Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: Трэба зрабіць адкрытым разгляд касацыйнай скаргі Гайдукова


Юрыст Юры Чавусаў лічыць, што адкрыты разгляд касацыйнай скаргі на прысуд Андрэю Гайдукову мог бы зьняць у грамадзкасьці шматлікія пытаньні што да законнасьці гэтай справы.

Камэнтуючы публікацыі газэты «Беларусь Сегодня», Юры Чавусаў зьвяртае ўвагу на тое, што ў сытуацыі закрытага суду матэрыялы сьледзтва разгалошваюцца вельмі дзіўным чынам:

Юры Чавусаў: «Доказы, якія сьведчаць пра вінаватасьць Гайдукова, шырока публікуюцца ў дзяржаўных СМІ. Але справа застаецца закрытай. Зьвестак пра тое, што касацыйнае паседжаньне будзе адкрытым, няма. Гэта выглядае як зьліў у СМІ зьвестак пра факты, якія пацьвярджаюць віну Гайдукова. А аргумэнты абароны застаюцца невядомымі грамадзкасьці».

Праваабаронца Алена Танкачова паведаміла, што рыхтуе заяву ў праваахоўныя органы з патрабаваньнем праверыць, на якой падставе газэта «Беларусь Сегодня» атрымала доступ да матэрыялаў расьсьледаваньня і судовага працэсу справы Андрэя Гайдукова.

Алена Танкачова: «Намі ўзьнятая праблема, зьвязаная з парадкам аховы інфармацыі падчас сьледзтва і закрытых судовых паседжаньняў. Гэта розныя сфэры з рознай працэдурай перадачы інфармацыі. І ў сувязі з рэакцыяй СБ намі рыхтуецца заява ў праваахоўныя органы з просьбай праверыць працэдуру перадачы дадзеных закрытага судовага паседжаньня. Мы разьлічваем, што законнасьць перадачы гэтых дадзеных будзе правераная».

Праваабаронца спасылаецца на артыкул 407 Крымінальнага кодэксу РБ «Разгалошваньне дадзеных дазнаньня, папярэдняга сьледзтва, закрытага судовага паседжаньня».

Выданьне «Беларусь Сегодня» 21 і 22 жніўня апублікавала два матэрыялы, прысьвечаныя справе «шпіёна» Андрэя Гайдукова. У артыкулах, падпісаных нейкім Ігарам Доліным, сярод іншага прыводзяцца тэксты дакумэнтаў, якія могуць быць матэрыяламі сьледзтва ці судовага паседжаньня. Гэта меркаваны ліст Андрэя Гайдукова ў ЦРУ, а таксама фрагмэнты перапіскі Гайдукова зь беларускім КДБ у межах «контравыведнай гульні».

Алена Танкачова зьвярнула ўвагу на пытаньне законнасьці публікацыі яшчэ пасьля зьяўленьня ў СБ першага артыкула. Напэўна, таму ў сваім другім артыкуле Ігар Долін апэляваў непасрэдна да праваабаронцы: «Як ён трапіў да мяне? Віднай «праваабаронцы» Танкачовай і іншым цікаўным асобам, якіх, мяркуючы па камэнтарах у сеціве, гэта вельмі турбуе, адкажу каротка і ясна: «У журналіста ёсьць крыніцы інфармацыі, пра якія перад Танкачовай ён справаздачыцца не абавязаны!»

Але шмат якія дэталі справы, якія публікуе цяпер «Беларусь Сегодня», для самой Ірыны сталі нечаканасьцю.

Першы матэрыял, зь якога сталі вядомыя дэталі справы Гайдукова, зьявіўся ў «Камсамольскай праўдзе» 4 ліпеня. Журналістка Ірына Козьлік узяла інтэрвію ў першага намесьніка пракурора Віцебскай вобласьці Аляксандра Сідаровіча. Менавіта ён распавёў, што Гайдукоў перадаваў ліст у ЦРУ праз аднаго з сваіх сяброў, а КДБ пасьля ўступіў са сьлесарам з «Нафтана» ў «контравыведную» гульню. Каб узяць інтэрвію ў пракурора, «Камсамольская праўда» дасылала шматлікія запыты і чакала на іх адказаў. Пачалася гэтая праца задоўга да суду над Гайдуковым.

Чавусаў кажа, што падобныя публікацыя прызначаныя дыскрэдытаваць статус палітзьняволенага. «Улады спрабуюць стварыць адчуваньне, што Гайдукоў вінаваты. А ўскосна гэта кідае цень на беларускіх праваабаронцаў, якія не ацэньваюць якасьць доказаў ці сьведчаньняў, што гучаць на працэсе. Бо сам працэс закрыты. Праваабаронцы ацэньваюць сумнеўны характар усёй справы ў цэлым: грамадзкасьці невядома, у чым абвінавачваецца канкрэтна Гайдукоў, канкрэтныя акалічнасьці справы. Праблема яшчэ і ў тым, што артыкул, па якім ён асуджаны, сфармуляваны расплывіста. Ён быў уведзены ў 2011 годзе, і тады мы ўжо казалі, што яго можна трактаваць адвольна. Улады зьліваюць інфармацыю пра вінаватасьць Гайдукова і такім чынам абгрунтоўваюць выкарыстаньне гэтага артыкула для перасьледу грамадзка-палітычных дзеячаў. А таксама падаграюць шпіёнскую гістэрыю ў грамадзтве».

1 ліпеня 2013 году Гайдукоў быў асуджаны Віцебскім абласным судом паводле ч. 1 арт. 14 і арт. 356-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі (спроба ўсталяваньня супрацоўніцтва са спэцыяльнай службай, органам бясьпекі або выведным органам замежнай дзяржавы) на 1,5 года пазбаўленьня волі. Справа разглядалася ў закрытым судовым пасяджэньні.

Касацыйная скарга Андрэя Гайдукова на прысуд будзе разглядацца ў Вярхоўным судзе 27 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG