Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купляюць сьпіртнога менш, а п’юць — столькі ж


Паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, за 9 месяцаў 2013 году аб’ёмы продажу гарэлкі скараціліся на 11,7% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Зьменшыліся і аб’ёмы продажу пладовых вінаў — на 4,3%. А вось піва, слабаалькагольных напояў беларусы сталі купляць значна больш. Што да брэндзі і каньяку, гэтых напояў прададзена больш амаль на 49%. Ці азначае гэта, што беларусы сталі піць менш, але пры гэтым больш якасныя напоі?

Загадчык аддзелу наркалёгіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя, дацэнт, нарколяг-практык Андрэй Капытоў кажа, што рэальную статыстыку спажываньня беларусамі алькагольных напояў адсачыць складана. Але тое, што ўсё больш беларусаў хоча спажываць высакаякасныя напоі, нарколяг не аспрэчвае:

Андрэй Капытоў
Андрэй Капытоў
«Калі параўнаць якасьць моцных сьпіртных напояў у нашай краіне і ў іншых краінах, ня ведаю чаму, але якасьць наша горшая. Таму нездарма вязуць гарэлку з Украіны, з Расеі. З Эўропы яшчэ больш, дый у «duty free» купляюць. Таму пра рэальную статыстыку гаварыць не выпадае".

Гарэлку беларусы вязуць з Украіны і Расеі, нягледзячы на тое, што звычайныя гатункі яе ў Беларусі каштуюць таньней. Бо сапраўды людзі хочуць спажываць якасныя напоі. Папулярны сьпявак і шоўмэн Аляксандар Памідораў, які лічыць сябе экспэртам па алькагольных напоях, вось што кажа пра беларускую гарэлку:

Аляксандар Памідораў
Аляксандар Памідораў
«У нас ёсьць дзяржаўны кантроль, але тэхналёгіі не выконваюцца. Дастаткова адкаркаваць пляшку і панюхаць. І гаворка ідзе ня толькі пра дзяржаўныя заводы, кшталту менскага «Крышталя» і берасьцейскага «БелАлка», але гэта тычыцца і прыватных прадпрыемстваў кшталту «Бульбаш». Апошнім часам нават «Добра шклянка» сапсавалася. Ну і плюс да ўсяго, узьдзеяньне беларускай гарэліцы на арганізм даволі дзіўнае. Тры чалавекі выпіваюць пляшку на траіх — і ўсе як пыльным мехам прыбітыя. Што гэта за «тармазная вадкасьць», я ня ведаю«.

Але, нягледзячы на невысокую якасьць, доля гарэлкі ў агульным продажы алькаголю складае амаль палову — 47,8%. 13,5% аб’ёму продажу займаюць вінаградныя віны, пладова-ягадныя віны займаюць 22,5% (на 4,3% менш, чым за 10 месяцаў мінулага году). Але пацыенты лекараў-нарколягаў — на 90% тыя, хто спажывае менавіта пладова-ягадныя віны, сьцьвярджае Андрэй Капытоў:

«Пладова-ягадныя віны палепшанай якасьці. Так цяпер называюць „чарніла“. Назву памянялі, а склад я не магу ацаніць. Гэта п’юць тыя, хто трапляе ў поле зроку нарколягаў, стаіць на ўліку».

А вось Аляксандар Памідораў перакананы:

«Нават самае якаснае — яно ўсё адно застаецца „чарнілам“. Яно вырабляецца не зь вінаграду, ня зь якасных пладоў, а яно вырабляецца з ападу, са жмыху сьліваў, яблык, парэчак. Заводзкім спосабам зробленае „вінішча“ з адкідаў — гэта ня якасьць».

Але нарколягаў вельмі трывожыць іншы паказьнік: за 9 месяцаў 2013 году ў Беларусі прададзена ў пераліку на абсалютны алькаголь 6 мільёнаў дэкалітраў — гэта больш як па 7 літраў на кожнага жыхара, уключна зь немаўляткамі. І гэта без уліку таго, што вельмі шмат напояў беларусы прывозяць з-за мяжы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG