Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржынск: ані працы, ані танцаў


Дзяржынск: няма дзе танчыць і сьпяваць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:42 0:00
Наўпроставы лінк

Дзяржынск: няма дзе танчыць і сьпяваць

Вёска Дзяржынск Лельчыцкага раёну (ранейшая назва — Радзілавічы) з амаль тысячай сваіх жыхароў перайшла ў лік непэрспэктыўных паўдзясятка гадоў таму. Тутэйшы калгас скасавалі, далучыўшы яго да сельгаспрадпрыемства ў Прыбалавічах. У многіх людзей ня стала працы. А ў чэрвені 2011 году, акурат на Сёмуху, у вёсцы згарэў і клюб — вяскоўцы страцілі культурніцкую ўстанову, дзе зьбіраліся на канцэрты, сьпевы, танцы. Абурана і моладзь, і сталыя людзі.

Вэтэран калгаснай працы, былы інжынэр Міхаіл Таргоня прыгадвае:

«У 1978 годзе калгас заняў першае месца па намалоту збожжа — валавы збор склаў 2 тысяч тон. А сёлета пасеялі 30 гектараў азімых. Трыццаць! І цяпер з Прыбалавічаў за трыццаць кілямэтраў ганяюць да нас тэхніку. Палі такія былі, але ўжо пазарасталі. А хто прыедзе, то кажуць: «Усё нармальна».
Міхаіл Таргоня
Міхаіл Таргоня

У вёсцы засталася невялічкая фэрма, дзе працуе дзясятак чалавек. Іншай вытворчасьці няма. Таму вяскоўцы, хто ня мае працы, зарабляюць, зьбіраючы то грыбы, то ягады.

Шматдзетная маці спадарыня Вера, колішняя цялятніца, цяпер жыве толькі за кошт журавінаў, якія зьбірае на балотах:

«Каб праца была, то лепш бы пайшоў на працу, чым кожны дзень на балоце ў вадзе плюхацца. Бывае, панабіраеш поўныя чобаты ды ідзеш. Рады былі б і малако здаваць дзяржаве, але ж ніхто яго не прымае. Хоць за малако была б капейчына на хлеб, але ж не прынімаюць. Кажуць, няма каму зьбіраць. Нейкага п’яніцу былі знайшлі, разы два ён прыехаў — і ўжо больш ня едзе. Як хочаш, так і жыві — і маладым, і старэйшым. Каб не было лесу, то жыві як хочаш».

Аднак і на так званых «дарах лесу» вяскоўцаў падсьцерагаюць непрыемнасьці — радыяцыя. Пра гэта апавядае пэнсіянэрка Яўгенія:

«Чарніц у нас не бяруць — брудныя. Радыяцыя! Людзі б зарабілі на чарніцах — не прымаюць. Вакол вёскі — брудныя. Гэта хтосьці ў бок Колак альбо ва Ўкраіну едзе — там нібыта чысьцейшая зона. Там зьбіраюць. А мы прынясем, і нашы ягады ляжаць, ляжаць і прападаюць. Нешта, канечне, сушым, кампоты робім. Журавіны, дык іх не правяраюць. А чарніцы — правяраюць».
На галоўнай вуліцы Радзівілавічаў
На галоўнай вуліцы Радзівілавічаў

Нам, дарэчы, удалося ў гарадзкой лябараторыі праверыць журавіны з Падмошша — журавінавага балота, куды апошнім часам езьдзяць вяскоўцы. Прыбор налічыў на кілё 145 бэкерэляў радыеактыўнага цэзію. Гэта блізка да верхняга максымальнага ўзроўню ўтрыманьня радыенуклідаў у сьвежых ягадах, якія можна спажываць паводле беларускіх санітарных правілаў. А вось у баравіках радыяцыя зашкальвала — 772 бэкерэлі цэзію на кілё.

Шмат хто ў Дзяржынску занудзіўся ня толькі бяз сталай працы, але і без адпачынку.
Тут быў клюб ды згарэў
Тут быў клюб ды згарэў

Гаворыць вяскоўка Тацяна, маці пяцёх дачок і бабуля ўжо дарослых унукаў:

«От у суботу ці нядзелю на канцэрт пайшоў — і аддыхаўся, павесяліўся. Унукі прыедуць, таксама няма куды дзецца — цэлую ноч ля кампутара сядзяць. Гляну ў акно, маладыя ходзяць туды-сюды. Куды ім дзявацца? А маладыя ж хочуць сустракацца з маладымі! У нас — ого, які клюб быў. І стары, ранейшы, і той, што пазьней пабудавалі. Але ж згарэў клюб. Па цяперашнім часе, каб клюба не было — дык хоць бы невялічкі зрабілі! Для моладзі і для нас. Мы ж у цэнтры на холадзе Новы год сустракалі — стаялі й дрыжэлі».
Вясковая моладзь
Вясковая моладзь

Былая загадчыца клюбу Валянціна Бабовіч згадвае:

«Два гады таму ў нас згарэў мясцовы сельскі дом культуры, у якім я працавала загадчыцай шаснаццаць гадоў. На гэты час я звольнілася, не працую там. Але ж мне шкада і моладзь, і ўсіх нашых аднавяскоўцаў, бо ў нас няма куды падзецца. І шкада наш фальклёрны калектыў „Пралеска“. У гурце займаліся дванаццаць жанчын. Мы неаднаразова выступалі ў сябе, за межамі раёну. Ва Ўкраіне выступалі. Выступалі таксама й на фэсьце Дрынеўскага — і два разы займалі першыя месцы. І нам сам Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі ўручаў прызы».
Валянціна Бабовіч
Валянціна Бабовіч

Ніхто толкам ня ведае, ад чаго загарэўся вясковы клюб. Здарылася гэта ў ноч пасьля выходнага. Кажуць, сьпісалі на маланку. Цяпер мясцовыя жанкі, удзельнікі гурту «Пралескі», і гарманіст Міхась Мішкевіч зьбіраюцца па хатах — пагаманіць, разам пасьпяваць.
Гарманіст Міхась Мішкевіч
Гарманіст Міхась Мішкевіч

Валянціна: «Гэта ў нас, бадай, самы знакаміты куточак Палесься, дзе існуе багата якіх абрадаў — і „Завіваньне маладой“, і „Жаніцьба коміна“. І большасьць песьняў, якія мы выконваем, з нашага Палесься, з роднай вёскі. Мы хочам перадаць песьні нашых матуль, бабуль сваім дзецям, унукам, праўнукам. А зараз прасьпяваем песьню пра нашу цудоўную вёску Дзяржынск».
Фальклёрны гурт Пралескі
Фальклёрны гурт Пралескі

«Кажуць людзі: вёска вымірае
І сюды ніхто не прыяжджае.
А я мару, што сюды вярнуся —
Сваёй вёсцы нізка пакланюся».

У Лельчыцкім райвыканкаме запэўніваюць, што шукаюць фундатара, каб рэканструяваць у Дзяржынску былую лазьню пад сельскі дом культуры.

Калі пошукі дадуць плён, то 2015 год вяскоўцы змогуць сустрэць не на вуліцы, а ў клюбе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG