Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Казлоў: У кожнага зь менскіх казіно ёсьць «крыша»


Мікалай Казлоў

«Прастытуцыя ды іншыя злачынствы пры менскіх казіно — не выключэньне, а заканамернасьць», — мяркуе былы падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў.

Наступствы пераезду ў Беларусь расейскіх казіно і гульнявых устаноў апынуліся ў цэнтры ўвагі грамадзкасьці пасьля затрыманьня супрацоўнікаў казіно «Шангры Ла» за арганізацыю прастытуцыі.

Наведнікі Менску, якія пралятаюць самалётам у аэрапорт Менск-2 і едуць у сталіцу па маскоўскай шашы, некалькі разоў па дарозе бачаць над сабой вялікія рэклямныя шчыты VIP-казіно «Шангры Ла». Менавіта са зьяўленьня гэтага казіно пачалася ў 2009 годзе экспансія ў Менск расейскіх гульнявых устаноў, якіх з Масквы ды іншых буйных гарадоў выціснуў новы закон. У кастрычніку 2009 году авіякатастрофа пад Менскам расейскага самалёта, у якім ляцелі наведнікі казіно «Шангры Ла», крыху прыпыніла гэтую экспансію. Тады загінулі 5 чалавек, зь іх 2 VIP-пасажыры. Але ўжо праз год казіно ў Менску было больш за 10. У красавіку 2013 году, паводле падаткоўцаў сталіцы, у Менску дзейнічалі 53 казіно, а ўсяго ўстаноў гульнявога бізнэсу было 115. За лета некалькі гульнявых клюбаў закрыліся, — эканамічны крызіс адбіваецца і на іх — але што да буйных VIP-казіно, усе яны працуюць надалей.

Былы падпалкоўнік менскай міліцыі Мікалай Казлоў лічыць затрыманьне двух супрацоўнікаў казіно «Шангры Ла» паводле падазрэньняў у арганізацыі прастытуцыі маленькім эпізодам з патаемнай дзейнасьці казіно, адкрытых у Менску расейцамі:

«Я б не называў тое, што адбылося з казіно „Шангры Ла“, наездам. Калі б наехалі, то спынілі б усю працу, забралі б бухгальтэрыю, затрымалі б уладальнікаў. А тут — дробны супрацоўнік казіно нешта такое арганізаваў, і яго затрымалі. Можна ж параўнаць „Данькоў-клюб“ і „Шангры Ла“. Вось там наехалі, арыштавалі ўладальніка. А тут толькі паўшчувалі. Чатыры гады нібыта спатрэбілася, каб высьветліць, што тут былі платныя сэкс-паслугі. Перакананы, што на іх ёсьць два валізкі кампрамату, але проста не было каманды нейкія дзеяньні рабіць. Прагучала каманда зрабіць усё без асаблівага маштабу — вось і зрабілі. Нібыта прагучала, але і нейкіх наступстваў няма».
Перакананы, што на іх ёсьць два валізкі кампрамату, але проста не было каманды...

Са свайго міліцэйскага досьведу Мікалай Казлоў ведае, што адкрыцьцё кожнага казіно прыкметна падвышае злачыннасьць у яго ваколіцах. Паводле Мікалая Казлова, калі ў Маскве закрываліся казіно, «шэрыя» ошты на адкрыцьцё такіх устаноў у Менску падскочылі да некалькіх соцень тысяч даляраў. Былы міліцыянт мяркуе, што з таго часу хабары чыноўнікам ня зьменшыліся, высокімі застаюцца і рэгулярныя адлічэньні тым, хто «крышуе» гэты бізнэс. Што да кіраўніцтва краіны, то яно закрывае вочы на негатыўныя наступствы гульнявога бізнэсу дзеля атрыманьня вялікіх падаткаў. Маральная шкода грамадзтву ў лік не бярэцца, мяркуе Мікалай Казлоў:

«Заробленыя праз казіно грошы несувымерныя са стратамі для грамадзтва, але пра маральныя рэчы нашае кіраўніцтва не задумваецца, яму гэта абсалютна непатрэбна. У яго няма такога пункту ў галаве. У яго жаданьне адно — атрымаць болей грошай. І з тых, хто валодае казіно, і з тых, хто іх „крышуе“. А што „крышаваньне“ вядзецца на вельмі высокім узроўні, я ў гэтым перакананы. Сярэдняе зьвяно, улічваючы абароты, гэтаму рады ня дасьць».

Паводле сайту «Ежедневник», мінімальная сума абмену грошай на фішкі ў менскіх VIP-казіно — 5 тысяч даляраў. Мінімальная стаўка ў рулетку — 25 даляраў, у картачных гульнях — 200 даляраў. Зьвесткі пра максымальныя выйгрышы казіно не афішуюць, але ў некаторых казіно ёсьць акцыі зь вялікімі сумамі. Тое ж «Шангры Ла» рэклямуе супэргульню з максымальным выйгрышам 35 тысяч умоўных адзінак. Як пра перавагу ўсе беларускія казіно адзначаюць у рэклямах, што выйгрыш у Беларусі не абкладаецца падаткам. Уладальнікі казіно ня любяць казаць пра свае падаткі, але беларускія апазыцыянэры заўважылі важны момант: у 2010 годзе Аляксандар Лукашэнка сваім указам фактычна ўратаваў гаспадароў казіно ад банкруцтва, прывязаўшы абавязковыя выплаты да беларускага рубля, а не да эўра.

Георгі Дзьмітрук
Георгі Дзьмітрук
Сустаршыня партыі БХД Георгі Дзьмітрук нагадаў, што калі раней у Менску за ігральны стол плацілі падаткаў на суму 3,5 тысячы эўра, дык цяпер — 16 мільёнаў рублёў: «Гэта значыць, што сума абавязковых выплат уладальнікаў казіно скарацілася за год у 2–3 разы». Разам з аднадумцамі з БХД Георгі Дзьмітрук ня першы год змагаецца з казіно і адзначае некаторыя зрухі да лепшага. У прыватнасьці, тое, што зьявілася база на гульняманаў і на ўваходзе ў любое казіно наведніка мусяць праверыць па пашпарце, каб спраўдзіць у гэтай базе і вырашыць, ці можна яго прапускаць. Але дзейнічае правіла не паўсюль:

«Я некалькі разоў правяраў, як дзейнічае гэтае правіла. Аднойчы ў мяне спыталі пашпарт, але было і такое, што прапусьцілі бяз пашпарта. Такая база — гэта добра, але збольшага ўсё ж гэта мінімальны захад барацьбы з гульняманамі. Галоўныя нашы намаганьні накіраваныя на тое, каб паводле закону вывесьці гульнявыя ўстановы з гарадоў. Каб школьнік, якому маці дала грошы схадзіць у краму, ня мог па дарозе зайсьці ў гульнявы клюб і прайграць гэтыя грошы. Каб тыя, хто хоча гуляць, мусілі прыкласьці для гэтага нейкія намаганьні. Але такога пакуль няма, ісьці на гэта ў нашай краіне ня хочуць. Наша задача ў тым, каб распачаць у грамадзтве размову: ці патрэбны дзяржаве прыбыткі на крыві нашых дзяцей?»

Паводле афіцыйных зьвестак, у сталіцы Беларусі дзейнічаюць ня толькі легальныя, але і нелегальныя казіно. У 2012 годзе такое казіно раскрылі сьледчыя дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК Беларусі.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG