Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замак, які прастаяў трыста гадоў, а разбурыўся за дзесяць


Belarus - Old castle in Bykhau, 21Oct2013
Belarus - Old castle in Bykhau, 21Oct2013

На Магілёўшчыне імкліва разбураецца Быхаўскі замак. На кансэрвацыю нестае грошай.

Выдзеленых сродкаў сёлета хапіла на аднаўленьне дзьвюх вежаў і на парадкаваньне прылеглай да замка тэрыторыі.

Падчас падрыхтоўкі Быхава да Дня беларускай пісьменнасьці, які праходзіў тут у верасьні, пра мясцовы замак шмат пісалася і гаварылася. Цяпер усё змоўкла.

Цяпер фасад Быхаўскага замка схаваны за банэрнай сеткай. Ёю абцягнулі сьцены помніка напярэдадні сьвята беларускай пісьменнасьці. Дзьве вежы на пляцоўцы перад замкам выглядаюць адноўленымі. У левай частцы крыла замка звалена бярвеньне.

Тыльны бок будынка глядзіць на Дняпро. Ля сьцен сьмецьце. Самі ж яны даўно без рамонту, не тынкаваныя, вокны першага паверху закладзеныя сылікатнымі блёкамі.

Стан помніка засмучае ня толькі прыежджых, але і саміх быхаўцаў. Некаторыя з тых, з кім удалося пагутарыць, спадзяюцца, што помнік архітэктуры ўсё ж уратуюць, іншыя сумняваюцца. Характэрныя меркаваньні:

Спадарыня: «Калі ўзяліся, то зробяць. Грошай жа няма. Грошы ж быхаўцы зьбіралі, але ж на гэта патрэбныя мільярды».

Спадарыня: «Яго да канца наўрад ці давядуць. Нестае сродкаў для яго аднаўленьня. Ён жа на такім прыгожым месцы. Над Дняпром. Ён зусім аварыйны».
Адна з адноўленых замкавых вежаў
Адна з адноўленых замкавых вежаў

Спадар: «Яго выкарыстоўвалі як заўгодна і хто заўгодна, а цяпер, калі яго кінулі, то давайце, людзі, зьбірайце грошы, і замак адновім. Можа, начальству ён і патрэбны, але мне ён не патрэбны».
Цяпер фасад помніка архітэктуры схаваны за банэрнай сеткай
Цяпер фасад помніка архітэктуры схаваны за банэрнай сеткай

Быхаўскі краязнаўца Сяргей Антонаў стан помніка архітэктуры ацэньвае як крытычны. Тое, што пасьпелі зрабіць з замкам напярэдадні дня пісьменнасьці, ён называе паказухай.
Сяргей Антонаў
Сяргей Антонаў

«Рабіць трэба было, вядома ж, не трохдзённую паказуху зь яго і не завешваць нетрывалай банэрнай сеткай, а закансэрваваць да лепшых часоў. Я дужа сумняваюся, што ў 2018 годзе гэтыя часы надыдуць. Гадоў на дзесяць наперад Быхаву ня варта чакаць ніякіх фінансавых іньекцыяў. Лёс замка гаротны», — лічыць Сяргей Антонаў.

Паводле суразмоўцы, будынак замка пачаў хутка разбурацца пасьля пажару ў 2004 годзе. Тады быў пашкоджаны дах. Ад таго часу помнік архітэктуры, заяўляе спадар Антонаў, — без гаспадара.
Тыльны бок замка глядзіць на Дняпро. Ля сьцен сьмецьце. Самі ж яны даўно без рамонту
Тыльны бок замка глядзіць на Дняпро. Ля сьцен сьмецьце. Самі ж яны даўно без рамонту

У райвыканкаме цьвердзяць, што працы на тэрыторыі колішняга замка працягваюцца. Вядзецца аднаўленьне дзьвюх вежаў ды ўжо ўпарадкавалі прылеглую да замка пляцоўку.

«Працы могуць быць завершаныя ў сувязі з тым, што заканчваецца фінансаваньне. Але ж у нас ёсьць і дадатковыя рэзэрвы. У нас жа ёсьць дабрачынны рахунак. Мы зь яго будзем браць грошы. У нас жа замак быў толькі пад кансэрвацыю. Па праграме стаіць, што толькі да 2018 году плянуецца завяршыць працы», — зазначае супрацоўніца райвыканкаму.
Згадкі з Дня беларускай пісьменнасьці
Згадкі з Дня беларускай пісьменнасьці

Днямі Быхаў наведвалі апазыцыйныя палітыкі. Сярод іх быў Рыгор Кастусёў.

«Быхаўскі замак я бачыў, калі былі яшчэ цэлымі і сьцены, і дах. Была агароджа вакол замка. За няпоўныя дзесяць год гэты замак апынуўся ў заняпадзе. Беларускай грамадзкасьці, гісторыкам трэба патрабаваць ад рэспубліканскіх і мясцовых уладаў, каб яны гэты замак аднавілі да таго стану, якім ён быў на момант эксплюатацыі», — заяўляе Рыгор Кастусёў.

Рэканструкцыя помніка культуры ўключаная ў дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі на 2012–2018 год». Сёлета на аднаўленьне дзьвюх вежаў, парадкаваньне прылеглай тэрыторыі ды частковую кансэрвацыю фрагмэнтаў помніка было выдзелена 7 мільярдаў рублёў.

Старшыня прэзыдыюму Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч лічыць, што пра паўнавартаснае аднаўленьне Быхаўскага замка гаварыць пакуль зарана. Паводле адмыслоўцы, на тэрыторыі помніка не праведзеныя як сьлед усе навуковыя досьледы, каб выявіць усе часавыя напластаваньні.

«Мяркуючы па тым, што рабілася па археалёгіі гэтым летам, па Быхаўскім замку — мінімальны матэрыял. Раскопкі выявілі вельмі шмат новага ў пляніроўцы замка і канструкцыі. Пакуль варта было б думаць пра кансэрвацыю, але пра такую, якая б ня ўнесла незваротных зьменаў у канструкцыі і зьнешні выгляд замка», — лічыць Антон Астаповіч.

Быхаўскі замак узьвялі як абарончае збудаваньне ў першай палове сямнаццатага стагодзьдзя. Належаў ён гетману Вялікага Княства Літоўскага Яну Хадкевічу. Потым ім завалодалі Сапегі. Да 2004 году ў мурах замка разьмяшчаліся розныя вытворчасьці. Быхаўскі замак — адзінае ацалелае замкавае збудаваньне ва ўсходняй Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG