Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У войску забаранілі катлеты, абяцаюць толькі натуральнае мяса


З 1 чэрвеня па 30 верасьня ў вайсковых сталоўках забаронена гатаваць «мясныя і рыбныя катлеты, паштэты, фаршмакі і квашаніну». Два тыдні таму ўступіла ў дзеяньне ўказаньне «Аб арганізацыі харчаваньня вайскоўцаў Узброеных Сіл у летні пэрыяд і прафіляктыцы харчовых атручэньняў». Чым да гэтага кармілі салдат і якія новыя нормы харчаваньня?

Такім чынам, у войску «катлеты хатнія» цяпер забароненыя, абяцаюць, што салдаты будуць есьці толькі натуральнае парцыйнае мяса. Ці бачылі тыя катлеты вайскоўцы, якія несьлі тэрміновую службу?

Павал служыў у палку сувязі ў Барысаве. Падразьдзяленьне невялікае, усяго 70 чалавек, у сталоўцы гатавалі цывільныя кухары. Вось што ён узгадвае пра армейскі рацыён:

«У асноўным — традыцыйная вайсковая „сечка“. Пярлоўку давалі, часам макарону, пюрэ. Напрыклад, за год службы грэчку, мабыць, давалі толькі адзін раз. Асноўнае, што давалі да гэтых каш, — сьвіное сала, зь яго такую падліўку рабілі. То бок там мяса амаль што не было, а проста падліва з гэтым салам — „мясам белага мядзьведзя“ мы гэта называлі. Часам давалі катлеты. Але ў іншых частках — напрыклад, калі да нас у камандзіроўкі прыяжджалі салдаты зь Пячэй ці Ўручча, то яны казалі, што за ўсю службу катлет ня бачылі. Але такога сапраўднага мяса мы амаль што ня бачылі».

Палітвайсковец Зьміцер Жалезьнічэнка служыў у 2008–2009 гадах у чыгуначных войсках у Жлобіне:

Зьміцер Жалезьнічэнка падчас службы ў войску
Зьміцер Жалезьнічэнка падчас службы ў войску
«На сьняданак заўсёды была каўбаса вараная, з адносна мясных прадуктаў давалі гэтую каўбасу і нейкі гарнір да яе. На абед звычайна было мяса, але яго давалі няшмат. Паводле нормаў павінны даваць 100 грамаў мяса і 80 грамаў рыбы ў дзень. Мы ішлі на харчовы склад, бралі палову сьвіньні, адсякалі ад яе кавалак у 10 кіляграмаў з косткамі і несьлі на кухню. З гэтага кавалка гатавалі на 100 чалавек нейкую страву. Катлеты не гатавалі, гатавалі нейкія падліўкі. А катлет не было ніколі. Ну, і ўвечары давалі звычайна кавалак рыбы маленькі».

Вось жа, катлет у войску не было і раней. Што да «паштэту, фаршмаку і студня» — пра такія стравы салдаты наагул ня чулі. Але што да нормаў, — як было ў сутачным рацыёне 100 грамаў мяса, так і засталося. Праўда, мяса птушкі стала на 60 грамаў болей — было 40, цяпер 100. Вараную каўбасу забаранілі наагул.

Прэсавы сакратар Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў распавёў, што распрацоўкай салдацкага рацыёну займаліся адмыслоўцы-дыетолягі:

«Гаворка ідзе пра самае аптымальнае забесьпячэньне харчаваньня людзей ва ўмовах вайсковай службы, пра збалянсаванае харчаваньне. І, вядома, гэта ўсё строга на навуковай падставе робіцца. Ёсьць новыя нормы пайка і агульнавайсковага, і для спэцназу. Павышаны рацыён — для вайскоўцаў, у якіх звышнагрузкі».

І нават пры так званым павышаным рацыёне есьці хацелася пастаянна, узгадвае былы вайсковец Павал:
Пачуцьцё голаду было ўвесь час

«Пачуцьцё голаду было ўвесь час. Я вось звычайна ў жыцьці ня ем сала, але ў войску сала было проста за шчасьце! Наагул, у войску сала захоўваць нельга было, і заўжды мы мелі нейкія „нычкі“, дзе мы яго хавалі. Паколькі я сувязістам быў, то ў нас у падвале гэтыя „нычкі“ былі. І яшчэ: у войску вельмі салодкага хочацца. А пра ежу думаеш амаль што ўвесь час».

Зьміцер Жалезьнічэнка кажа, што пачуцьцё голаду заглушалі кашай і батонам:

«Не было праблем узяць больш кашы, ці больш супу папрасіць, хлеба, батона — ежы ня самай карыснай, але сытнай. Калі есьці батон, белы хлеб — вага набіраецца хутка, чалавек не выглядае схуднелым, змораным, а каштуе ўсё гэта вельмі танна».

«Белорусская военная газета» апублікавала ў суботнім нумары прыкладнае салдацкае мэню на тыдзень. Асаблівых далікатэсаў там не заўважана, але рыба — кожны дзень, ёсьць мяса, птушка, пячонка, «вараныя каўбасныя вырабы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG