Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі сацыял-дэмакрат супраць расейскага гімну на сшытках


Ігар Барысаў
Ігар Барысаў
Сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» з Магілёва Ігар Барысаў дамагаецца зьняцьця з продажу ў гарадзкіх крамах тавараў для школьнікаў з замежнай палітычнай атрыбутыкай — найперш расейскай. Сваё змаганьне актывіст пачаў пасьля таго, як у гіпэрмаркеце «Гіппа» ўбачыў сшыткі для школьнікаў з гімнам Расейскай Фэдэрацыі. Пасьля скаргаў у гарвыканкам сшыткі з расейскім гімнам з паліцаў крамы зьніклі.

Ігар Барысаў лічыць, што продаж школьных тавараў з палітычнымі сымбалямі замежных дзяржаваў недапушчальны, бо нэгатыўна адбіваецца на патрыятычным выхаваньні дзяцей. Ён сьцьвярджае, што сшыткаў зь дзяржаўным гімнам Беларусі на паліцах гіпэрмаркету не было.

Сшытак з гімнам Расейскай Фэдэрацыі, убачаны Ігарам Барысавым у «Гіпа»
Сшытак з гімнам Расейскай Фэдэрацыі, убачаны Ігарам Барысавым у «Гіпа»
«Першае маё ўражаньне — гэта было абурэньне. Як гэта так, што — у нас няма сваіх беларускіх прадпрыемстваў, якія вырабляюць сшыткі? Я напісаў скаргу ў аддзел ідэалягічнай працы, ва ўпраўленьне гандлю і папрасіў патлумачыць, на якой падставе прадаюцца гэтыя сшыткі і ці не пярэчыць гэта нашай ідэалёгіі. Цікава, што зь беларускім гімнам там наагул нічога не было, таму паўстала пытаньне: як жа наша дзяржава выхоўвае маладых патрыётаў?» — тлумачыць сваю пазыцыю Ігар Барысаў.

Першым адказала на скаргу актывіста Ўпраўленьне ідэалягічнай працы Магілёўскага гарвыканкаму. У лісьце адзначаецца, што ўпраўленьне не «ўпаўнаважана загадваць уладальнікам гіпэрмаркету, сшыткі якіх вытворцаў яму набываць». Што да пакупнікоў, то ў лісьце гаворыцца, што іх ніхто не прымушае набываць сшыткі з гімнам Расейскай Фэдэрацыі.

У гіпэрмаркеце ведаюць пра скаргі Ігара Барысава, бо адміністрацыя мусіла пісаць тлумачэньне ў гарвыканкам. Прадстаўніца адміністрацыі запэўніла, што пісалі адказ чыноўнікам на беларускай мове. Што да скаргаў Барысава, то ягоныя прэтэнзіі яна лічыць беспадстаўнымі:

«На момант ягонага наведваньня быў вялізны выбар беларускіх сшыткаў з гімнам Рэспублікі Беларусь. Адзіны сшытак, ад аднаго пастаўшчыка, з гімнам Расейскай Фэдэрацыі ў шырокую лінейку закупляўся да 1 верасьня. У нас жа ня толькі беларусы бываюць, але і расейцы. Цяпер гэтага сшытка няма. У нас тысячы сшыткаў зь беларускай сымболікай, і толькі адзін быў у шырокую лінейку, і ён яго знайшоў».

Сёньня, наведаўшы «Гіппа», сшыткаў з гімнам Расейскай Фэдэрацыі я не ўбачыў. Не пабачыў і вялікага выбару сшыткаў зь беларускай сымболікай і на беларускай мове. Што да сшыткаў з гімнам замежнай краіны, то на іх беларуская мова ёсьць. На ёй пададзеныя рэквізыты вытворцы і беларускага пастаўшчыка.
На беларускай мове сшыткі не выпускаем

Ці выпускаюць у Беларусі сшыткі для школьнікаў зь беларускай сымболікай і на беларускай мове? З такім пытаньнем зьвяртаюся да супрацоўніцы адміністрацыі Добрускай папяровай фабрыкі «Герой працы». Прадпрыемства — найбуйнейшае ў Беларусі, якое вырабляе школьныя сшыткі.

Прадстаўніца адміністрацыі: «На беларускай мове не выпускаем».

Карэспандэнт: «А зь беларускай сымболікай, з гімнам, гербам?»

Прадстаўніца адміністрацыі: «Ёсьць! Толькі агульныя і паўагульныя. А тоненькіх такіх, то няма. Неяк быў такі момант, што наносілі сымболіку, наш герб, але ў невялікіх аб’ёмах. У нас такія патрабаваньні, што мы ня пішам нават слова „сшытак“, проста пярэдні аркуш разьлінаваны, і ўсё».

Ігар Барысаў задаволены, што пасьля ягонай скаргі сшыткі з гімнам Расеі зьніклі з продажу. Ён заяўляе, што магілёўскія сацыял-дэмакраты наважаныя і надалей правяраць крамы, якія гандлююць школьнымі таварамі з замежнай дзяржаўнай сымболікай.

«Калі паглядзець на гэтыя тавары, на сшыткі, на нататнікі, то можна заўважыць, што ні пра якае патрыятычнае выхаваньне гаварыць не даводзіцца. Што да аддзелу ідэалёгіі, то ён мае чыста дэкаратыўную шыльду. Будзем маніторыць, будзем сачыць, калі зноў нешта зьявіцца такога кшталту — будзем пісаць зноў скаргі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG