Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінка: «Будуць забіраць — зьем кілё сасісак на мяжы»


Крама беларускіх прадуктаў у Кіеве
Крама беларускіх прадуктаў у Кіеве

Чарнігаўская і Жытомірская мытні Ўкраіны ў зьвязку з афрыканскай чумой забаранілі ўвозіць зь Беларусі прадукцыю, якая павінна праходзіць вэтэрынарна-санітарны кантроль.

Гэта ня толькі жывыя сьвіньні, але й сьвежае й замарожанае сьвіное мяса, субпрадукты буйной рагатай жывёлы, авечак, козаў, коней, а таксама каўбасы, бялковыя канцэнтраты, касьцявая мука ды шэраг іншых тавараў. Усё гэта, паводле ўкраінскага боку, можа быць пераносчыкам вірусу афрыканскай чумы сьвіней.

Калінкавіцкі мясакамбінат прадаваў ва Ўкраіну разнастайныя мясныя прадукты — паўфабрыкаты, каўбасы, тушонку. Цяпер украінскі напрамак цалкам закрыты.

Апавядае спэцыялістка мясакамбінату па збыце:

«Мы цяпер нічога ня возім. Як толькі чума зьявілася ў Гарадзенскай і Віцебскай абласьцях, Украіна адразу забараніла. Але тушонку мы да апошняга часу вывозілі, а цяпер ужо кажуць, што забарона тычыцца і тушонкі. Ужо ўсё».

Расея таксама ўвяла абмежаваньні на ўвоз мясной прадукцыі, але зрабіла выключэньне для той, якая праходзіць тэрмічную апрацоўку пры тэмпэратуры 72 і вышэй градусаў. Таму калінкавіцкія адмыслоўцы спадзяюцца пераарыентаваць зьнешні гандаль якраз на Расею.

Гомельскі мясакамбінат толькі зьбіраўся наладзіць гандаль з Украінай — рабіў захады, каб атэставаць сваю прадукцыю на рынку паўднёвай суседкі. Але нават калі камбінат і атрымае зараз адпаведны сэртыфікат, то ня зможа ім карыстацца — пакуль не адменяць забарону на ўвоз мясной прадукцыі празь беларуска-ўкраінскую мяжу. Таму гамельчукі, як сьцьвярджае спэцыяліст аддзелу зьнешнеэканамічных сувязяў камбінату, намагаюцца пераарыентавацца на выраб тэрмічна апрацаванай мясной прадукцыі, каб больш прадаць яе ў Расеі:

«Усё сырое ўвозіць забараняецца. А тое, што прайшло тэрмічную апрацоўку звыш 72 градусаў — калі ласка, вязі. Вараную каўбасу, сасіскі, варана-вэнджанае ўсё можна вазіць. А ва Ўкраіне мы не атэставаныя».

Памежны пераход «Новая Гута»
Памежны пераход «Новая Гута»
Забарону на ўвоз мясной прадукцыі ва Ўкраіну зазнаюць і жыхары памежных раёнаў. Цяпер нельга везьці з сабою нават кавалак каўбасы. І няважна, для асабістага спажываньня яна ці, скажам, сваяку на пачастунак. Хочаш — еш на мяжы пры мытніках, а хочаш — выкідай у кантэйнэр для сьмецьця.

Апавядае жыхар Гомеля спадар Сяргей, які часта езьдзіць ва Ўкраіну:

«Станавіся і зьеш. А ня хочаш есьці — аднясі ў бак для сьмецьця. Забараняюць вазіць ва Ўкраіну сьвіную каўбасу і ўсё іншае, дзе прысутнічае сьвініна. Каўбасы, мяса, сала — забаронена. Гэтаксама як і ў Беларусь нельга ўвезьці з Украіны, напрыклад, яйкі і ўсё такое. Напэўна, гэта адказ украінскай дзяржавы на дзеяньні Беларусі. Расея і тая забараніла ўвоз каўбас і мяса на сваю тэрыторыю. А тым больш Украіна, якая ня ў Мытным зьвязе».

Дробныя ўкраінскія гандляры, які прывозяць у памежны Гомель на продаж памідоры, перцы, арэхі, пэрсікі, цукеркі, да нядаўняга часу затаварваліся і каўбасамі, і тушонкай, і бесьперашкодна везьлі іх назад. Цяпер і яны асьцерагаюцца везьці дамоў беларускія каўбасы. Бяруць толькі беларускія згушчонку, сухое малако, глязураваныя сыркі ды іншыя малочныя прадукты.

Гаворыць спадарыня Алена з украінскага Чарнігава:

Крама беларскіх тавараў у Кіеве
Крама беларскіх тавараў у Кіеве
«У вас эпідэмія якойсьці хваробы сьвіней. У гэтай сувязі й праблемы. Каўбаса, сасіскі, тушонка — забароненыя».

Украінка Надзея, на дадатак да пералічанага малочнага асартымэнту, адважылася купіць сёньня некалькі бляшанак сьвіной тушонкі і кілё сасісак, каб завезьці ўсё ў Чарнігаў:

«У мяне кілё сасісак. Будуць забіраць, дык я зьем — у мяне апэтыт добры. Вядома, забараняюць — гэта ўсё палітыка».

Пра тушонку, якую таксама нельга везьці празь мяжу, украінка таксама асабліва не турбуецца. Мяркуе, што ад сваіх жа, украінскіх мытнікаў неяк абароніцца:

«Дык тушонка ведаеце калі была выпушчана? Яшчэ ў лютым! Тады чума яшчэ ішла, ішла да вас — і яшчэ не дайшла».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG