Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парфянкоў — у Сьветлагорскім ЛПП

абноўлена

Васіль Парфянкоў
Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў знаходзіцца ў лячэбна-працоўным прафілякторыі № 1 Сьветлагорску, куды яго перавялі 21 верасьня з турмы на Акрэсьціна.

Праваабаронцы адшукалі Васіля Парфянкова ў лячэбна-працоўным прафілякторыі № 1 Сьветлагорску. Туды яго перавялі 21 верасьня з турмы на Акрэсьціна, дзе ён адбываў 5-суткавы арышт за парушэньне ўмоваў прэвэнтыўнага нагляду.

Пастанову аб накіраваньні Васіля Парфянкова ў ЛПП прыняў суд Першамайскага раёну Менску 4 верасьня безь яго прысутнасьці. Хоць паводле закону прысутнасьць Васіля пры разглядзе такой справы абавязковая. Пакуль невядома, чаму Парфянкоў ня быў у судзе і чаму не абскардзіў гэтае рашэньне. Яго тэлефон цягам апошніх дзён не адказвае. Праваабаронцы не выключаюць, што ўлады маглі скарыстаць ЛПП дзеля ізаляцыі былога палітвязьня. У 2011 годзе Парфянкоў быў асуджаны ў рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках на 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. У жніўні 2011 году ён выйшаў на волю на падставе ўказу прэзыдэнта аб памілаваньні.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
Сябра праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначае:

«Мы, са свайго боку, прызнаем такую працэдуру накіраваньня ў ЛПП — прымусовай ізаляцыі грамадзяніна ў мэтах яго рэсацыялізацыі з абавязковым прыцягненьнем да працы — парушэньнем правоў чалавека. Па-першае, гэта ізаляцыя, фактычна пазбаўленьне волі на год. А ў выпадку, калі ў яго будуць дысцыплінарныя правіны, паводле рашэньня суду яму знаходжаньне ў ЛПП могуць працягнуць яшчэ на 6 месяцаў. Ва ўмовах, абсалютна падобных і блізкіх да папраўчых калёній агульнага рэжыму. Мы лічым гэта пазбаўленьнем волі, якое не зьвязанае са зьдзяйсьненьнем крымінальнага злачынства. То бок чалавек ізалюецца па-за межамі крымінальнага перасьледу. Па-другое, у нас лячэньне ад алькагалізму павінна адбывацца добраахвотна. Таму мы лічым гэтую практыку абсалютна незаконнай, калі чалавек у грамадзянскім працэсе ізалюецца на паўтара года, прычым асноўнае лячэньне яго палягае ў прымусовай працы, якая забаронена Канстытуцыяй».

Паводле праваабаронцаў, свабода чалавека, які накіраваны ў ЛПП, абмежаваная. Ён ня можа пакідаць месца пражываньня. Уся сыстэма ЛПП падпарадкоўваецца Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС. Частка гэтых установаў знаходзіцца на тэрыторыі былых калёній. Валянцін Стэфановіч заявіў пра намер праваабаронцаў давесьці гэтую справу да Камітэту па правах чалавека ААН, бо тут ёсьць парушэньне міжнароднага пакту аб грамадзянскіх правах. Валянцін Стэфановіч кажа, што раней наведваў ЛПП у Сьветлагорску, дзе цяпер утрымліваецца Парфянкоў.

«Цяпер яго павінны працаўладкаваць, і тады іх штодня з раніцы вывозяць на працу. Яны працуюць, а ўвечары іх вяртаюць назад. Там вялікі плот, усё гэта знаходзіцца за плотам з калючым дротам. На тэрыторыі ЛПП стаіць цагляная казарма, у якой стаяць ложкі. На той момант, калі я наведваў там сваяка, там былі двух’ярусныя ложкі, і ён казаў, што шчыльнасьць была даволі вялікая. Спатканьне адбываецца ў прысутнасьці супрацоўнікаў. Ахоўваюць іх супрацоўнікі ўнутраных спраў. Карацей, звонку выглядае як калёнія».

Характэрная для савецкіх часоў сыстэма ЛПП захавалася ў Беларусі. У Расеі яна была ліквідаваная ўказам Барыса Ельцына ў 1993 годзе. Штогод у Беларусі накіроўваюць у ЛПП 4–5 тысяч чалавек, некаторых паўторна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG