Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мусіенка параўнаў Украіну зь Эгіптам


За падзеямі на ўкраінскім Эўрамайдане сочаць ня толькі прадстаўнікі беларускай апазыцыі. Меркаваньні некаторых праўладных палітыкаў і палітолягаў, якія таксама назіраюць за ўзрушэньнямі ў Кіеве.

Старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка лічыць, што кіраўніцтва Ўкраіны пасьпяшалася з эўраінтэграцыяй. У гэтым, на ягоную думку, і ёсьць карані таго, што цяпер адбываецца ў Кіеве:

Мікалай Самасейка
Мікалай Самасейка
«Трэба, канешне, пачакаць і выпрацаваць такую пазыцыю, пры якой Украіна падпісвала б дакумэнты аб асацыяцыі як раўнапраўны партнэр; не скажу „з моцнай“, але з больш-менш устойлівай эканомікай. Каб і ўкраінскія тавары былі канкурэнтаздольнымі. Магчыма, неабходны нейкі этап мадэрнізацыі эканомікі. Альбо з дапамогай Эўразьвязу, альбо — Расеі. Тое, што гаворыць Януковіч пра трохбаковыя перамовы, магчыма, на сёньняшні дзень — самае лепшае выйсьце з украінскай сытуацыі».

Спадар Самасейка не бярэцца прагназаваць, як будуць разьвівацца падзеі ва Ўкраіне далей.

«Мэтады, якімі там вядзецца барацьба, можна крытыкаваць, аспрэчваць, ацэньваць, але ў дадзеным выпадку — гэта сапраўды ўнутраная справа самой Украіны», — кажа Мікалай Самасейка.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, а цяпер старшыня Беларускага славянскага камітэту Сяргей Касьцян кажа, што прэзыдэнт Украіны «загуляўся ў гульні са сваім народам. А калі ўсё падлічылі, дык пабачылі: саюз з Эўразьвязам прывядзе да правалу. І цяпер улады ў Кіеве ня ведаюць, што рабіць».

Сяргей Касьцян
Сяргей Касьцян
​«Таму, я лічу, калі ўлада ёсьць, дык яна павінна праявіць і жорсткасьць, і настойлівасьць. Яна павінна сказаць: годзе, людзі! Мы пралічылі, мы ведаем, што трэба рабіць далей, таму разыходзьцеся па хатах. А тыя, хто гэтага не разумеюць, будуць сядзець (пакуль не зразумеюць) за кратамі.

Інакш — нельга. Бо калі сытуацыя захаваецца, тады Ўкраіна лясьне. Як гэта адбылося ў 1991 годзе з Савецкім Саюзам. Тады 19 тысяч выйшлі ў Маскве на вуліцы. А 270 мільёнаў нічога не рабілі, бо ня верылі, што гэтыя 19 тысяч вырашаць іх лёс.

Так і тут. Там жа толькі 100 тысяч. Ну, няхай, 2 мільёны. А ва Ўкраіне ж 47 мільёнаў. 47 мільёнаў ня вышлі. І ня выйдуць. Таму гэтым „майданшчыкам“ трэба сказаць: годзе! Як калісьці сказаў Лукашэнка ў нас у Беларусі: пагулялі, пакрасаваліся — годзе!» — кажа Сяргей Касьцян.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру EcooM Сяргей Мусіенка сказаў Свабодзе, што ён з сумам сочыць за ўкраінскімі падзеямі:

Сяргей Мусіенка
Сяргей Мусіенка
«Я ня думаю, што гэта праяўленьне нейкай свабоды і дэмакратыі. Не вырашаюцца на плошчах ні свабода і ні дэмакратыя. Гэта толькі міт. Калі людзі заходзяць у будынак мэрыі, штурмуюць адміністратыўныя будынкі, дык што гэта? Гэта — Эгіпет. Для таго, каб навалілася эскаляцыя насільля, дастаткова адной запалкі — нейкіх наймітаў. Гэта — усё можа палыхнуць.

Гэта эскаляцыя можа перарасьці ў грамадзянскую вайну, у падзел Украіны. А гэта ня дасьць нічога добрага ні тым, хто на плошчах, ні тым, хто па-за плошчамі. Не вырашаюцца ў палітыцы такім шляхам базавыя пытаньні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG