'я Кучура


Як мяркуе Людміла Кучура, пры цяперашнім стане судовай сыстэмы ў краіне ніхто не захоча перагляду справы, бо яна закранае інтарэсы высокага беларускага чыноўніка. Жанчына не выключае, што зьдзекі зь яе 58-гадовага Пятра, які «да таго ж займеў інваліднасьць за кратамі, будуць працягвацца».

Апошні раз Людміла бачыла свайго мужа сёлета ў красавіку падчас працяглага спатканьня ў калёніі. Ён прасіў перадаць некаторыя лекі, неабходныя пры ягоным кардыялягічным захворваньні, а таксама мэдыкамэнты ад грыбка, які завёўся ад кірзавага абутку. Менавіта такі абутак мусяць насіць вязьні. За яго, як і за турэмную робу і за ўвесь турэмны «сэрвіс» усе асуджаныя без выключэньня абавязаныя плаціць папраўчай установе, прычым зусім не малыя грошы. Падобная сытуацыя і стала для Людмілы падставай, каб пайсьці на прыём да кіраўніцтва Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. У ДВП жанчыне паабяцалі ва ўсім разабрацца. У выніку яе мужа спачатку зьмясьцілі ў ШЫЗА, потым у ПКТ, а вось цяпер увогуле перавялі ў «крытую» турму.

«Вы нават і не ўяўляеце, колькі каштуе зэкам турэмная камуналка»


Напярэдадні Новага году Людміла Кучура атрымала ліст з МУС, у якім на ранейшую ейную просьбу даюцца дэталёвую справаздачу наконт спагнаньняў зь вязьняў за турэмныя камунальныя паслугі.







Кучура: Вы нават уявіць сабе ня можаце, колькі каштуе асуджаным іх, так бы мовіць, жытло ды камунальныя паслугі, калі тая ж гарачая вада — раз на тыдзень, ацяпленьне недастатковае і г.д. Мой муж за сваю агульную плошчу (кубрык на 25–30 чалавек, дзе настаўленыя двух’ярусныя ложкі, недзе 30 квадратных мэтраў) плаціць прыкладна столькі ж, колькі я за нашу трохпакаёвую кватэру. За студзень у яго вылічылі больш за 300 тысяч рублёў на камуналку, за люты — каля 400. Летам было крыху менш. Дарэчы, у мяне ёсьць раздрукоўка, колькі ўсе насельнікі калёніі, а гэта 1700 чалавек, заплацілі агулам за турэмную камуналку ў ліпені. Гэта прыкладна 365 мільёнаў рублёў на ўсіх і дзесьці 200 зь нечым тысяч на кожнага. Але ж я ведаю, што ёсьць шмат тых, хто не працуе або атрымлівае заробкі 5–10 тысяч. З чаго яны могуць аплачваць такую камуналку? Я думаю, што ўсё пакрываецца з рахункаў розных пэнсіянэраў, такіх, як мой муж. Пэнсіянэры — гэта залатая жыла для зоны. А ўвогуле турма — гэта вельмі-вельмі дорага для сямейнікаў.

Калі ўбачыць мужа ізноў, жанчына ня ведае.


«Сёлета бачыла Алеся толькі аднойчы. Праз шкло»


Для Натальлі Пінчук, жонкі асуджанага бабруйскай калёніі палітвязьня Алеся Бяляцкага, галоўная прыкмета году — рэзкае скарачэньне кантактаў з мужам. Сёлета Натальля бачыла яго толькі аднойчы ў жніўні на кароткатэрміновым спатканьні. Працяглых спатканьняў (іх у адпаведнасьці з рэжымам утрыманьня можа быць да трох на год) увогуле не было. Тэлефанаваньні таксама нерэгулярныя. Галоўны сродак сувязі са зьняволеным — ліставаньне.

Алесь Бяляцкі піша, што надалей працуе ўпакоўшчыкам на швачнай вытворчасьці, а ў вольны час рыхтуе да выданьня сваю другую турэмную кнігу. Гэта ўспаміны пра тое, як стваралася «Вясна», пра тыя часы, калі ён быў у антыкамуністычным моладзевым падпольлі, пра сябра Віктара Івашкевіча ды іншых... Першая, так бы мовіць, «турэмная» кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай» выйшла сёлета і атрымала дыплём конкурсу імя Францішка Аляхновіча за лепшы твор, напісаны ў зьняволеньні.

Натальля Пінчук
Натальля Пінчук
«Так атрымалася, што, выбраўшы свой шлях у літаратуру, імкнучыся займацца літаратуразнаўствам, Алесь неяк і ня меў часу гэтым займацца, — кажа Натальля Пінчук. — Аднак дзьве кнігі ўсё ж выдаў — у 1991 і 2006 гадах. Яшчэ на волі пачаў рыхтаваць „Асьвечаных беларушчынай“. Заканчваў працу над гэтай кнігай ужо ў вязьніцы. Цяпер піша яшчэ адну. Не хацелася б сьцьвярджаць, што турма стала сымбалем яго творчай дзейнасьці. Але спадзяюся, што турма скончыцца і Алесь будзе займацца літаратурай ужо на волі».

Паводле Натальлі Пінчук, прэмія імя Францішка Аляхновіча стала адной з самых добрых падзеяў году. Найперш для тых, хто дазваляе сабе заставацца свабодным за кратамі.

«Што б вы напярэдадні Новага году пажадалі тым, хто за кратамі?»


«Што б вы напярэдадні Новага году пажадалі тым, хто за кратамі? На вашу думку, больш ці менш людзей будуць садзіць у вязьніцы ў 2014-м?» — такія пытаньні наш карэспандэнт задаў мінакам непадалёк ад «крытай» турмы ў Магілёве.

Наўпроставы лінк


Як паказала апытаньне, пераважная большасьць яго ўдзельнікаў са спагадай ставяцца да зьняволеных, зычаць ім свабоды і раскаяньня. Апытаныя таксама прызнаюць, што да злачынстваў людзей штурхаюць умовы цяперашняга жыцьця.

Тым часам самі асуджаныя называюць Новы год у папраўчых установах сумным сьвятам, бо яго даводзіцца сустракаць бяз блізкіх ды родных. Усё выглядае досыць сьціпла. Кожны імкнецца напярэдадні сустрэчы Новага году запарыць кубак гарбаты і пасядзець у малым коле так званых «сямейнікаў» (звычайна гэта 2–4 чалавекі ў атрадзе, якія маюць «агульны стол»)... У апошнія дні старога году асуджаныя традыцыйна ладзяць штосьці кшталту школьных ранішнікаў — па зоне ходзяць Дзед Мароз ды Сьнягурка зь пераапранутых асуджаных, зразумела, у суправаджэньні супрацоўнікаў папраўчай установы.

Гэты звычай, які ўзьнік у турмах яшчэ ў савецкія часы, захоўваецца ў калёніях былых савецкіх рэспублік і цяпер. Вось так сустракаюць Новы год у мужчынскай ды жаночых калёніях Малдовы.

Новы год у Крыкаўскай калёніі ў Малдове




Новы год у жаночай калёніі ў Малдове




«Працяглыя спатканьні ў сьвяты сьвецяць актыву»


Большасьць вязьняў, якіх чакаюць дома, мараць сустрэць Новы год з блізкімі, хоць бы ў маленькім пакойчыку турэмнага гатэля. Аднак у шмат якіх калёніях пакоі для працяглых спатканьняў на гэты час зачыненыя, а там, дзе яны працуюць, разьлічваць на падобныя сустрэчы могуць толькі прадстаўнікі так званага «актыву» — тыя, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй.

Удава асуджанага Алёна Красоўская-Касьпяровіч кажа, што многія жонкі або маці зэкаў, улічваючы вялікія перадсьвяточныя натоўпы гасьцей у калёніі, калі ў гатэлях занятыя пакоі, кухні, душы, імкнуцца сустрэцца з блізкімі да ці пасьля сьвятаў. Пераносяць нават па магчымасьці і кароткатэрміновыя спатканьні. Звычайна яны працягваюцца дзьве гадзіны, але перад сьвятамі гэты час могуць істотна скараціць, і не пасьпееш сказаць чалавеку галоўнага.

Таму «кемлівыя зэкаўскія сем’і імкнуліся прыехаць недзе ў канцы сьнежня і арганізаваць на гэты час харчовую перадачу. Спачатку асуджаны атрымлівае станоўчыя пачуцьці ад сустрэчы зь сям’ёй, а потым узгадвае сваіх блізкіх за навагоднім сталом, на якім стаяць розныя хатнія прысмакі», — кажа Алёна.

Карэспандэнтка: Ад адной знаёмай маці палітвязьня, якая гэтымі днямі вярнулася з працяглага спатканьня з сынам, чула, што нямала зьняволеных адмаўляюцца ад працяглых сустрэчаў з блізкімі, калі яны, як кажуць, «пустыя» — то бок калі на спатканьне нельга ўзяць харчовую перадачу. Ці даводзілася маёй суразмоўніцы сустракацца з падобнымі выпадкамі?

Красоўская-Касьпяровіч: «Не выключаю, што такое можа быць. Вядома, гэта вельмі непрыемна, калі блізкія патрэбныя, каб прывезьці нейкую перадачу. Але
Турма — гэта выпрабаваньне для сямейнікаў, але, як кажуць зэкі, «чакаюць толькі годных»
звычайна зьняволеныя кантактуюць зь людзьмі, якія блізкія па духу, а таму ў тым коле, у якім мы знаходзіліся з мужам, такога быць не магло. Не было пытаньня, прыедзе блізкі зь перадачай ці безь яе. Важна было пабыць разам. Зразумела, у жыцьці — як на волі, так і ў турме — здараецца рознае. Людзі разыходзяцца, аддаляюцца... Турма — гэта вялікае выпрабаваньне для абодвух бакоў. Але, як кажуць зэкі, „чакаюць толькі годных“. Сама я сустракала не адну сям’ю, дзе турма ніяк не абрывае сувязі нават пасьля дзесяці і болей гадоў адседкі. Жонкі едуць на спатканьні, падтрымліваюць мужоў. Потым тыя вызваляюцца, і ўсё ў іх добра. Усе залежыць выключна ад людзей. Турма, паўтаруся, гэта выпрабаваньне, але яго можна вытрымаць. Было б жаданьне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG