Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горад наступае. Людзі бароняцца


Будаўніцтва дому для спэцназаўцаў ва Ўруччы
Будаўніцтва дому для спэцназаўцаў ва Ўруччы
Змаганьне жыхароў менскага мікрараёну Ўручча супраць ушчыльненьня забудовы дзеля дамоў для спэцназу скончылася штрафамі і арыштам арганізатара пратэстаў Леаніда Мажальскага. Відавочна, гэтым выракам улады хочуць спыніць пратэсты. І ня толькі ва Ўруччы.

Жыхары шэрагу раёнаў Менску і ваколіцаў дамагаюцца захаваньня паркаў, дзіцячых пляцовак, закідаюць уладам, што тыя рэалізуюць свае праекты без шырокага грамадзкага абмеркаваньня, зьбіраюць подпісы і зьвяртаюцца ў суды.

Прапануем геаграфію аб’ектаў, вакол якіх адбываліся такія падзеі, і кароткую гісторыю самых гучных пратэстаў.


Уручча. Ушчыльненьне сілавымі прыёмамі


Ад 18 ліпеня 5-дзённае адміністрацыйнае пакараньне на Акрэсьціна адбывае адзін з самых актыўных удзельнікаў ініцыятывы супраць ушчыльненьня Уручча-2 Леанід Мажальскі. Першамайскі суд прызнаў яго вінаватым у парушэньні адразу трох артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу. Справа тычыцца падзей у сквэры на скрыжаваньні вуліц Русіянава і Шугаева 4 і 5 ліпеня, калі там пачалося будаўніцтва дома для спэцназу. Пад патрабаваньнем спыніць будоўлю ў зялёнай зоне актывісты сабралі каля 4000 подпісаў. Адказу ні з Адміністрацыі прэзыдэнта, ні ад прэм’ера Міхаіла Мясьніковіча і мясцовых чыноўнікаў не дачакаліся і пачалі ладзіць дзяжурствы ў сквэры.

22 чэрвеня падчас апошняй сустрэчы з адміністрацыяй гораду жыхары патрабавалі адстаўкі кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Менску Ігара Кудрэвіча. Некаторыя з актывістаў у сваіх прамовах зазначылі, што будуць бараніць свой раён да канца.

Леанід Мажальскі зьбіраецца балятавацца ў Палату прадстаўнікоў на бліжэйшых выбарах. Ягоную ініцыятыўную групу ўжо зарэгістравала камісія Уруцкай акругі № 109.


Калодзішчы-2. Тады горад ідзе да вас!


Жыхары новага катэджнага пасёлку на колішнім вайсковым палігоне дамагліся доступу да праектнай дакумэнтацыі забудовы раёну «Зялёны бор», расказаў «Свабодзе» мясцовы жыхар Сяргей Кадомскі. Цяпер група грамадзян вывучае, як камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканаму і прадпрыемства «Менскграда» ўлічылі прапановы людзей па выніках грамадзкіх слуханьняў, што прайшлі ў траўні. Пад адпаведным зваротам у адміністрацыю Партызанскага раёну падпісалася 1500 жыхароў Калодзішчаў.

Людзі занепакоеныя, што плянаваныя ТЭЦ, чыгуначная і аўтамабільная разьвязкі, сартавальная станцыя, аўтапарк разьмяшчаюцца ў непасрэднай блізкасьці ад іх дамоў. Дзеля будаўніцтва гэтых аб’ектаў прыйшлося б зьнесьці 800 гаражоў, высекчы лясны масіў.


Парк 40-годьдзя Кастрычніка. Суд сышоў


14 ліпеня эколягі прайгралі суд супраць будаўнікоў гатэля «Пэкін». Пазоў супраць замежнага таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Гатэль «Пэкін-Менск» падалі грамадзкае аб’яднаньне «Экадом», архітэктар Уладзімер Зубок і эколяг Валерый Дранчук. Яны патрабавалі адмяніць рашэньне Менгарвыканкаму аб выдзяленьні інвэстару ўчастка на будаўніцтва, адмяніць рашэньне адміністрацыі Ленінскага раёну пра высечку дрэў, а таксама ў поўным аб’ёме аднавіць парк. На хадайніцтва прадстаўніка Ленінскага раёну Менску судзьдзя спыніла справу. Аказалася, што спрэчка не падведамасная суду, бо рашэньне будаваць комплекс «Пэкін» прымалася ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Яшчэ перад зваротам у суд актывісты сабралі подпісы 3000 менчукоў супраць высечкі зялёнай зоны. На тэрыторыі парку 40-годзьдзя Кастрычніка поўным ходам ідзе падрыхтоўка будаўнічай пляцоўкі.

Валер Дранчук лічыць, што ўсё ж звароты ў суд неабходна працягваць. Сваю пазыцыю ён патлумачыў «Свабодзе»:

«Суд усё роўна ўзьдзейнічае на чыноўніка. Нават пры нашым судзе перад літарай закону павінны стаяць навыцяжку і дэмакраты, і чыноўнікі. У нас маса зачэпак, на падставе якіх трэба працягваць суд. Гэты рэсурс за намі. Дадзены суд павінен увайсьці ў гісторыю як акцыя грамадзкага супраціву. Дзікі выпадак: у цэнтры сталіцы нават не інвэстыцыйны праект, а праект надзвычайнай экспансіі!»


Севастопальскі парк. 16 гадоў абароны


Ад 1996 году жыхары Першамайскага раёну Менску бароняць парк ад узьвядзеньня рэлігійнага цэнтру, элітных дамоў з падземнымі гаражамі, ад пракладкі трэцяга аўтамабільнага кальца. У 2008 годзе ўлады агучылі пляны па рэканструкцыі масіву з будаўніцтвам тэнісных кортаў, кавярняў і рэстаранаў. Ва ўсе інстанцыі менчукі сталі пісаць лісты з патрабаваньнямі пакінуць парк у некранутым выглядзе, а таксама ня нішчыць сьвідравіны. Артэзіянская вада зь іх паступае ў кватэры 500 тысяч жыхароў сталіцы. У лістападзе 2011 году з 60 чалавек сфармавалася група па правядзеньні раённага рэфэрэндуму. Як кажа кіраўнік ініцыятыўнай групы па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня «Эўрапейская ініцыятыва» Віктар Янчурэвіч, працу групы прыйшлося прыпыніць. Нідзе не ўдалося знайсьці памяшканьня для сходу, як вымагае заканадаўства аб правядзеньні рэфэрэндумаў.

Сам Віктар зьбіраецца ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Ініцыятыўную групу Янчурэвіча ўжо зарэгістравалі. Ён кажа, што ягонае ангажаваньне ў выбарчую кампанію абумоўлена актыўным удзелам у абароне Севастопальскага парку і мікрараёна Ўручча-2. Цяпер у Севастопальскім парку ніякіх будаўнічых прац не вядзецца.


Смалявіцкі раён. Вялікая кітайская індустрыялізацыя


У чэрвені Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 253 «Аб кітайска-беларускім індустрыяльным парку». Паводле гэтага дакумэнту ў Смалявіцкім раёне павінна быць створана эканамічная зона на плошчы больш за 8 тысяч гектараў. Кітайскі бок атрымлівае на 50 гадоў падатковыя ільготы й магчымасьць завезьці ў Беларусь сотні тысяч сваіх працаўнікоў. Інвэстыцыйны праект закрануў інтарэсы жыхароў 15 вёсак і 30 дачных таварыстваў.

Людзі ня хочуць суседнічаць з вытворчасьцю электронікі, біямэдыцыны, тонкай хіміі і машынабудаваньня. Смалявічане сабралі подпісы, каб пытаньне, ці пагаджаюцца жыхары на будоўлю на сваёй зямлі індустрыяльнага парку, вынесьці на мясцовы рэфэрэндум. Смалявіцкі райвыканкам адказаў адмовай.

Прычыну журналістам агучыў актывіст кампаніі «Гавары праўду», якая падтрымлівае дачнікаў Смалявіч, Андрэй Дзьмітрыеў:

«Паднятае пытаньне адносіцца да кампэтэнцыі не мясцовых, а рэспубліканскіх уладаў, паколькі ўказ аб будаўніцтве тэхнапарку падпісаў прэзыдэнт. А ініцыяваць па гэтым пытаньні рэспубліканскі рэфэрэндум мы ня можам, паколькі ўказы прэзыдэнта на рэфэрэндуме абмяркоўвацца ня могуць».

16 ліпеня актыўная ўдзельніца смалявіцкага пратэсту Валянціна Каляка падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў для вылучэньня сваёй кандыдатуры на бліжэйшых парлямэнцкіх выбарах. Так яна патлумачыла «Свабодзе» прычыны свайго вылучэньня:

«Чаму я іду на выбары? Бо нічога для нас так і ня ясна ў далейшым лёсе як маёмасьці, так і людзей. Таму што ўсю дачную прастору, што мы стварылі ўласнымі рукамі, улады гатовыя падараваць кітайскаму індустрыяльнаму парку. Таму зараз трэба дапамагчы людзям, бо да каго яны ні зьвяртаюцца, нідзе іх ня хочуць слухаць».

5-дзённы тэрмін, цягам якога акруговая камісія Лагойскай акругі № 75 павінна прыняць рашэньне па ініцыятыўнай групе Калякі, сканчаецца 20 ліпеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG