Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея не гатовая даць выкуп за Баўмгертнэра


У Расеі заяўляюць, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас прэсавай канфэрэнцыі 21 кастрычніка фактычна запатрабаваў ва «Уралкалія» выкуп за арыштаванага ў Менску гендырэктара прадпрыемства Ўладзіслава Баўмгертнэра.

Яго экстрадыцыя ў Расею была ацэненая ў $100 млн. Паводле расейскага выданьня «Коммерсант», расейскі бок на гэта не гатовы.

Адвакат Юлій Тай, які прадстаўляе інтарэсы сэнатара Сулеймана Керымава, адзначыў, што «беларускі прэзыдэнт ўчора фактычна запатрабаваў выкуп, што беспрэцэдэнтна для нормаў права». Паводле адваката, кампэнсацыя выплачваецца «толькі пасьля вынясеньня прысуду і ўступленьня ў сілу рашэньня суда, а нічога гэтага няма, а значыць, не павінна быць і ніякіх выплат». У інтэрвію расейскаму «Коммерсанту» Тай адзначыў, што каб зьняць палітызаванасьць у расьсьледаваньні, «справай павінны заняцца расейскія сьледчыя». Да ўчорашняга дня да гэтага ўсё і ішло. Пасьля перамоў, якія правёў зь беларускім калегам генпракурор Расеі Юры Чайка, бакі сышліся на тым, што сытуацыя, якая склалася вакол Баўмгертнэра, будзе вырашацца ў рамках Менскай канвэнцыі аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах, заключанай краінамі СНД у 1993 годзе.

Адпаведна ёй расейская генпракуратура атрымала з генпракуратуры Беларусі 19 тамоў крымінальнай справы Баўмгертнэра, якія накіравала ў Сьледчы камітэт Расеі.

Правёўшы па іх праверку, камітэт распачаў адносна гендырэктара «Уралкалія» і былога першага намесьніка ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» Канстанціна Саладоўнікава крымінальную справу па ч. 2 арт. 201 КК Расеі (злоўжываньне паўнамоцтвамі). Паводле афіцыйнага прадстаўніка Сьледчага камітэта Расеі Ўладзімера Маркіна, яны, «выконваючы кіраўніцкія функцыі ў камэрцыйных арганізацыях, злоўжывалі сваімі паўнамоцтвамі, што пацягнула прычыненьне істотнай шкоды і цяжкія наступствы для БКК і «Беларуськалія».

Каб даказаць сур’ёзнасьць сваіх намераў па справе «Уралкалія» , Сьледчы камітэт Расеі зьвярнуўся ў Басманны райсуд Масквы з хадайніцтвам аб арышце Баўмгертнэра. Суд яго задаволіў і пастанавіў, што гендырэктар «Уралкалія» будзе ўзяты пад варту адразу пасьля таго, як яго экстрадуюць ў Маскву. У камітэце разьлічвалі, што адпаведнае рашэньне будзе прынятае да заканчэньня тэрміну двухмесячнага менскага арышту прадпрымальніка, аднак цяпер стала зразумела, што ён можа быць падоўжаны аж да атрыманьня Беларусьсю кампэнсацыі.

Паводле «Коммерсанта», беларускія ўлады ўжо неафіцыйна прапаноўвалі «Уралкалію» выдаць Уладзіслава Баўмгертнэра ў абмен на выплату шкоды ў $100 млн. Для кампаніі гэта параўнальна невялікія грошы, і яна магла іх заплаціць, калі б знайшлі прымальную схему, напрыклад, у якасьці закладу. Аднак выплачваць непасрэдна шкоду значыла б прызнаць сваю віну і пацьвердзіць абвінавачваньні, прад’яўленыя спадару Баўмгертнэру і астатнім топ-мэнэджэрам, таму кампанія на гэта не пайшла.

Некалькі крыніц «Коммерсанта» ўпэўненыя, што цяпер Уладзіслава Баўмгертнэра вызваляць толькі пасьля зьмены асноўнага ўласьніка кампаніі. Але цяпер гэты працэс спыніўся, бо Сулейман Керымаў прызначыў за свой пакет у 21,75 % акцый " Уралкалія" цану нашмат вышэйшую за рынкавую, заплаціць якую не гатовы ніводзін з прэтэндэнтаў.

Паводле выданьня, цікавасьць да актываў застаўся ў структур бізнэсмэна Ўладзімера Когана. Да прэтэндэнтаў могуць дадацца і Андрэй Мельнічэнка (уладальнік «Эўрахіма» ) або Дзьмітрый Мазепін (уладальнік «Уралхіма»). Зрэшты, цягам некалькіх месяцаў сытуацыя можа памяняцца. Аднак гэтая сытуацыя не задавальняе Аляксандра Лукашэнку, які разьлічваў аднавіць сумесны трэйдынг калію пасьля зьмены саўладальніка «Уралкалія». І падобнымі заявамі Лукашэнка спрабуе прысьпешыць расейскі бок.

Лукашэнка сам пачаў шукаць пакупнікоў на долю Сулеймана Керымава. Магчымасьць выкупу акцый «Уралкалія» ён абмеркаваў з уладальнікам кампаніі «Русснефть» Міхаілам Гуцарыевым, які дагэтуль неафіцыйна называўся адным з прэтэндэнтаў на пакет.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG