Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя падтрымала асацыяцыю Ўкраіны з Эўразьвязам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Са словамі падтрымкі чаканаму падпісаньню дамовы аб асацыяцыі Эўрапейскага Зьвязу і Ўкраіны лідэры беларускай апазыцыі выступілі сёньня на сустрэчы зь міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім.

Радаслаў Сікорскі запрасіў лідэраў беларускіх апазыцыйных партый і рухаў Аляксандра Мілінкевіча (Рух «За Свабоду!»), Уладзімера Някляева ( Рух «Гавары праўду!»), Ірыну Вештард (БСДП), Аляксея Янукевіча (Партыя БНФ) у сувязі з чаканым самітам Усходняга партнэрства Эўразьвязу, які адбудзецца ў лістападзе ў Вільні.

Спадар Сікорскі цікавіўся ў беларускай апазыцыі, што было б карысным для пэрспэктываў Беларусі з пункту гледжаньня яе эўрапейскай інтэграцыі, а таксама дэмакратызацыі павагі да правоў чалавека.

«Спадар Сікорскі заявіў, што і Польшча, і Эўразьвяз застаюцца адкрытымі для супрацоўніцтва. Але тут ёсьць адна прынцыповая ўмова — павага да правоў чалавека з боку беларускай дзяржавы. На самым першым месцы стаіць вызваленьне палітвязьняў. Калі гэта адбудзецца, то і ўжо на гэтым саміце і пасьля яго маглі быць абмеркаваныя шмат якія канкрэтныя рэчы, карысныя і для Беларусі, і для Польшчы, і для Эўразьвязу, зазанчыў ён. Калі ўлады Беларусі выпусьцяць палітвязьняў, то для краіны адкрыюцца новыя магчымасьці», — апавёў «Свабодзе» пасьля сустрэчы лідэр БНФ Аляксей Янукевіч.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
Спадар Сікорскі цікавіўся ў беларускіх апазыцыянэраў сытуацыяй вакол «Беларуськалія», плянамі кампаніі «Народны рэфэрэндум», ацэнкамі пэрспэктыў Віленскага саміту.

«Што датычыць геапалітычнага раскладу ў рэгіёне, то нашая пазыцыя была адзінадушнай. Мы перадусім выказалі ўсебаковую падтрымку падпісаньню Эўразьвязам дамовы пра асацыяцыю з Украінай і іншымі дзяржавамі „Ўсходняга партнэрства“, якія рыхтуюцца да гэтага. Мы лічым вельмі важным, каб Украіна была ўцягнутая ў гэтыя працэсы. А што тычыцца Беларусі, то нашая пазыцыя была таксама адзінадушнай: трэба, каб Эўропа рабіла тыя крокі, якія магчыма рабіць у аднабаковым парадку ў дачыненьні да беларускай грамадзянскай супольнасьці, рабіла, як яна гэта і цяпер робіць, і нават у большай ступені, і каб пэрманэнтна нагадвала дзяржаўным органам Беларусі аб магчымасьцях, якія зьявяцца ў іх у выпадку лібэралізацыі і вызваленьня палітвязьняў, павагі да правоў чалавека», — паведаміў Янукевіч.

Саміт «Усходняга партнэрства» пройдзе 28–29 лістапада ў Вільні. На ім чакаецца падпісаньне паміж Украінай і Эўразьвязам дамоваў аб асацыяцыі і зоне вольнага гандлю, чаму апошнім часам актыўна перашкаджае Расея.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG