Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Ўручча заяўляюць пра генацыд


Жыхары менскага мікрараёна Уручча-2 на ўчора ўвечары на стыхійным сходзе запісалі відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка ягонай адміністрацыі.

Людзі абураюцца далейшым ўшчыльненьнем іх мікрараёна, высечкай паркаў. Ніхто ад уладаў на сход жыхароў не прыйшоў, калі не лічыць супрацоўнікаў у цывільным і міліцыянтаў, якія сачылі за людзьмі.

Каля 200 жыхароў Ўручча сабраліся на месцы меркаванага будаўніцтва 19-павярховіка на вуліцы Шугаева, якое забірае ў людзей зялёную зону.

На сходзе быў агучаны зварот да кіраўніцтва краіны:

«Мы, жыхары, хочам спакойна жыць і працаваць, але вось ужо дзявяты год запар нас не пакідаюць у спакоі. Няма ў Менску больш ні аднаго маленькага старога мікрараёна, які падвергся б такому варварскаму ўшчыльненьню, як наш. Нягледзячы на шматгадовыя масавыя пратэсты грамадзян, нягледзячы на тое, што праект будоўляў быў адхілены двойчы, у 2012 годзе Менгарвыканкам пачаў будаўніцтва трох шматпавярховак, зьнішчыўшы дзеля гэтага сквэр».

Будаўніцтва дома ва Ўруччы-2 жыхары называюць пагрозай, якая навісла над цэнтрам мікрараёна:

«На невялікім, на самым ажыўленым участку мікрараёна, дзе ідуць асноўныя патокі людзей, хочуць разгарнуць будаўніцтва шматпавярховага дома. Будоўля будзе ісьці пад вокнамі жылых дамоў, каля сьцен ашчадбанка і агароджы дзіцячага садка ... Пры гэтым паркоўку хочуць адабраць. Ствараюцца немагчымыя ўмовы пражываньня і побыту для вялікай колькасьці людзей. Небясьпека пагражае жыхарам дома 17, корпус 2 (вуліца Шугаева), дзе падмурак час ад часу дае правалы і расколіны — апошні рамонт быў у чэрвені.

Трэцюю будоўлю на вуліцы даўжынёй у 500 мэтраў мы, жыхары, ўспрымаем як генацыд насельніцтва, як мэтанакіраванае ператварэньне мікрараёна ў жалезабэтонную рэзэрвацыю. Даведзеныя да стану крайняга абурэньня і роспачы, мы, жыхары Уручча-2, зьвяртаемся да вас, паважаны прэзыдэнт Рэспублікі Беларусі, паважаны кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта, з просьбай спыніць беззаконьне. Менгарвыканкам і адміністрацыя Першамайскага раёна павінны выконваць рашэньне, прынятае сумесна з адміністрацыяй прэзыдэнта ў чэрвені 2012 года»,— цытуе зварот жыхароў Уручча tut.by

Пагаварыць хоць з кім-небудзь з афіцыйных асоб прысутным так і не ўдалося.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG