Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і Назарбаеў будуць зацягваць працэс інтэграцыі


Аляксей Кароль
Аляксей Кароль
«Сувэрэнітэт — не ікона. Усё мае сваю цану. І калі мы хочам жыць лепей, то трэба чымсьці паступіцца, ахвяраваць. Галоўнае — гэта дабрабыт людзей», — заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка. Наколькі далёка гатовы ісьці кіраўнік Беларусі на саступкі ў аслабленьні нацыянальнага сувэрэнітэту дзеля атрыманьня эканамічных дывідэндаў з Масквы? Чаму прэзыдэнт Казахстана выступіў з рэзкай крытыкай працы Эўразійскай эканамічнай камісіі, ці можна назваць Нурсултана Назарбаева саюзьнікам Лукашэнкі ў спрэчках з Масквой? На гэтыя пытаньні адказвае рэдактар газэты «Новы час», палітоляг Аляксей Кароль.

— Другі раз за некалькі дзён Аляксандар Лукашэнка дапускае выказваньні, што сувэрэнітэт — не ікона, усё мае сваю цану і гэтак далей. Як бы вы ацанілі гэтыя выказваньні, да чаго рыхтуе беларускі народ кіраўнік дзяржавы?

— Я думаю, гэта лягічнае разьвіцьцё падзеяў і лягічныя выказваньні ў рамках гэтага разьвіцьця. ЭўрАзЭС — гэта саюз аўтарытарна арганізаваных дзяржаў. І ў адрозьненьні ад дэмакратычных краінаў, якія могуць дэлегаваць частку сваіх паўнамоцтваў у агульныя органы, — аўтарытарныя кіраўнікі вымушаны аддаваць частку сваёй дзяржаўнай улады.

Гэтым яны ня могуць паступіцца, і тут вызначаецца тая рыса, да якой яны могуць пайсьці добраахвотна, пад пэўным ціскам абставінаў і больш моцнай дзяржавы. І гэтыя адносіны будуюцца па прынцыпе вэртыкальнай герархіі, дзе моцныя дыктуюць сваю волю больш слабаму. Так ужо было, і ўсе саюзы аўтарытарных дзяржаваў менавіта такой герархіяй і вылучаліся.

— Вы лічыце, што Лукашэнка цяпер, больш чым раней, гатовы прымаць гэтую герархію Масквы?

— Наадварот. І Лукашэнка і Назарбаеў абодва адчулі, што пабудова ЭўрАзЭС паводле сцэнару, прапанаванаму Масквой, пагражае частцы іхняй улады. І пагражае падпарадкаваньню маскоўскаму цэнтру. Таму кожны зь іх адстойвае сваю самастойнасьць, і тут памкненьні Назарбаева і Лукашэнкі — вырваць для сябе пэўныя прывілеі і не паступіцца сваёй уладай.

— Ці можна тады лічыць, што ў дадзеным канкрэтным пытаньні Лукашэнка і Назарбаеў становяцца саюзьнікамі, і наколькі моцным можа быць гэты альянс?

— Яны становяцца саюзьнікамі, але я ня думаю, што яны будуць імкнуцца да поўнага зрыву ЭўрАзЭС. Хутчэй за ўсё, яны будуць зацягваць гэты працэс, манкіраваць абавязацельствамі, вылучаць пэўныя прэтэнзіі. Хутчэй за ўсё, гэта пяройдзе ў вялацякучую фазу, прыкладна ў такую форму, у якой існуе СНД.

ЭўрАзЭС будзе, але будзе бяз той ступені цэнтралізацыі і падпарадкаваньня, як гэта хацелася б Пуціну. У таго свая задума — зацьвярджэньне вялікадзяржаўнай расейскай ідэі і сябе як вялікадзяржаўнага кіраўніка, у якога ў васальных адносінах знаходзяцца кіраўнікі іншых дзяржаваў — чальцоў ЭўрАзЭС.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG