Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыкашэт: Чаму нельга рабіць «паслабленьня» «самавольству» народа


Як вядома, чалавек — гэта стыль. Аляксандра Лукашэнку выдае стылістыка, як бы ён ні імкнуўся маскіравацца пад іншы вобраз.

У гэтым чарговым разам пераконваесься, калі слухаеш ці чытаеш ягоны выступ на нарадзе па пытаньнях удасканаленьня выбарчага заканадаўства.

Была дзяжурная рыторыка пра волю народа.

«І вырашаць гэтыя праблемы, якія мы сёньня будзем абмяркоўваць, павінен беларускі народ. Мы павінны ўсё рабіць так, як сёньня жадае народ у нашай краіне. Гэта — галоўнае».

Ня будзем цяпер чапляцца да таго, якім чынам беларускі народ павінен вырашаць праблемы зьменаў у выбарчае заканадаўства. І як прэзыдэнт даведаўся, якіх паправак жадае «народ у нашай краіне».

Больш цікавая наступная фраза, якая абвяргае папярэднюю і выдае прамоўцу з галавой.

«Калі мы ідзем на нейкае паслабленьне, то павінны быць упэўнены, што гэта не адаб’ецца нэгатыўна на стабільнасьці ў краіне і кіраванасьці сытуацыяй падчас выбараў... Ніякага самавольства і бескантрольнасьці быць не павінна», — падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка.

Што азначае слова «паслабленьне» датычна выбарчай кампаніі? Ва ўмовах дэмакратыі падчас выбараў народ выказвае сваю волю. З гэтай фразы Лукашэнкі вынікае, што ў Беларусі ўсё зусім ня так, гэты прынцып ня дзейнічае. Тут улада вырашае: даць народу «паслабленьне» падчас яго волевыяўленьня ці ня даць. То бок воля электарату падмяняецца воляй улады.

Далей, якім чынам свабодны народны выбар можа нэгатыўна адбіцца на стабільнасьці? Як вядома, дэмакратыі — самыя стабільныя палітычныя сыстэмы.

Усё становіцца на сваё месца, калі зразумець, што гаворка ідзе пра стабільнасьць дзейнага рэжыму, існай улады. Вось ёй свабодны выбар народа сапраўды пагражае.

І, нарэшце, апошні тэзіс — наконт «кіраванасьці сытуацыяй падчас выбараў», папярэджаньне, што «ніякага самавольства і бескантрольнасьці быць не павінна». Гэта можна лічыць апошнім цьвіком у труну беларускіх выбараў. Бо як можна кіраваць народным волевыяўленьнем ці кантраляваць яго? Кіраванае ці кантраляванае выяўленьне волі народа — гэта нонсэнс, кагнітыўны дысананс. «Самавольства» выбаршчыкаў — гэта якраз і ёсьць свабодны выбар электарату. І вось Лукашэнка заяўляе, што гэтага быць не павінна.

Беларускі лідэр — чалавек шчыры. Ён часта кажа, што думае ці нават адчувае на ўзроўні падсьвядомасьці. Ягоныя агаворкі «па Фрэйду» — гэта цэлая скарбніца для дасьледчыка. Таму ўважліва слухайце Лукашэнку.

Ягоныя агаворкі «па Фрэйду» — гэта цэлая скарбніца для дасьледчыка. Таму ўважліва слухайце Лукашэнку.
Калі казаць пра сутнасьць паправак у выбарчае заканадаўства, то галоўны іх сэнс — гэта эканомія сродкаў на выбары. Як казаў герой аднаго старога папулярнага фільму, у бацькі скончыўся залаты запас. Цяпер улады пачынаюць эканоміць на ўсім. На навуцы, тэатрах, будоўлі вялікіх цэркваў і нават, страшна сказаць, на хакеі. Дайшла чарга і да выбараў. Калі ўжо гэты рытуал неабходна выконваць, то трэба зрабіць яго максымальна танным.

Таму выбары Палаты прадстаўнікоў будуць праводзіць у адзін тур. То бок тое, што цяпер існуе дэ-факта, стане дэ-юрэ.

Затым улады адмаўляюцца ад бюджэтнага фінансаваньня агітацыйных выдаткаў кандыдатаў. Цяпер гэта перакладаецца на саміх прэтэндэнтаў на пасаду дэпутата ці прэзыдэнта. Цікава, што частку бюджэтных сродкаў перададуць мясцовым тэрытарыяльным і акруговым выбаркамам, каб тыя выраблялі інфармацыйныя буклеты і разам з запрашэньнем наведаць выбарчы ўчастак рассылалі іх выбаршчыкам. То бок фактычна агітацыяй цяпер будуць займацца ня самі кандыдаты, а выбарчыя камісіі. Такія дзівосы беларускіх выбараў.

Сам Лукашэнка пракамэнтаваў скарачэньне фінансаваньня выбарчай кампаніі ў тым сэнсе, што галоўнае — ня грошы, а праца зь людзьмі: «Я памятаю сваю першую прэзыдэнцкую кампанію. Я пешшу прайшоў па ўсёй краіне. У мяне не было грошай, іх баяліся даваць».

У гэтай сувязі хачу нагадаць адзін эпізод той выбарчай кампаніі кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі. 10 чэрвеня 1994 году на беларуска-літоўскай мяжы быў затрыманы фургон, у якім знаходзілася 20 тон агітацыйных матэрыялаў (65 тысяч каляровых плякатаў з партрэтам і 250 тысяч буклетаў), якія заклікалі галасаваць за Лукашэнку. Прадукцыя, як сьведчылі суправаджальныя дакумэнты, была надрукаваная ў нямецкім горадзе Гановэры за валюту. Арыенціровачны кошт грузу — каля 100 млн рублёў. А паводле выбарчага заканадаўства дзяржава выдзяляла кожнаму зарэгістраванаму кандыдату па 20 млн рублёў. Гэта было відавочнае парушэньне закону, і Лукашэнку маглі пагражаць суровыя санкцыі, аж да зьняцьця з выбарчай кампаніі. Зразумела, чаму прадстаўнікі ягонай каманды разважліва пасьпяшаліся адхрысьціцца ад грузу і назвалі гэты выпадак правакацыяй канкурэнтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG