Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва ўпершыню старшынюе ў Эўразьвязе


Прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце ўручае майку харвацкаму прэзыдэнту Іва Ёсіпавічу на цырымоніі прыняцьця Харватыі ў Эўразьвяз

Ад сёньняшняга дня наша бліжэйшая суседка Літва пачынае старшыняваць у Эўрапейскім зьвязе.

Сярод чатырох прыярытэтаў, якія вызначыла сабе Літва на час свайго паўгадавога старшынства, і праграма «Ўсходняе партнэрства». Беларусь — адзін з удзельнікаў гэтага праекту. А значыць, і ўвага да яе будзе адмысловая, — падкрэсьлівае старшыня камітэту па міжнародных справах літоўскага сэйму Бэнэдыктас Юодка:

«Мы хочам, каб паводзіны нашых суседзяў былі прагназавальныя. Бо калі сусед непрагназавальны, то зь ім вельмі цяжка жыць іншым суседзям. Таму нам вельмі важна знаць, што адбываецца цяпер у Беларусі. Мы сочым за гэтымі працэсамі. Мы сустракаемся і зь міжнароднымі экспэртамі па Беларусі».

Для ацэнкі выніку старшынства Літвы ў Эўразьвязе вельмі важным стане саміт «Усходняга партнэрства», які заплянаваны на 28–29 лістапада ў Вільні, — кажа Свабодзе дацэнт Інстытуту міжнародных дачыненьняў ва ўнівэрсытэце Вільні Томас Янялюнас:

«Нягледзячы на тое, што на гэтым саміце галоўнымі стануць Украіна і Малдова, якія рыхтуюцца падпісаць пагадненьні аб асацыятыўным сяброўстве з Эўразьвязам, беларускае пытаньне, безумоўна, будзе ў парадку дня. Яно будзе на палітычным роўні адным з найбольш абмяркоўваных.

Літва як адвакат альбо абаронца дэмакратычных прынцыпаў стане пастаянна гаварыць пра Беларусь. У гэтым у мяне няма сумневу».

Пра тое, што Беларусь абавязкова будзе ў эўрапейскім парадку дня цягам старшынства Літвы ў Эўрапейскім Зьвязе, не сумняваецца і менскі палітоляг Алесь Лагвінец:

«Літва вельмі цікавіцца тым, што адбываецца за яе паўднёвай мяжой. Я думаю, што Беларусь будзе ў фокусе ўвагі яшчэ і таму, што ў лістападзе ў Вільні адбудзецца саміт „Усходняга партнэрства“, дзе Беларусь будзе так ці інакш прадстаўленая».

Разам з тым літоўскі парлямэнтар Юодка лічыць: нельга спадзявацца на тое, што Літва вырашыць за Беларусь яе ўласныя праблемы:

«Дэмакратыю і лёс краіны вызначаюць не суседзі, а сама краіна. Экспартаваць дэмакратыю складана. Дэмакратыя ствараецца ў краіне. Кожны ведае, чым скончыліся ўсе спробы экспартаваць камунізм. Але калі вы думаеце, што вакол вас жывуць лепей, то і вучыцца трэба ў тых, хто навокал».

Краіны-ўдзельніцы ЭЗ старшынююць па чарзе цягам паловы года. Ад 1 ліпеня 2013 году кіраўніцтва перайшло да Літвы. Перад гэтым старшынявала Ірляндыя. Ад 1 студзеня 2014 году старшыняваць будзе Грэцыя.

Літва будзе адказваць за дзейнасьць Рады Эўрапейскага Зьвязу, прадстаўляць яе на перамовах з Эўрапейскай камісіяй і Эўрапейскім парлямэнтам і прэзэнтаваць пазыцыю ЭЗ у дачыненьнях з трэцімі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Падчас свайго старшынства Літва вызначыла чатыры галоўныя кірункі сваёй працы:

— энэргетычная бясьпека,

— умацаваньне дзяржаўных межаў,

— стратэгія Балтыйскага мора,

— «Усходняе партнэрства».

Наступны раз Літва будзе старшынёй Эўразьвязу гадоў праз 15.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG