Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы Эўрамайдана: Беларусы! Будзьце з намі!


А восьмай гадзіне ранку на Майдане незалежнасьці было некалькі тысяч чалавек. Пад дванаццатую гадзіну колькасьць людзей прынамсі патроілася. Стаяць намёты, у якіх людзі правялі ноч.

На сцэне ўвесь час зьмяняюцца выступоўцы. Людзі трымаюць нацыянальныя сьцягі і сьцягі сваіх палітычных рухаў.

Ёсьць намёты, куды прыносяць ежу і гарачае пітво. Робяць гэта самі кіяўляне. Проста паўз натоўп ад чалавека да чалавека ходзяць і прапануюць бутэрброды, пячэньне, гарачую гарбату і булён.

Усе ўдзельнікі Майдана, зь якімі ўдалося пагаварыць, кажуць, што прыйшлі, бо абураныя зьбіцьцём «дзяцей».

У Доме прафсаюзаў арганізаваны штаб. Тут можна пагрэцца, паспаць, паесьці, выпіць гарачага. Тут арганізоўваюць валянтэраў, зьбіраюць грошы на ўтрыманьне лягэру, працуе прэс-цэнтар.


Кіяўлянін Пятро кажа, што на Майдане чакаюць беларусаў:


«Я бачыў тут беларускія сьцягі. Мне прыемна, што беларусы з намі. І мы разумеем, якое ў Беларусі цяпер складанае становішча. Але глядзіце на нас, рабіце, як мы. І ўсё будзе добра. І ў вас, і ў нас», — кажа ён.
«Тое, што ў нас адбываецца, мусіць вас падштурхнуць, — працягвае Раман. — Разам будзем жыць у Эўропе!»

«Я першы раз быў у 90-м годзе, калі была студэнцкая галадоўка. Я быў студэнтам Палітэха, галадалі тры тыдні. Другі раз — гэта ўжо Аранжавая рэвалюцыя. І зараз я тут трэці раз і нават не ўяўляю, каб я тут ня быў. Я хачу, каб мае маленькія сыны жылі ў Эўропе. І вам такога ж жадаю. Каб вы скінулі гэтае сваё ярмо і разам з намі жылі ў Эўропе», — кажа Пятро.

На пытаньне, ці не баяцца яны чарговага разгону, Раман адказвае ўпэўнена:
«Пабілі сто — выйшлі тысячы. Гэта толькі падштурховае новыя пратэсты. Гэтым людзей не стрымаеш».

Аня і Насьця — студэнткі. Аня вучыцца на архітэктара. Насьця — на мастака.

«Тут такія цудоўныя людзі, яны нас абароняць, — кажуць яны.
У аніным інстытуце рэктар казаў, што забараняе хадзіць на такія акцыі і будзе выганяць тых, хто не падпарадкоўваецца. «Але, здаецца, нікога не выгнаў», — кажа Аня.

Насьціна мама хвалюецца за дачку больш, чым сама Насьця: «Мама кажа, каб мы не заставаліся на ноч, каб цёпла апраналіся, і ўсё будзе добра».

«Ніхто апроч нас»: Мы баронім і будзем бараніць Майдан. Беларусы нам дапамогуць


Сябры арганізацыі «Ніхто апроч нас» учора сталі жывым ланцугом паміж «Беркутам» і ўдзельнікамі дэманстрацыі. Дзякучы ім, удалося пазьбегнуць масавага зьбіцьця і спыніць правакацыі. Кажуць, што абаранялі «адных дзяцей ад другіх».

«Там з другога боку таксама салдаты тэрміновай службы, дзеці. „Беркуты“ сядзяць у аўтобусах, зады свае грэюць, а дзяцей выгналі супраць дзяцей», — кажа сябар арганізацыі Андрэй.

Сяргей, афганец
Сяргей, афганец
«Маладыя, яны не разумеюць, што трэба спакойна дамаўляцца. Пачалі там пляшкі кідаць, камяні. У выніку мы зрабілі жывы ланцуг і не пусьцілі людзей, каб яны атакавалі міліцыю. Бо з таго боку быў сур’ёзны кардон — звычайныя салдаты, унутраныя войскі, а ззаду „Беркута“ — вадамёты, трактар. Натуральна, шашкі былі. Мы не дапусьцілі і ўсё прайшло мірна і прыгожа», — пасьміхаецца Сяргей пры канцы.

— А калі ўвядуць надзвычайны стан, больш «Беркута» стане, страляць, не дай Бог, пачнуць?

— Мы ж таксама не пальцам робленыя. Аўтамат у руках трымалі. Калі будуць страляць у вас ці ў майго сябра — я стаяць не буду. І хлопцы мае стаяць ня будуць. На гвалт трэба адказваць сілай. Нас больш, чым іх.

Сяргей распавядае, што ўнутраныя войскі Львоўскай, Цярнопальскай, Івана-франкоўскай абласьцей адмовіліся выходзіць супраць людзей. Ён кажа, што ім у такой сытуацыі лепш захоўваць нэўтралітэт.

«Я б так зрабіў, — тлумачыць ён. — Яны прыносілі прысягу на вернасьць Украіне, але і ісьці супраць тых людзей, якім ты даваў прысягу і супраць сваіх сяброў, зь якімі яе даваў, непрыгожа. На месцы іхных камандзіраў я бы сказаў: «Пацаны, давайце перачакаем».

«Ніхто апроч нас» аб’ядноўвае воінаў-дэсантнікаў, афганцаў, вайскойцаў — і проста ўсіх, хто спачувае і падзяляе прынцыпы арганізацыі.

«Ніхто апроч нас» мае вялікі досьвед удзелу ў акцыях грамадзянскага пратэсту — 20 верасьня 2011 году арганізаваў штурм Вярхоўнай рады.

У арганізацыі тут некалькі намётаў, яе сябры носяць адмысловую форму. Быць на Майдане зьбіраюцца «да ўпору. Упор — імпічмент Януковічу і зьмена ўраду.

Сяргей, былы дэсантнік, распавядае, чаму прыйшлі на Майдан:

Сяргей, былы дэсантнік
Сяргей, былы дэсантнік
«Калі пабілі тут дзяцей, то зразумелі, што сядзець і чакаць няма чаго. Мэта нашая — абараніць дзяцей і народ ад сваволі. Мы гэта можам зрабіць. Калі прыказ супярэчыць законам Украіны, то ніхто ня можа прымусіць гэты прыказ выконваць. Паўнамоцтвы міліцыі былі перавышаныя, такога не магло быць. Калі ўсё гэта скончыцца, то кожны адкажа.
— А калі Беркут яшчэ раз нападзе?

— Такога больш не паўторыцца. Зараз ідзе гаворка пра зьмену ўраду. А новы ўрад ужо будзе памятаць пра памылкі гэтага ўраду і такога больш ня зробіць.

— А калі ўсё ж увядуць надзвычайны стан?

— Беларусы дапамогуць, — ужо сьмяецца Сяргей. — Раней ці пазьней і да вас такое прыйдзе. Але думаю, дамо рады сваімі сіламі. Глядзіце — колькі нас».


Міхаіл Дзьмітрыевіч: Хто даў права біць дзяцей!


Міхаіл Дзьмітрыевіч
Міхаіл Дзьмітрыевіч
«Я бачыў, як дзяцей білі. У кожнага дзеці ёсьць. І мне пару разоў далі па пячонках. Палкамі білі. Не пыталі ані старэйшага, ані малодшага. Хто даў права біць дзяцей?! Юшчанка здрадзіў усёй нашай веры. У мяне васьмёра ўнукаў. Я хачу, каб і мае ўнукі і ўсіх жылі ў свабоднай краіне.
Міхаіл Дзьмітрыевіч даўно жыве ў Ківе, хаця сам з Івана-Франкакоўскай вобласьці. Распавядае, што палову родзічаў расстраляла „кдб“ („як я іх ненавіджу“). Сам прасядзеў 4 гады ў турме ў 1960 годзе „за абразу партыі“.

Чаму я і не хачу, каб у нас была дыктатура! Ня ведаю, як у Беларусі, але нам трэба, каб нашы дзеці жылі так, як я!»

Андрэй Ільчанка і Сяргей Носенка: Застанемся тут пакуль Януковіч не сыйдзе


Андрэй Ільчанка і Сяргей Носенка
Андрэй Ільчанка і Сяргей Носенка
Андрэй Ільчанка і Сяргей Носенка зь Днепрапетроўскай вобласьці, Крывічанскага раёну прастаялі на Майдане ўсю ноч і буду заставаць «да перамогі» — пакуль Януковіч не сыйдзе. Хаця самі належаць да партыі Віталя Клічко «Удар», кажуць, што тут, на Майдане, няма цяпер ані «Бацькаўшчыны», ані «Свабоды», ані «Ўдару» — «мы зараз людзі, якія выступаюць супраць злачыннай улады».


«Улада сама сабе падпісала вырак. Калі б не пабілі дзяцей — не было такога сёньня. Цяпер усё добра, але зранку прыгналі „хуткіх“ і псыхалягічна пачалі ціснуць. Мы можа б і не прыехалі, каб дзяцей не пабілі. У нас учора ў Днепрапятроўску быў мітынг у 6000 чалавек. Гэта для нашага гораду аж зашмат і паказвае, што ўлада ўжо ўсё, што магла, перагнула. Гарадок арганізавалі вельмі хутка. Працаваў штаб, адразу прывезьлі намёты, паставілі. Дзякуй вялікі кіянам — мы ад іх атрымліваем і цёплыя рэчы, хто нясе павідла, хто хлеб, хто бутэрброды, хто што можа, булён сьвежы.

Будзем стаяць да перамогі. Пад ранак было тысяч восем. А паўночы тысяч дваццаць. На адным месцы людзі на стаяць, ходзяць».

Выхады на вуліцы з Майдану закрытыя барыкадамі. Так людзі рыхтуюцца да магчымага штурма.

«Мы разумеем, што ўлада можа даць каманду на штурм. Трэба неяк абаранаяцца. І мы паставілі барыкады. Я разумею, што для спецсродкаў гэтыя барыкады — хвіліна справы. Але хоць так будзем абараняцца».

І Андрэй, і Сяргей былі на Майдане ў 2004. Кажуць, што тады такога не было.

«У 2004 годзе такога не было. „Беркут“ так ня біў. Цяпер усё нашмат жарстчэй.Я стаяў пад Вярхоўнай радай, калі падпісвалі Чарнаморскую ўгоду. Яны былі жорсткія, але ня лютыя. Яны нас выціскалі тады, але ня білі. Беркут пры Кучме і Беркут пры Януковічы — гэта розныя рэчы». 5 гадоў прэзыдэнцтва Юшчанкі для нас дарма не прайшлі. Хаця да Юшчанкі ў нас шмат пытаньняў. Але гэтай уладзе нас ужо цяжка загнаць у стойла.

Каб перамагчы, трэба стаяць і сачыць за рэакцыяй улады. Калі яны вырашаць, што будуць прымяняць сілу, то і я лічу, што і нам трэба сілу прымяняць. Пакуль мы мірна. Але калі яны і зараз супраць нас выйдуць, то мы будзем абараняцца. Гэта рэвалюцыя. Да перамогі будзем стаяць», — кажа Сяргей.

А што такое перамога?

«Януковіча гэть, Вярхоўную ўладу — гэть. Поўная перазагрузка ўлады».

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG