Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выставу «Першапачатак» зачынілі па «тэхнічных прычынах»


Выставу «Першапачатак» і экспазыцыю да 80-годзьдзя Саюзу беларускіх пісьменьнікаў зачынілі 3 сьнежня «па тэхнічных прычынах», паведамілі ў прыёмнай Нацыянальнага гістарычнага музэю.

Экспазыцыю адкрылі 27 лістапада. Яна мусіла працаваць да 8 сьнежня, паведамляў Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Намесьніца дырэктара музэю Ніна Калымага ў сваю чаргу патлумачыла Свабодзе, што выставу «Першапачатак» зьнялі, бо рыхтуюць наступную:

«У нас заплянаваная іншая выстава. Я ня ведаю, адкуль вы ўзялі інфармацыю пра тое, што „Першапачатак“ будзе дзейнічаць да 8 сьнежня. Выстава ў нас была з 21 лістапада, 27 лістапада адбылося ўрачыстае адкрыцьцё. 3 сьнежня мы зачынілі папярэднюю выставу і зараз рыхтуем наступную экспазыцыю. У нас такі плян. Увогуле гэтая экспазыцыя дэманстравалася ў канфэрэнц-залі, дзе звычайна адбываюцца музэйныя чытаньні. Мы і так пайшлі насустрач арганізатарам, што зрабілі там выставу. Усе вольныя дні, якія мы мелі што да гэтай канфэрэнц-залі, мы аддалі пад выставу».

Якая менавіта выстава зьменіць «Першапачатак» у канфэрэнц-залі Нацыянальнага гістарычнага музэю, Ніна Калымага сказаць ня здолела, спаслыўшыся на тое, што сёньня адбудзецца нарада на гэты конт, а назву выставы агучаць толькі ў панядзелак.

На выставе «Перашпачатак» можна было паглядзець аўтографы Васіля Быкава і Ніла Гілевіча, рэчы Рыгора Барадуліна, дакумэнты Максіма Танка, Янкі Брыля, Уладзімера Караткевіча.

Прэсавы сакратар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Віка Трэнас заявіла Радыё Свабода:

«Дата 8 сьнежня была ўзгодненая з адміністрацыяй музэю. Таму прэс-рэліз, які Саюз беларускіх пісьменьнікаў распаўсюджваў па ўсіх рэсурсах, утрымліваў узгодненыя даты, калі павінна была дзейнічаць выстава. Экспазыцыю зьнялі бяз нашага ведама. Словы кіраўніцтва музэю пра тое, што яны ня ведаюць, адкуль узялася дата завяршэньня выставы, неабгрунтаваныя, таму што мы ўзгаднялі яе менавіта з музэйным кіраўніцтвам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG