Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыкашэт. Зачараванае кола


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Каб і хацеў знайсьці лепшую ілюстрацыю да высновы пра неэфэктыўнасьць беларускай сацыяльнай мадэлі, пра марнасьць кампаніі па мадэрнізацыі дзяржпрадпрыемстваў, дык ня знойдзеш.

Роўна год таму Лукашэнка заклапаціўся сытуацыяй на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах. І вось што высьветлілася. Яшчэ ў 2007 годзе ён прыняў рашэньне падтрымаць дзевяць прадпрыемстваў гэтай галіны. Ім былі выдзеленыя ільготныя крэдыты на агульную суму больш за 800 млн эўра. Аднак грошы патрачаны марна, мадэрнізацыя сарваная, хоць усе тэрміны яе заканчэньня прайшлі. Страты прадпрыемстваў канцэрну «Беллеспаперапрам» за 2011 год вырасьлі ў 30 разоў. Тады Лукашэнка наведаў некалькі дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, быў вельмі раззлаваны, зьняў з пасады старшыню канцэрну «Беллеспаперапрам» Уладзімера Шульгу, на яго месца прызначыў Аляксандра Пераслаўцава. Наведваючы ААТ «Барысаўдрэў» 30 лістапада, прэзыдэнт абвясьціў пра ўвядзеньне на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах «прыгоннага права», праз тыдзень падпісаў адпаведны дэкрэт № 9, які забараняў работнікам галіны звальняцца да завяршэньня мадэрнізацыі. 15 ліпеня 2013 году Лукашэнка выдаў указ аб выдзяленьні новых крэдытаў васьмі структурам канцэрну «Беллеспаперапрам». Мадэрнізацыя павінна была завяршыцца да 7 лістапада. Восьмага Лукашэнка прыехаў паглядзець. І ўбачыў беспарадак. «Мы тут загубілі мільёны даляраў», — прызнаўся кіраўнік дзяржавы.

І адбыўся новы кадратрус. Прызначаны год таму старшыня канцэрну «Беллеспаперапрам» Аляксандар Пераслаўцаў звольнены, прызначаны памочнікам новага дырэктара ААТ «Барысаўдрэў» Барыса Батуры. Такі кругаварот кадраў у беларускай сацыяльна-эканамічнай прыродзе. Ён нагадвае нейкае зачараванае кола, якое круціцца без асаблівых вынікаў, ухаластую.

То бок усім відавочна, што мадэль не працуе. Высьвятляецца, што не дапамагае ня толькі зьмена кадраў, гучныя і публічныя адстаўкі з паніжэньнем і прыніжэньнем. Не дапамагло і ўвядзеньне на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах «прыгоннага права».

Таму зразумелы наступны крок: крымінальная справа, кайданкі, турма. Тут дылема такая: альбо мяняць адміністратыўна-камандную сыстэму кіраваньня, альбо давесьці яе да лягічнага канца. То бок да ГУЛАГу. Паводле клясыка таталітарызму. У сталінскім СССР ГУЛАГ быў адным з самых буйных міністэрстваў, важным чыньнікам разьвіцьця эканомікі. Вось і беларускай мадэлі спатрэбіліся свае «каналаармейцы».
Адносна намэнклятуры прыгоннае права дзейнічае больш жорстка, чым у дачыненьні да шараговых працаўнікоў

Тут цікава адзначыць тое, што адносна намэнклятуры прыгоннае права дзейнічае больш жорстка, чым у дачыненьні да шараговых працаўнікоў. Кіраўніка Менскай вобласьці Барыса Батуру Лукашэнка панізіў да дырэктара прадпрыемства «Барысаўдрэў». Чалавеку 66 гадоў, даўно пэнсіянэр. Аднак адмовіцца ад новага прызначэньня і проста пайсьці на пэнсію ён ня можа. «Калі праз тры дні ня выйдзе на працу, распачаць крымінальную справу па ім. Калі ён тут ня здолее да вясны — завесьці крымінальную справу», — заявіў Лукашэнка. І вось гэтае прыніжанае і змардаванае чынавенства мы называем кіроўнай элітай.

Вядомы эпізод, які здарыўся 16 лютага 2012 году. Жыхары Смалявіцкага раёну, незадаволеныя плянамі зносу іхніх дамоў у сувязі з будоўляй кітайцамі індустрыяльнага парку, прыйшлі на прыём да кіраўніка Менскай вобласьці Барыса Батуры, каб выказаць свае страхі, асьцярогі, прэтэнзіі і просьбы. А ў адказ пачулі: «Вось я вам скажу, мне сьмешна ад гэтага... Я б вас у бальніцу ці яшчэ куды зьмясьціў бы з-за таго, што вы нагнятаеце гэтыя страхі!»

Шляхетны чалавек не апускаецца да банальнага хамства. І Лукашэнка робіць са сваімі падначаленымі тое, чаго яны і вартыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG