Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ПЭН-цэнтар заклікае аднавіць выдавецтва «Логвінаў»


Рада Беларускага ПЭН-цэнтра заклікала Міністэрства інфармацыі Беларусі адмяніць рашэньне аб пазбаўленьні Ігара Логвінава выдавецкай ліцэнзіі.

Пра гэта гаворыцца ў заяве рады Беларускага ПЭН-цэнтра, распаўсюджанай 11 кастрычніка.

Паводле Пэн-цэнтра, гэтае рашэньне «не было бесстароньнім і не мела дастатковых прававых падстаў».

У заяве адзначаецца, што Логвінава не папярэдзілі пра месца і парадак разгляду пытаньня, ён не меў магчымасьці пазнаёміцца з сутнасьцю прад’яўленых прэтэнзій і даць тлумачэньні. Таму рашэньне міністэрства «уваходзіць у супярэчнасьць з канстытуцыяй і з дзейным заканадаўствам у частцы недапушчэньня выдавецкай цэнзуры». Рада Пэн-цэнтру называе гэта ціскам на ўстанову, якая канкуруе з афіцыйнымі выдавецкімі ўстановамі.
Цягам апошніх дзесяці гадоў выдавец Логвінаў выпусьціў у сьвет большую колькасьць кніг, перакладзеных на беларускую мову зь іншых моў, чым афіцыйнае прадпрыемства «Мастацкая літаратура». Шмат сяброў Беларускага ПЭН-цэнтра не маючы магчымасьці друкаваць свае творы ў выдавецтвах Міністэрства інфармацыі аддавалі свае рукапісы ў выдавецтва Логвінава і іншыя прыватныя выдавецтвы, адзначаецца ў заяве.

Міністэрства інфармацыі адклікала ліцэнзію выдаўца Ігара Логвінава, выдадзеную 8 красавіка 2009 года. Паведамленьне пра спыненьне ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасьць індывідуальны прадпрымальнік Ігар Логвінаў атрымаў 23 верасьня. Дакумэнт падпісала першая намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч. Ліцэнзія адклікаецца «ў сувязі з дапушчанымі грубымі парушэньнямі заканадаўства аб ліцэнзаваньні». Гаворка ідзе пра выпуск альбома «Прэс-фота Беларусі 2011», які суд Ашмянскага раёна прызнаў экстрэмісцкім 18 красавіка 2013 г."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG