Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрась Бушлякоў: «Мова — жывая!» (14)


Сёньня мы друкуем тры прыклады з трох розных разьдзелаў.

Заяўку на кнігу можна прысылаць ужо зараз — паведамце ў ёй паштовы адрас, на які можна даслаць кнігу. Прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda@rferl.org.



ГУЧАНЬНЕ СЛОВА

У агні — [увагн’і], у Адама — [увадама]; у органах — [уворганах], у Омску — [увомску]

Нярэдка, ідучы за напісаньнямі, чытаючы і вымаўляючы палітарна, забываюцца ў нас на прыстаўны гук [в] у спалучэньнях прыназоўніка у з наступным словам, якое пачынаецца з гукаў [а] або [о]. Бярэм, да прыкладу, колькі словаў на а-: агонь, адзеньне, асоба, Амэрыка. Калі гэтыя словы стаяць у форме меснага склону пасьля прыназоўніка у, тады перад гукам [а] абавязкова павінен разьвіцца прыстаўны зычны: вагн’і], [увадзен’:і], [увасоб’эа], [увамэрыцы]. Тое самае адбываецца, калі на пачатку слова за прыназоўнікам у — гук [о] (такіх словаў у нас няшмат, і, з малымі выняткамі, гэта пазычаньні). Гаворым: орган — але ворганах], ордэн вордэнах], Омсквомску], Осака восацы] і г. д.

Прыстаўны [в] у паказанай тут пазыцыі прадухіляе зьбег галосных. Варта прыпомніць, што напісаньне літары в перад а наступнага за прыназоўнікам у слова было ў XX ст. нормаю клясычнага (дарэформавага) беларускага правапісу. Згодна з вымаўленьнем — у вагні, у васобе — пачалі пісаць у міжваеннай Заходняй Беларусі (ініцыяваў перадачу на пісьме прыстаўнога [в] пасьля прыназоўніка у Янка Станкевіч). У постсавецкай Беларусі такія напісаньні не прыняліся: няма сёньня тэндэнцыі на іх нармалізацыю ці хаця б проста пашырэньне. Але нам канечне трэба ў гэтым выпадку памятаць аб прыстаўным гуку [в] — не ігнараваць яго ў сваім маўленьні: убачылі [ўвакн’э], сустрэліся [ўвангл’ійі], па акуляры [ўвоптыку], працуе [ўворганах].

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:53 0:00
Наўпроставы лінк


НАЦІСКІ

Украíна, украíнец, украíнскі

Дасюль у маўленьні суіснуюць формы ўкраíнскі і ўкрáінскі. Варыянт укрáінскі — з націскам на а — застарэлы і не адпавядае сучаснай моўнай норме.

Слова ўкрáіна ўзьнікла ад назоўніка ўкрáй, праўдападобна, у пэрыяд пасьля распаду праславянскае моўнае супольнасьці. Першапачатна ўкрáіна азначала аддзелены кавалак зямлі, аддзелены абшар, аддзеленую частку тэрыторыі племя. Зь цягам часу назоўнік укрáіна пачаў ужывацца ў значэньні асобнага, самастойнага княства: былі, напрыклад, Галіцкая ўкрáіна, Кіеўская ўкрáіна.

Паводле лінгвістаў, з XV стагодзьдзя ў слове ўкрáіна адбываўся пераход націску з кораня на суфікс, замена укрáіны на ўкраíну. Гэты працэс і прычыніўся да суіснаваньня на працягу стагодзьдзяў акцэнталягічных варыянтаў Укрáіна і Ўкраíна. У Тараса Шаўчэнкі, напрыклад, знаходзім абедзьве формы: «Свою Укрáїну любіть» і «В Украї́ну ідіть, діти, В нашу Украї́ну».

У XX стагодзьдзі як у ўкраінскай, так і ў нашай літаратурнай мове замацавалася, стала нормаю навейшая форма з націскам на трэцім складзе — Украíна. Такі самы нарматыўны націск і ў вытворных ад Украíны словах украíнец і ўкраíнскі.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:29 0:00
Наўпроставы лінк


ВЫБАР СЛОВА

Кропка і пункт

Слухаючы й чытаючы, раз-пораз трапляеш у мове на гандлёвыя кропкі, кропкі агнявыя й чыгуначныя, кропкі апоры ці адліку. Такое пераноснае ўжываньне кропкі ў беларускай мове нетрадыцыйнае, наўрад ці апраўданае.

Што такое кропка? Найперш гэта нейкі знак, сьлядок, нешта маленькае, ледзьве прыкметнае: скажам, кропка ад цьвічка ў сьценцы або кропкі самалётаў высока ў небе. Звычайная таксама кропка і як знак, што аддзяляе сказы на пісьме, і як графічны значок, напрыклад, на мапах, у матэматычным і нотным запісах. А вось гандлёвая кропка — вынік непатрэбнага калькаваньня.

Шмат хто думае: раз па-расійску, называючы месца, аб’ект, гавораць точка, дык па-беларуску будзе кропка. Ня будзе — у гэтым выпадку нам служыць слова лацінскага паходжаньня пункт: гандлёвы пункт, агнявы пункт, найвышэйшы пункт. Пункт заўсёды ўжываем па-беларуску ў матэматычным, фізычным значэньнях, а таксама пры называньні мяжы нечага: пункт апоры, пункт разрыву, пункт кіпеньня, мёртвы пункт. Слова пункт даўно й трывала засвоена беларускай моваю. Пісьменьнік Анатоль Клышка прыводзіць у сваім «Самавучку беларускай мовы» такую фразу: пунктамі хапаў жывот. Хапаў пунктамі — значыць ‘балеў час ад часу, не безупынна’.

Кропка й пункт суіснуюць у нашай мове, кожнае слова на сваім месцы. Пры канцы яшчэ раз папрактыкуем выбар кропкі й пункту: на белым фоне відаць чырвоная кропка, расстаўляем кропкі ў тэксьце, ставім кропкі над «і», ствараем новыя гандлёвыя пункты, выбіраем пункт апоры й пункт адліку, дасягаем найвышэйшага пункту краіны, зрушваем сытуацыю зь мёртвага пункту, перамагаем па ўсіх пунктах.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG