Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіўны гібрыд


Валеры Карбалевіч
Валеры Карбалевіч
Блог Віталя Цыганкова «Мой сябра — лукашыст» даў падставу для разваг пра сёньняшняе беларускае грамадзтва.

Цяперашні беларускі соцыюм — унікальны арганізм. Бо адначасова існуе ў розных гістарычных эпохах.

Па шмат якіх парамэтрах Беларусь — эўрапейская краіна, жыве ў ХХІ стагодзьдзі. Паводле ўзроўню сацыяльных запатрабаваньняў, структуры спажываньня беларусы мала адрозьніваюцца ад сваіх заходніх суседзяў. Беларускія сем’і хочуць жыць абавязкова ў сваіх кватэрах, аддзяліцца ад бацькоў. Яны імкнуцца мець свой аўтамабіль, іншыя сучасныя тавары.

Паводле ўзроўню інфарматызацыі грамадзтва Беларусі мала адрозьніваецца ад Эўропы. Звыш 50% беларусаў карыстаюцца інтэрнэтам.

У пэўным сэнсе Беларусь падобная да эўрапейскіх краін паводле ўзроўню адукацыі, якасьці працоўных рэсурсаў. Сёньня большасьць выпускнікоў школ атрымліваюць вышэйшую адукацыю.


Структурай насельніцтва, дэмаграфічнымі паказчыкамі Беларусь таксама нагадвае краіны Эўропы: вялікая доля пэнсіянэраў, адносна мала моладзі, нізкая нараджальнасьць. Але якраз гэта — ня плюс, а мінус. Бо, напрыклад, у краінах з рынкамі, якія, як цяпер прынята казаць, разьвіваюцца (Кітай, Індыя, Бразылія і іншыя лацінаамэрыканскія дзяржавы), доля моладзі вялікая. Эўропа вырашае праблему дэфіцыту працаздольнага насельніцтва за кошт мігрантаў.

У Беларусі ж пры старэючым насельніцтве доля працоўных скарачаецца ня толькі з дэмаграфічных, але і з сацыяльных прычын (працоўная эміграцыя).

Калі ж браць структуру эканомікі, то Беларусь — клясычная індустрыяльная краіна сярэдзіны ХХ стагодзьдзя. У валавым унутраным прадукце (ВУП) нізкая доля паслуг, затое вялікая — прамысловасьці і сельскай гаспадаркі. Аснову эканомікі складаюць гіганты індустрыі. 20 прадпрыемстваў даюць каля паловы ВУП. Прычым асноўны даход бюджэт атрымлівае ад экспарту сыравінных тавараў: нафтапрадукты, калій.

І сацыяльная стабільнасьць у краіне захоўваецца, пакуль працуюць гэтыя гіганты (што, дарэчы, Лукашэнка добра разумее).


А вось па ўзроўні палітычнай культуры Беларусь жыве ў сярэднявеччы, у пэрыядзе фэадалізму. Згода насельніцтва з тым, каб адзін чалавек кіраваў дзяржавай 20 гадоў, — гэта сьвядомасьць даіндустрыяльнай эпохі. Ня будзем нават цяпер гаварыць пра якасьць кіраваньня, пра тое, добрую ці дрэнную палітыку праводзіць Лукашэнка. Сама палітычная сыстэма зь неабмежаванаю ўладаю аднаго чалавека, без аніякіх стрымліваньняў і процівагаў — гэта фэадальная мадэль часоў абсалютызму. У сярэднявеччы людзі ідэнтыфікавалі сябе, свой сацыяльны статус як падданыя пэўнага князя ці караля. А сёньня беларусы — людзі Лукашэнкі. Калі чалавек фактычна пазбаўлены выбарчых правоў, то грамадзянінам яго назваць цяжка. Сама пастаноўка пытаньня — а хто замест Лукашэнкі? — выдае абсалютна несучасны сьветапогляд суайчыньнікаў.

Калі б гэта была сьвядомасьць сацыяльных аўтсайдэраў, людзей сталага веку, жыхароў вёскі, было б паўбяды. Але, як апавядае Віталь Цыганкоў пра свайго сябра дзяцінства, так думае шмат адукаваных, «упакаваных» жыхароў сталіцы, частка сярэдняй клясы.


Вось некалькі месяцаў таму журналіст З. Галко пісаў пра сваё дасьледаваньне сьветапогляду праграмістаў. І высьвятляецца, што яны зусім ня хочуць нейкіх сур’ёзных пераменаў у краіне.

Клясычны прыклад — студэнты. Ва ўсіх краінах студэнцтва — гэта самая неспакойная, бунтарская, «прасунутая» частка грамадзтва, носьбіт найноўшых ідэйных плыняў, стылёвых паводзін.

Беларускія студэнты вонкава мала адрозьніваюцца ад сваіх замежных калегаў. Яны жывуць у сацыяльных сетках, ведаюць ангельскую мову, падарожнічаюць па сьвеце. Але ў палітычным сэнсе беларускія студэнты — самая паслухмяная, кіраваная, канфармісцкая частка грамадзтва. У выбарчых акругах, дзе знаходзяцца студэнцкія інтэрнаты, — самы высокі працэнт датэрміновага галасаваньня.

Вось такі дзіўны сацыяльны мікс, гібрыд уяўляе сабой беларускае грамадзтва. І зь якога боку брацца за яго мадэрнізацыю — не такое простае пытаньне.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG