Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе затрымалі Андрэя Бандарэнку


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

Пра гэта Свабодзе паведаміў сам Андрэй Бандарэнка.

У калідоры суду Маскоўскага раёну Менску, дзе адбываецца працэс над удзельнікамі пікету памяці забітага ў СІЗА на Валадарцы Ігара Пцічкіна, да Андрэя Бандарэнкі падышоў міліцыянт з Маскоўскага РУУС і запатрабаваў, каб пратаколы на яго перапісалі проста ў судзе.

Бандарэнка адмовіўся падпісваць без адваката. Міліцыянт папярэдзіў, што калі Бандарэнка не падпіша, яго затрымаюць на 72 гадзіны. Бандарэнка адказаў: «Затрымлівайце».

Цяпер Бандарэнка знаходзіцца пад вартай ў калідоры суду.

Гэта здарылася пасьля таго, як судьдзя Яўген Хаткевіч перадаў пратакол Андрэя Бандарэнкі на дапрацоўку. Бо высьветлілася, што пратакол быў складзены асобай, зацікаўленай у гэтай справе. А тэрмін перасьледу па адміністрацыйнай справе сканчаецца акурат 14 лістапада.

Андрэя Бандарэнку судзілі за падзеі каля СІЗА на вуліцы Валадарскага 14 верасьня. Міліцыя тады не дазволіла людзям ускласьці кветкі да муроў ізалятару ў памяць пра Ігара Пцічкіна. Больш за 10 чалавек былі затрыманыя, шасьцёра зь іх адбылі дзень у ізалятары і потым былі асуджаныя на штрафы. Справы некаторых іншых затрыманых былі адкладзеныя.

Мянчук Ігар Пцічкін памёр у ізалятары на Валадарскага 4 жніўня. Сваякі лічаць, што маладога чалавека забілі. У кастрычніку стала вядома, што Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле гэтага здарэньня. Пра нейкія вынікі расьсьледаваньня пакуль не вядома.

Андрэй Бандарэнка цьвердзіць, што цягам гэтых месяцаў міліцыянты па адным вылоўлівалі ўдзельнікаў акцыі памяці 14 верасьня. Судзілі цішком, каб не прыцягваць увагі журналістаў і праваабаронцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG