Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дацэнт ЭГУ Вольга Шпарага: «Мы дамагаемся сапраўднага самакіраваньня»


Вольга Шпарага
Вольга Шпарага

Выкладчыца філязофіі, дацэнт ЭГУ Вольга Шпарага — адна з ініцыятараў плятформы «За новы ЭГУ». Вольга Шпарага пагадзілася адказаць на пытаньні карэспандэнта «Свабоды» пра канфлікт у ЭГУ.

«Гэта ня новы канфлікт, а працяг былой канфліктнай сытуацыі, у якой пэўную частку выкладчыкаў не задавальняе цяперашняе становішча, найперш з самакіраваньнем. Наперадзе выбары ў сэнат ЭГУ, і мы хочам, каб туды прыйшлі новыя людзі. На нашу думку, у самакіраваньні ЭГУ ёсьць праблема. Адміністрацыя ня хоча чуць голас акадэмічнай супольнасьці. І праз выбары ў нас ёсьць магчымасьць прасунуць нашу пазыцыю. Мы хочам легальна прайсьці ў сэнат, каб яе адстойваць. Перш за ўсё, гэта самакіраваньне, безь якога немагчымы эўрапейскі ўнівэрсытэт. А другое — гэта беларуская саматоеснасьць унівэрсытэту. Яна павінна быць моцнай, а галоўнае — каб сама супольнасьць вырашала, што ёсьць ідэнтычнасьцю ўнівэрсытэта, а ня толькі адміністрацыя гэта вырашала. Бо мы бачым, што калі гэтыя ўнутраныя пытаньні вырашае толькі адміністрацыя, то мы страчваем нашу беларускую ідэнтычнасьць», — патлумачыла Вольга Шпарага.

Вольга Шпарага прывяла такі прыклад: кіраўніком гістарычных праграмаў быў Павал Церашковіч, а зараз яго заменіць літоўскі навуковец. З гэтай прычыны ў выкладчыкаў узьніклі апасеньні за ўзровень ведаў пра гісторыю Беларусі ў студэнтаў.

«Таксама прыклад — паліталёгія. Яшчэ некалькі гадоў таму па паліталёгіі былі добрыя паказьнікі, былі добрыя студэнты, якія хацелі вучыцца, але адміністрацыя не зрабіла нічога, каб гэтую праграму ня страціць. Мы, прадстаўнікі супольнасьці, мяркуем, што гэта віна менавіта адміністрацыі, што мы ня маем цяпер праграмы па паліталёгіі», — кажа дацэнт ЭГУ.

На думку Вольгі Шпарагі, кадравыя пытаньні ў ЭГУ трэба вырашаць больш адкрыта, з улікам меркаваньняў акадэмічнай супольнасьці.

«Гэта насамрэч унутраная справа, якая тычыцца таго, што будзе выкладацца. Ад таго, якія людзі прыйдуць, шмат залежыць. Калі гэта будуць навукоўцы з Захаду, якія мала будуць ведаць пра Беларусь, гэта будзе дрэнна. Мы хочам, каб гэта былі добрыя навукоўцы, і пры гэтым яны б ведалі і займаліся Беларусьсю».
Мы хочам, каб гэта былі добрыя навукоўцы, і пры гэтым яны б ведалі і займаліся Беларусьсю

Вольга Шпарага выказала пажаданьне, каб былі больш моцныя сувязі з грамадзянскай супольнасьцю ў Беларусі і каб у грамадзянскай супольнасьці была магчымасьць уплываць на сытуацыю. Выкладчыца мяркуе, што ня толькі ў Эўропе, але і ў Беларусі можна знаходзіць спонсараў праграмаў ЭГУ. «Пытаньне пошуку грошай трэба абмяркоўваць супольна, як і тое, як разьмяркоўваць грошы, на што іх траціць».

Выкладчыкі, якія падтрымалі плятформу «За новы ЭГУ» занепакоеныя сытуацыяй зь беларускамоўным выкладаньнем у ЭГУ. Паводле назіраньняў Вольгі Шпарагі, шмат беларускамоўных студэнтаў, калі пішуць працы, мусяць пераходзіць на расейскую ці нават ангельскую мову.

«Яшчэ мы мяркуем, што арыентаванасьць ЭГУ на Беларусь павінна быць зафіксаваная ў місіі ўнівэрсытэту. Але цяпер у нашай місіі не напісана, што галоўнае — гэта тое, што ЭГУ ёсьць унівэрсытэтам для Беларусі і для беларусаў», — паведаміла Свабодзе Вольга Шпарага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG