Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насуперак Пуціну: Украінцы галасуюць за збліжэньне з Эўропай


Вярхоўная Рада Ўкраіны сёньня прагаласавала за адзін зь пяці законаў, якія ёй трэба прыняць, перш чым краіна зможа падпісаць дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам.

За «эўраінтэграцыйны» закон аб выкананьні судовых рашэньняў прагаласавалі 340 дэпутатаў у 450-мандатным украінскім парлямэнце.

«Існуе агульная пазыцыя ўкраінскай улады і ўкраінскай апазыцыі адносна неабходнасьці падпісаньня дамовы з Эўразьвязам. Будуць разгледжаны і прыняты як мінімум 5 ключавых законапраектаў», — сказаў журналістам Арсень Яцанюк, кіраўнік апазыцыйнай фракцыі «Бацькаўшчына» ў Вярхоўнай Радзе.

Паводле Яцанюка, акрамя згаданага закону аб выкананьні судовых рашэньняў апазыцыя дамовілася з кіроўнай Партыяй рэгіёнаў падтрымаць яшчэ чатыры іншыя законапраекты, якіх ад Кіева патрабуе Брусэль: аб незалежнасьці судзьдзяў; аб паляпшэньні ўмоваў утрыманьня грамадзянаў пад вартай і ў турме; аб адзіным мытным тарыфе, згодна з патрабаваньнямі Сусьветнай арганізацыі гандлю; аб паўнамоцтвах Рахунковай палаты.

Варта нагадаць, што ўсплёск гэтай эўраінтэграцыйнай актыўнасьці ўкраінскага парлямэнту наступіў адразу пасьля выказваньня прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, што Расея і Ўкраіна — «адзін народ», і што Расея будзе вымушаная прыняць адпаведныя эканамічныя захады ў выпадку далучэньня Ўкраіны да зоны свабоднага гандлю ў Эўразьвязе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG