Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Далёка нам яшчэ да той Беларусі...


Сяргей Абламейка
Сяргей Абламейка
Некалі мне напісалася сэнтэнцыя «У Беларусі ня ўмеюць хваліць сваіх...» Прайшло больш за дзесяць гадоў і цяпер гляджу, што справа значна горш. Цяпер я напісаў бы інакш. Напрыклад, так: «У Беларусі ня ўмеюць хваліць сваіх. Тут хваляцца самі... » Або так: «Беларусы — гэта людзі без герархіі ў галаве і салідарнасьці».

Апошнія месяцы вырашыў я больш уважліва паглядзець, што робіцца ў беларускім сеціве і беларускім сэгмэнце сацыяльных сетак — што і як людзі камэнтуюць, пра што спрачаюцца, якія дыскусіі і абмеркаваньні вядуць. Прычым, чытаў я пасты і камэнтары пераважна беларускамоўных, бо менавіта ўсіх іх, а ня толькі супольнасьць творчых людзей, лічу лепшай, перадавой часткай беларускага народу, яго сапраўднай элітай.

Высновы я зрабіў дзьве. Першая: вельмі шмат там прыстойнага, годнага і вартага. А пра другую варта сказаць больш падрабязна.

Ад актыўнасьці пэўнай часткі беларускамоўных у інтэрнэце сумна мне стала. Прымітыўныя выперадкі эгаізмаў, самасьцьвярджэньне за кошт зьнявагі і прыніжэньня іншых, зьвядзеньне асабістых рахункаў і пыха, пыха — у каго адкрытая, а ў большасьці — схаваная і злая, бо не задаволеная.

Тут нічога дзіўнага. У адукаваным асяродку, як, зрэшты, і ў жыцьці наогул — кожны сам за сябе... Але ўсё ж тыя, каго мы называем элітай, мелі б валодаць мінімальным культурным багажом і адукацыяй, якія б не дазвалялі ім апускацца ніжэй за пэўны ўзровень, вызначаны самой супольнасьцю. У нармальных народаў гэта — датрыманьне герархіі каштоўнасьцяў і аўтарытэтаў, а таксама салідарнасьць.

Народ, нацыя — гэта герархічныя структуры. Мы сваю герархію страцілі ў выніку цяжкага гістарычнага лёсу. Наша эліта (шляхта) нас здрадзіла і пакінула, прыняўшы польскую культуру і нацыянальнасьць, мяшчане таксама былі разабраныя Польшчай і Расеяй, а калі рэшта верных свайму народу шляхты і мяшчанаў нарадзілі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў новую нешматлікую эліту, то яе зьнішчылі ў 1930-я гады. Так мы засталіся сялянскай нацыяй амаль без эліты, а тая, што памалу нарадзілася зноў — была ўжо сялянскага паходжаньня. Для нармальнай жа эліты патрэбная патомнасьць — пакаленьні і пакаленьні адукацыі і дабрабыту. У выніку для нашай постсялянскай эліты 1950-80-х гадоў характэрнаю была ўжо малаадукаванасьць і ня надта высокая культура.

Гэтая слабасьць і дала аб сабе знаць, калі ў сярэдзіне 1990-х гадоў пачаліся разбуральныя для грамадзтва і культуры працэсы. У выніку выцясьненьня інтэлектуальных асяродкаў на маргінэс грамадзтва, пазбаўленьня іх доступу да дзяржаўных мэдыяў, у выніку цэнзуры і рэпрэсіяў адбылася атамізацыя культуры і тых, хто яе стварае. Агульны ўзровень гуманітарыстыкі і так быў ня надта высокі на мяжы 1980-х і 90-х гадоў, а цяпер ён наогул абрынуўся.

Але горш іншае. У выніку атамізацыі культуры і творцаў, адбылося разбурэньне той кволай нацыянальнай герархіі, якую мы назіралі ў позьнім СССР і раньняй Рэспубліцы Беларусь. Моцнай стратай для нацыянальнай герархіі стаў сыход у 2003 годзе Васіля Быкава.

Заканамерным вынікам разбурэньня герархіі каштоўнасьцяў і аўтарытэтаў стала самасьцьвярджэньне драбнаты — і ў культуры, і ў палітыцы, і ў апазыцыі, і ва ўладзе. Прычым, у культуры як афіцыйнай, так і неафіцыйнай.

Сам сабой нараджаецца іранічны вершаваны дэвіз нашага часу:

Хаос,
анархія.
Прэч
герархію!
Я, я, я...

Людзі страцілі элемэнтарную павагу да калегаў. Баюся, што гэта сьледзтва сялянскага паходжаньня новай эліты. І ня проста сялянскага (бо селянін-гаспадар сябе паважае), але сялянска-калгаснага, бо якраз пазбаўлены ўласнасьці вясковы люмпэн мае мала падставаў для самапавагі. А хто не паважае сябе, той не паважае іншых.

У выніку каго мы толькі ня пляжам! Шчыкаем і зьневажаем творцаў, палітыкаў, эмігрантаў, прымяншаем іх даробак, лічым чужыя грошы, узвышаем сваіх сяброў (бо ўзвышаючы іх, узвышаем сябе), хвалім тых, хто хваліць нас, ставім лайкі тым, хто ставіць нам... Пахваліць калегу-канкурэнта? Лепш памерці. Параіць замежнаму перакладчыку для перакладу не сваю кнігу? Лепш засіліцца... Маладое пакаленьне ня ведае, што зрабілі яго папярэднікі і — які жах! — ня хоча ведаць.

Дадайце сюды праблемы маралі і сумленьня — сумленьня ў сэнсе веры (страты яе), і сумленьня як такога, якога шмат хто з нас ужо элемэнтарна ня мае. Яно зьнікла, страцілася за сьцёбам, шчыкамі, злосьцю, зайздрасьцю і самасьцьвярджэньнем. Пры гэтым тыя, хто шчыкае, тут жа нарываюцца на тое ж самае, і па шмат разоў... Трагікамэдыя і фарс.

Вось прыклад разбурэньня герархіі і страты нацыянальнай салідарнасьці, які ва ўсіх навідавоку і вельмі вымоўны — прыводжу яго толькі таму. Гэта доля беларускага палітыка і культурнага дзеяча П., які цяпер у эміграцыі. Хто яго толькі сёньня ня пляжыць, што яму толькі не закідаюць, хто толькі на яго ня пырскае сьлінай... Проста камічная сытуацыя. Няўжо ён у жыцьці не зрабіў нічога такога, за што яго можна элемэнтарна паважаць? Не любіць, не захапляцца, не аблізваць і лабызаць — проста паважаць? Можна не падзяляць палітычныя погляды чалавека, ня быць яго пасьлядоўнікам і прыхільнікам, але ж паважаць трэба нават апанэнтаў. Здавалася б. Але ў нас... Брыдка думаць, як гэтаму радуюцца нашы нядобразычліўцы.

Тым часам, каб нават не было ў П. пэрыяду палітыкі першай паловы 1990-х гадоў, яго ўсё роўна варта было б паважаць хоць бы за тое, што знайшоў і адкрыў народу цяпер сусьветна вядомы нэкропаль сталінскіх ахвяраў, што бараніў Нямігу, што ў 1970-я гады быў выкінуты з працы ў Акадэміі Навук, што праводзіў у пачатку 1980-х экскурсіі па Верхнім Горадзе, на адной зь якіх давялося быць і мне, а П. быў апрануты ў стары падраны палітон з чужога пляча і на нагах меў вайсковыя кірзавыя бацінкі без шнуркоў...

Успамінаюцца прыклады з гісторыі блізкіх да нас краінаў. Калі ў 1913 годзе у Расею пасьля амністыі з нагоды 300-годзьдзя Дома Раманавых вярнуўся Канстанцін Бальмонт, на вакзале яго сустракалі тысячы расейцаў. Адзін Маякоўскі, прарваўшыся да паэта, нахаміў яму, маўляў, ваш сымбалізм памёр, цяпер у сіле наш футурызм. Таксама тысячы людзей летам 1917 году сустракалі на вакзале вельмі супярэчлівага апазыцыйнага палітыка, лідэра анархістаў князя Пятра Крапоткіна (дарэчы, крывіцкай крыві, бо ён быў простым нашчадкам князёў Смаленскіх)...

У Чэхіі ў 1991 годзе Грамадзянскі форум заклікаў эмігрантаў вярнуцца і дапамагчы радзіме. Прыехалі амаль усе палітыкі ды інтэлектуалы. У выніку Эган Ланскі стаў віцэ-прэм’ерам, Карэл Кюнл — міністрам гаспадаркі, а пасьля абароны, Элішка Вагнэрава — судзьдзёй Канстытуцыйнага суду і сэнатаркай, і г.д. і г.д.

Нешта мне падказвае, што каб заўтра П. вярнуўся ў Менск, на вакзале яго сустракала б толькі маленькая купка людзей... І гэта не праблема П., гэта праблема ўсіх нас, нашай хворай, амаль пры сьмерці, супольнасьці беларускамоўных.

А каб гэтай сьмерці не наступіла, фігуральна кажучы, трэба навучыцца хваліць сваіх. Або — навучыцца датрымліваць герархію каштоўнасьцяў і аўтарытэтаў. Калі мы народ і культура — то мы народ і культура, а ня толькі я, я, я...

Герархія — гэта пераемнасьць.

Герархія каштоўнасьцяў — гэта салідарнасьць.

Герархія аўтарытэтаў — гэта цэльнасьць, зьнітаванасьць і сіла.

А пакуль я кажу: «Беларусы — гэта людзі без герархіі ў галаве і салідарнасьці».

Далёка нам яшчэ да нармальнай Беларусі...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG