Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрарамонт у старажытным Быхаве


Як Быхаў рыхтуецца сустракаць Лукашэнку ў Дзень беларускай пісьменнасьці?

Вось ужо амаль 20 гадоў традыцыйна ў першую нядзелю верасьня ў Беларусі адзначаецца Дзень беларускай пісьменнасьці. Сёлета сьвята будзе адзначана ў старажытным Быхаве Магілёўскай вобласьці якраз 1 верасьня. Карэспандэнт Свабоды пабываў днямі ў Быхаве і на свае вочы ўбачыў, як горад рыхтуецца да сьвята і да магчымага прыезду кіраўніка дзяржавы.

Пачынаючы ад вакзалу Быхаў сёньня — гэта суцэльная будаўнічая пляцоўка. Ужо каля месяца ў горадзе рамантуюць будынкі на цэнтральнай вуліцы Леніна, па якой будзе ехаць картэж Аляксандра Лукашэнкі і дзе адбудуцца асноўныя ўрачыстасьці сьвята пісьменнасьці. Відаць, дзеля сьвята над вуліцай зьявілася гэтая аптымістычная расьцяжка па-беларуску. Між тым на большасьці афіцыйных будынкаў у горадзе шыльды напісаныя па-расейску.

На дахах дамоў фарбуюць стары шыфэр ці мяняюць дах на цалкам новы, з мэталадахоўкі. Сьцены некаторых дамоў расьпісваюць прыгожымі малюнкамі, зь якіх на вас глядзіць Быхаў часоў канцлера Льва Сапегі — тут быў ягоны палац. Сам палац Сапегаў таксама ў аўральным параду рамантуюць, але намаганьні будаўнікоў прыкладзеныя ня столькі да старых муроў, колькі да тратуарнай дарожкі, па якой, відаць, пройдуць да руін палаца высокія госьці. Будаўнікі, якія працуюць на рэканструкцыі палаца Сапегаў, кажуць, што рамонт гораду, хай і аўральны, — «гэта ўсё роўна добра, бо даўно пара!» Пра заробкі на гэтай працы будаўнік з Быхава кажа: «Сярэдняга заробку ў 500 даляраў, як абвешчана па Беларусі, мы тут ня маем. Мяркую, па такі заробак трэба ехаць у Расею. Але адтуль хто вяртаецца ў „Мэрсэдэсе“, а хто пешшу. Ды ў нас ня тыя ўжо гады, нам і тут добра».
Быхаўскія будаўнікі: А хто яго бачыў, сярэдні заробак?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:11 0:00
Наўпроставы лінк

У некаторых месцах вуліцы Леніна, якая падзяляе Быхаў, толькі цяпер усталёўваюць бардзюры. Крыху збочыць — і вы на звычайнай вясковай вуліцы, дзе няма ня тое што тратуараў, а нават каналізацыі і гарачай вады ў дамах.

У адзіным гатэлі Быхава пад назвай «Днепр» гарачай вады таксама няма. Супрацоўнікі спасылаюцца на рамонт, а госьці мусяць пагаджацца на ўмовы, якія ім прапануюць: «Прыбіральня і душ у канцы калідора». За ноч у такіх умовах — па 80 тысяч з чалавека. Калі не хапае чыстай вады, гасьцям раяць наведаць за тры кілямэтры ад гораду цудоўны пляж на старыцы Дняпра. Бясплатна.

У горадзе поўна будаўнікоў з усёй Беларусі. Давялося размаўляць з будаўнікамі з Магілёва, са Століна і нават зь Менску. Але ў кафэ «Ніколас» афіцыянтка запэўніла: «Кліентаў пакуль болей ня стала. Альбо ім грошай яшчэ ня выдалі, альбо яны нас абмінаюць. Зарабляем на мясцовых аматарах выпіць ды на турыстах».

Сярод гістарычных аб’ектаў, якія прывабліваюць турыстаў у Быхаў, — мураваная сынагога 17 стагодзьдзя, падобнай да якой няма ў Беларусі. Габрэйскія арганізацыі і ўрад Ізраілю выдзелілі грошы на яе рамонт. «Працы ідуць, але марудна. Сёлета толькі карнізы адновім, а дах і столь будзем рамантаваць пазьней. Было б добра, каб і беларуская дзяржава дала на рамонт грошай», — кажа будаўнік Віталь з Магілёва.
Рамонт сынагогі ў Быхаве
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:23 0:00
Наўпроставы лінк

Як і на рамонце палаца Сапегаў, будаўнікі з гэтага аб’екту запэўнілі, што магчымы прыезд Аляксандра Лукашэнкі на сьвята беларускай пісьменнасьці 1 верасьня не прысьпешыў іхняй працы. Адкрыцьцё музэяў у палацы Сапегаў і ў быхаўскай сынагозе заплянаванае ажно на 2018 год. Колькі разоў яшчэ давядзецца прыяжджаць высокім начальнікам у Быхаў, каб пляны зьдзейсьніліся, ніхто з быхаўчан прадказаць не бярэцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG