Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўскі: Балівія — пляцдарм ня надта пэрспэктыўны


Эва Маралес і Аляксандар Лукашэнка
Эва Маралес і Аляксандар Лукашэнка

4 верасьня ў Беларусь з афіцыйным візытам прыбыў прэзыдэнт Балівіі Эва Маралес.

Толькі ўчора краіну наведала міністар міжнародных сувязяў і супрацоўніцтва Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Маітэ Нкоана-Машабанэ. На мінулым тыдні ў Беларусі быў прэзыдэнт Рэспублікі Шры-Ланка Махінда Раджапакса. Наколькі пэрспэктыўна разьвіваць супрацоўніцтва з такімі далёкімі краінамі, ці будзе плён ад гэтых візытаў?

За такога кшталту візытамі палітоляг Аляксандар Класкоўскі бачыць інэрцыйны працяг курсу на так званую далёкую дугу замежнай палітыкі, калі кепскія дачыненьні з Захадам, найперш з Эўразьвязам, Беларусь імкнецца кампэнсаваць разьвіцьцём кантактаў з краінамі «трэцяга сьвету». Але гэтая палітыка ўжо паказала сваю неэфектыўнасьць, кажа ён:

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
«Аднак выбару няма. Тым болей калі гаварыць пра Маралеса, дык гэта такая кампэнсацыя таго, што страчваецца ў Вэнэсуэле пасьля сьмерці Чавэса. А там згортваюцца розныя праекты, таму ў гэтым жа рэгіёне побач знайшлі іншы пляцдарм. Але пляцдарм ня надта пэрспэктыўны, на мой погляд, хаця б таму, што гэта бедная краіна. Дзяліць яны ўмеюць, але гаспадарыць — ня надта. Духоўна, пэўна, два лідэры блізкія, але калі весьці гаворку пра чыста эканамічныя выгады, то надта шмат дывідэндаў афіцыйны Менск тут не атрымае. Хіба што „піяраўскія“ дывідэнды».

Мяркуючы па афіцыйных паведамленьнях, пакуль ёсьць толькі «пратакол аб намерах», дзяржавы вызначаюцца з напрамкамі супрацоўніцтва. Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу: «Бліжэйшым часам мы павінны вызначыцца па трох-чатырох фундамэнтальных праектах, зь якіх пачнецца разьвіцьцё нашага супрацоўніцтва. Нам трэба вызначыцца з дарогай, па якой мы павінны прыйсьці ў вашу цудоўную краіну».

Леанід Заіка
Леанід Заіка
Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка лічыць, што тут гаворка ідзе найперш не пра эканамічныя праекты:

«Эканамічныя праекты — гэта толькі частка праблемы. Больш сур’ёзны блёк пытаньняў — гэта стварэньне сыстэмы палітычнай падтрымкі Беларусі ў краінах Паўднёва-Ўсходняй Азіі, а таксама ў такіх, як Балівія, Вэнэсуэла, Куба. Я б ня стаў разглядаць супрацоўніцтва з гэтымі краінамі ў эканамічным рэчышчы. Тут больш сур’ёзныя рэчы: Беларусь проста выціскае амэрыканцаў з Лацінскай Амэрыкі».

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з Эва Маралесам падкрэсьліў, што «ў гэтым складаным, неспакойным сьвеце… са зьнешнімі пагрозамі і палітычнымі інтрыгамі як ніколі важна, каб побач былі сяброўскія краіны, зацікаўленыя ў канструктыўным супрацоўніцтве». Цяпер, акрамя сяброўскай Вэнэсуэлы, побач зь Беларусьсю будзе і Балівія.

Юрый Чавусаў
Юрый Чавусаў
Палітоляг Юрый Чавусаў выказаў думку, што Беларусі трэба шукаць новыя рынкі збыту. І Балівія ў гэтым сэнсе — даволі прымальны варыянт:

«У дадзеным выпадку складаецца ідэальная для беларускай улады сытуацыя замежнапалітычнага супрацоўніцтва, калі супадаюць і палітычныя чыньнікі, і эканамічныя. То бок першы чыньнік — гэта дуга палітычнай падтрымкі: Маралес — левы, Маралес — антыглябаліст, Маралес — антыімпэрыяліст. І эканамічнай падтрымкі: Балівія — з аднаго боку, краіна бедная, зь іншага боку, валодае радовішчамі газу. І ёсьць магчымасьць беларускай эканоміцы нешта атрымаць на балівійскім рынку».

Аляксандар Лукашэнка і Эва Маралес пастанавілі стварыць сумесную працоўную групу дзеля падрыхтоўкі прапаноў па разьвіцьці супрацоўніцтва. Каардынаваць працу будзе кіраўнік спраў прэзыдэнта Віктар Шэйман.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG