Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва пераймае старшынёўства ў ЭЗ


Падчас старшынёўства ў Эўразьвязе, якое пачынаецца ад 1 ліпеня, Літва будзе імкнуцца наладзіць больш цесныя сувязі з постсавецкімі ўсходнімі суседзямі, і будзе кіраваць перамовамі па новым бюджэце ЭЗ і стварэньні банкаўскага зьвязу.

Літва будзе адказваць за дзейнасьць Рады ЭЗ, прадстаўляць яе на перамовах з Эўрапейскай камісіяй і Эўрапейскім парлямэнтам і прэзэнтаваць пазыцыю ЭЗ у адносінах з трэцімі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі.

«Пачынаецца гістарычнае для нашай краіны паўгодзьдзе. У нас ёсьць унікальная магчымасьць раскрыць перад Эўропай тое, чым можа ганарыцца Літва - здольнасьці нашых людзей, прыгажосьць і дасягненьні нашай краіны», - цытуе DELFI прэзыдэнта Далю Грыбаўскайце.

Бальшыня рашэньняў будзе прымацца ў Брусэлі, аднак вялікая ўвага будзе нададзена і Вільні - тут у час старшынёўства пройдзе больш за 200 сустрэч, некалькі - на ўзроўні міністэрстваў, у краіне чакаецца каля 30 000 гасьцей.
Адзін з галоўных прыярытэтаў Літвы ў гэты пэрыяд - праграма "Усходняе партнэрства", мэта якой - наладзіць больш цесныя эканамічныя і палітычныя стасункі з шасьцю постсавецкімі краінамі.

У лістападзе іх кіраўнікі і кіраўнікі краін ЭЗ будуць удзельнічаць на сустрэчы ў Вільні, дзе плянуецца падпісаць дамову аб асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю з Украінай, а таксама абвесьціць аб скончаных перамовах па такіх дамовах з Армэніяй, Малдовай і Грузіяй. Вялікі прагрэс з Беларусьсю і Азэрбайджанам не чакаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG