Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавусаў: Розгалас вакол менскага чэмпіянату ўжо даў плён


Юры Чавусаў
Юры Чавусаў
Аляксандар Лукашэнка абавязаў застрахаваць страты ў выпадку адмены, байкатаваньня або пераносу тэрмінаў чэмпіянату сьвету па хакеі. Ці азначае такое рашэньне, што Лукашэнка на самой справе асьцерагаецца байкоту, ці гэта звычайная бюракратычная працэдура? Ці можна сказаць, што байкот менскага чэмпіянату яшчэ магчымы, і ці прыедуць на яго ўсе асноўныя хакеісты? На гэтыя пытаньні адказвае юрыст і палітоляг Юры Чавусаў.

— Ці кіраўнік Беларусі сапраўды асьцерагаецца байкоту чэмпіянату, ці страхаваньне — гэта звычайная працэдура, якая існуе ва ўсіх краінах?

— Cтрахаваньне арганізатарамі буйных міжнародных спартовых спаборніцтваў — у прынцыпе, звычайная рэч. Страхуюцца тыя пагрозы, якія могуць перашкодзіць ці сапсаваць правядзеньне гэтых мерапрыемстваў. А пагрозы вынікаюць з тых рызыкаў, якія ёсьць у наяўнасьці. І выдзяленьне ва ўказе Лукашэнкі сярод рызыкаў менавіта байкатаваньня альбо пераносу азначае, што такая рызыка сапраўды ёсьць.

Я думаю, наўрад ці гэты ўказ зьявіўся ў такой форме па волі самога Лукашэнкі. Я мяркую, маюць месца іміджавыя страты, якія ўжо атрымаў будучы чэмпіянат сьвету. Напэўна, гэты ўказ пакліканы супакоіць камэрцыйных партнэраў, Міжнародную фэдэрацыю хакею, дырэкцыю правядзеньня чэмпіянату. Маўляў, калі нешта здарыцца, то страты будуць кампэнсаваныя і камэрцыйныя партнэры гэтых арганізацый не пацерпяць.

— Ідэя байкоту абмяркоўваецца даволі доўга, але выглядае, што байкот ня надта верагодны. Ці сапраўды байкот яшчэ магчымы, ці наадварот, тэндэнцыя зараз іншая і байкот малаімаверны?

— Хоць размовы пра магчымы байкот будуць актывізоўвацца і надалей, сама магчымасць пераносу чэмпіянату цяпер мінімальная. Гэта было магчыма аб’явіць за два-тры гады да чэмпіянату. Але калі засталося некалькі месяцаў, калі ўжо стартаваў той сэзон, у які ўпісаны гэты чэмпіянат — то, натуральна, фэдэрацыя хакею — па добрай волі ці нават пад нейкім ціскам — наўрад ці на гэта пойдзе.

Хаця вельмі верагодны не агульны байкот і не байкот з боку асобных зборных — асобныя спартоўцы могуць на знак пратэсту супраць правядзеньня чэмпіянату ў аўтарытарнай краіне заявіць пра свой няўдзел у гэтым чэмпіянаце.

Адзначу й іншы аспэкт гэтай справы. Пратэсты супраць правядзеньня Чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі былі заўважаны міжнароднымі спартовымі ўладамі, і сёлета ў траўні на міжнароднай канфэрэнцыі міністраў у межах UNESCO была прынятая дэклярацыя, якая ў тым ліку заклікала арганізатараў спартовых спаборніцтваў пры вызначэньні месца правядзеньня ўлічваць і гуманітарны аспэкт. І гэта першы крок да ўвядзеньня тэмы правоў чалавека ў пералік тых крытэраў, якія вызначаюць месца правядзеньня буйных спартовых спаборніцтваў. Такім чынам, розгалас вакол менскага чэмпіянату ўжо даў плён, які адлюстраваны ў канкрэтных дакумэнтах міжнародных структураў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG