Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паедзе Лукашэнка ў Іран?


Новаабраны прэзыдэнт Ірану Хасан Роўхані
Новаабраны прэзыдэнт Ірану Хасан Роўхані

Пытаньне пра тое, хто зь Беларусі паедзе на інаўгурацыю прэзыдэнта Ірану, вырашаецца.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

30 ліпеня іранскае інфармацыйнае агенцтва Мехр паведаміла, што 13 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, а таксама пяць сьпікераў парлямэнтаў і шэсьць кіраўнікоў МЗС пацьвердзілі намер прысутнічаць на інаўгурацыі новага прэзыдэнта Ірану Хасана Роўхані. Яна прызначаная на 4 жніўня.

Ужо вядома, што на цырымоніі інаўгурацыі будуць прысутнічаць, сярод іншых, прэзыдэнты Армэніі, Казахстану, Таджыкістану і Туркмэністану.

Роўхані перамог на прэзыдэнцкіх выбарах 14 чэрвеня гэтага году, набраўшы ўжо ў першым туры больш за палову галасоў.

Амаль год таму міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей прадстаўляў афіцыйны Менск у Тэгеране на саміце руху недалучэньня, куды быў запрошаны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Удзельнікі саміту руху недалучэньня падтрымалі тады права Ірану на ядзерную энэргетыку. Выніковая дэклярацыя гэтага саміту была прынятая празь дзень пасьля таго, як Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі зьвінаваціла Іран у блякаваньні доступу міжнародных інспэктараў да ядзернага аб’екта ў горадзе Парчын, дзе, як падазравалася, Тэгеран можа распрацоўваць ядзерныя боегалоўкі.

Заходнія краіны лічаць, што багаты нафтай і прыродным газам Іран ня мае патрэбы ў атамных электрастанцыях, а ягоная ядзерная праграма выкарыстоўваецца дзеля распрацоўкі ўзбраеньняў. Тэгеран гэтыя закіды адмаўляе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG