Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякіх істотных зьменаў у выбарчую машыну, якая і так добра працуе»


Юры Чавусаў
Юры Чавусаў
Аляксандар Лукашэнка сёньня правёў нараду па пытаньнях выбарчага заканадаўства. Сярод іншага кіраўнік дзяржавы заявіў, што зьмяненьне выбарчага заканадаўства ў краіне павінна быць узважаным і ў інтарэсах беларускага народу, а ня дзеля спаборніцтва зь іншымі краінамі. Ці варта цяпер чакаць ад уладаў рэальных зьменаў у кірунку дэмакратызацыі правядзеньня выбараў? На гэтае пытаньне адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

— Аналіз дзеяньняў улады ў гэтай сфэры, выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі на гэтай нарадзе ці дае падставы гаварыць пра тое, што ўлады згадзіліся ўнесьці пэўныя істотныя папраўкі, якія могуць дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства? Ці ўсё ж прапанаваныя зьмены носяць выключна фармальны характар?

— Ад заканчэньня мінулай парлямэнцкай кампаніі ведамства Лідзіі Ярмошынай ня раз заяўляла, што будзе «падчышчаць» тыя нормы заканадаўства, якія дазвалялі апазыцыі, напрыклад, выкарыстоўваць магчымасьці выбарчай кампаніі для агітацыі за байкот. Пазьней узімку выказваліся нават меркаваньні, што сярод гэтых паправак могуць быць улічаныя нават некаторыя рэкамэндацыі БДІПЧ АБСЭ.

Але, безумоўна, кардынальна рэфармаваць заканадаўства, набліжаць яго да эўрапейскіх стандартаў улады зараз не зьбіраюцца. Яны проста спэкулююць на гэтай тэматыцы, дадаючы долю няпэўнасьці ў будучую выбарчую кампанію. Бо ніхто дакладна ня ведае, якія папраўкі там прапанаваныя. У гэтым і асноўная праблема — тэксту законапраекту грамадзкасьці не відаць.

— Лукашэнка на нарадзе заявіў, што ніякай бескантрольнасьці, самавольства быць не павінна. Ці гэтыя словы даюць пэўны кірунак таго, якія папраўкі могуць быць унесеныя?

— Гэта якраз пацьверджаньне таго, што істотных зьменаў ня будзе. Гучалі прапановы пра больш значныя пераўтварэньні — напрыклад, пра наданьне права грамадзкім аб’яднаньням рэспубліканскага статусу вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Была размова пра скасаваньне сельскіх саветаў, пра рэфармаваньне парадку фінансаваньня выбарчага працэсу.

Хутчэй за ўсё, словы Лукашэнкі сьведчаць пра тое, што ён накладае вэта на любыя значныя пераўтварэньні, нават тыя, якія скіраваныя на павелічэньне кантролю за выбарчым працэсам. Хутчэй за ўсё, пазыцыя Лукашэнкі такая — ніякіх значных зьменаў у тую машыну, якая і так добра працуе, уносіць ня трэба. Нават у мэтах эканоміі дзяржаўных сродкаў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG