Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У войску цяпер ведаюць каманду: "Зважай!"


Зьміцер Жалезьнічэнка ў войску
Зьміцер Жалезьнічэнка ў войску

Сёлета ў войска прызвалі некалькіх моладзевых актывістаў, адлічаных раней з навучальных устаноў. Як праходзіць іх служба?


Біяграфіі студэнтаў-актывістаў апошнім часам нагадваюць адзін сцэнар: арышт на акцыі— пропуск заняткаў — адлічэньне. Не пасьпеюць юнакі абскардзіць загады аб адлічэньні ў судах, як атрымаюць позвы ў ваенкамат. Напрыклад, адлічанага студэнта Франака Вячорку з-за хваробы зроку ў войска не ўзялі. А вось Зьміцер Бяляеў, Юры Дзяшук, Алесь Каліта, Зьміцер Жалезьнічэнка, Віталь Каратыш ды іншыя актывісты прызваныя і служаць. Як праходзіць іх служба?

Зь Дзяшуком сустрэцца ня проста

Актывіст “Моладзі БНФ”. Юры Дзяшук патрапіў у частку ўнутраных войскаў, якая месьціцца на вуліцы Маякоўскага ў Менску. Там яго падчас прысягі наведваў сябра Міхал Нядзьвецкі. Праз КПП актывіст здолеў прайсьці, як у шпіёнскім дэтэктыве — назваўшы іншае прозьвішча. Міхал распавёў:

“Так, была кансьпірацыя. Ён сам нам паведаміў, што збольшага служыцца яму ня так кепска. Кажа, што дзедаўшчыны няма, войскі больш-менш элітныя, але пасьля артыкулу ў “Камсамолцы” на яго пачалі вельмі моцна ціснуць. Дзе ён зараз дакладна, мне невядома. Тады на прысязе ён казаў пра тры магчымыя варыянты: першы — гэта ён будзе недзе кінолягам служыць, другі — канваірам у судзе, а трэці — патруляваньне вуліц. Больш зь ім пабачыцца не ўдалося, ня кажуць, куды накіравалі”.

Каліта навучыў усіх беларускім камандам

Алесь Каліта
Лідэру “Моладзі БНФ” Алесю Каліту 24 гады. Ён ужо жанаты. Актывіста адлічылі зь Менскага інстытуту кіраваньня і прызвалі ў войска. Служыць ён у частцы супрацьпаветранай абароны ў вёсцы Межыцы Лепельскага раёну. Распавядае Алесева жонка Наста Александровіч:

“Ён кажа, што пакуль яму служыць падабаецца. Я прыяжджала да яго два разы і на КПП размаўляла з адным рэзэрвістам. Ён пачаў размаўляць са мной таксама па-беларуску. Распавёў, што вельмі рады, што ёсьць такі ў частцы Алесь Каліта беларускамоўны, у якога такое бел-чырвона-белае сэрца, што сапраўды выклікае павагу. Распавёў гісторыю пра яго. Што камандзіры загадвалі зьняць пярсьцёнак, маўляў, па тэхніцы бясьпекі нельга, але ён адказаў: не, гэта шлюбны пярсьцёнак і яго можна насіць у любой сытуацыі. Карацей, яго там усе ведаюць. Ён там размаўляе па-беларуску і навучыў усіх камандам беларускім. “Зважай!” ды іншым. І нават сьпяваюць песьні вайсковыя па-беларуску”. Некаторыя афіцэры зь ім таксама размаўляюць па-беларуску і кажуць, што ведаюць мову, не цураюцца”.

Бяляеву не знайшлося ботаў

Зьміцер Бяляеў
Смаргонскі актывіст “Моладзі БНФ” Зьміцер Бяляеў патрапіў служыць у Гародню, у частку войскаў сувязі. Пра гэта распавёў сябра Бяляева Вадзім Жаромскі. Спачатку, паводле Вадзіма, Зьміцер пачуваўся ў войску дрэнна —балюча адчуваў недахоп свабоды. Потым прызвычаіўся. Не абыходзіцца ў яго на службе і бязь сьмешных кур’ёзаў:

“Цікава, што вайсковыя боты прымусілі купіць за свае грошы. У дзень прысягі пайшлі выбіраць яму боты, доўга шукалі і так і не знайшлі патрэбнага памеру. Аказваецца, у гэтых войсках добры абутак не выдаюць. Хочаш хадзіць у добрых ботах — купляй сам. Што яшчэ распавядаў? Што спачатку ім вельмі цікавілася начальства. Нават прыходзілі з КДБ, пыталіся, дзе быў у ноч на 4 ліпеня, калі ў Менску выбухнула бомба, начыненая гайкамі. Сказалі, што ён вельмі падобны да фотаробату. Гэта яго вельмі расьсьмяшыла. Але потым адчапіліся. Нядаўна яму сказалі, што прысвояць званьне яфрэйтара”.

Вадзім Жаромскі адзначыў, што вельмі марудна ідуць лісты ад Зьмітра Бяляева — амаль два тыдні.

Жалезьнічэнку ўзброілі ломам

Зьміцер Жалезьнічэнка
Маці актывіста “Маладога фронту” Зьмітра Жалезьнічэнкі таксама распавяла, што ад напісаньня сынам ліста да яго атрыманьня праходзіць адзін-два тыдні. Між тым ад Жлобіна, дзе служыць Зьміцер, да Гомелю, дзе жыве ягоная маці, крыху болей за сто кілямэтраў. Паводле маці актывіста, у войску сына кантралююць ва ўсіх сэнсах:

“Правяраюць, што чытае. Якія кніжкі, газэты. Ён прызвычаіўся чытаць “Нашу Ніву”, іншыя недзяржаўныя выданьні. Адзін час не давалі выпісваць “Народную волю”. Зараз нібыта дазваляюць, але ня вельмі гэта вітаецца”.

Зьміцер Жалезьнічэнка вучыўся ў Гомельскім унівэрсытэце і быў адлічаны нібыта за непасьпяховасьць, хоць меў большасьць выдатных адзнак. У войску Зьміцер адмовіўся прымаць прысягу. Маці актывіста кажа, што служба ягоная простая: празь некалькі дзён зноў ісьці ў дзяжурства на кухню. Прыбіраць ды мыць посуд. Зброю Зьмітру Жалезьнічэнку так і ня выдалі: ці таму, што не прайшоў прысягі, ці таму, што ў чыгуначных войсках зброя ня надта патрэбная — там салдаты часьцей трымаюцца за лом ды рыдлёўку.

Каратыш кіруе машынай, страляе з аўтамату й ідзе ў дэпутаты

Віталь Каратыш
А вось дэмакратычны актывіст з Лунінецкага раёну Віталь Каратыш патрапіў служыць у частку супрацьпаветранай абароны, дзе ў сталоўцы салдаты не дзяжураць увогуле. Віталь служыць пад Асіповічамі, ён кіроўца вайсковага аўтамабіля. Цяпер Віталь Каратыш удзельнічае ў выбарчай кампаніі ў парлямэнт як незалежны кандыдат і на гэты час атрымаў адпачынак:

“Я чакаў ад арміі горшага. Можа, таму, што наслухаўся жудасных расповедаў… Але ці мне пашанцавала, ці сапраўды ўсё зьмянілася. Прыкладам, харчаваньне ў нас арганізаванае як у цывільнай сталоўцы. Увогуле салдаты там ня мыюць посуд, не гатуюць ежу, а заключаная дамова з арганізацыяй, якая ўсё гэта робіць. І гэта правільна, бо салдат павінен не на кухні служыць, а вучыцца сваёй вайсковай справе. Вядома, сэрвіс, эстэтыка не асабліва якія. Са сталовых прыбораў у нас толькі лыжкі, якімі мы ямо і першае, і другое. Але нічога ў гэтым ня бачу дрэннага. Галоўнае, што сама ежа добрая і добра прыгатаваная. Прыкладам, у нас часта даюць сьвежае мяса. Ёсьць іншыя праблемы — з тым жа пражываньнем. Умовы пражываньня і салдат у казармах, і афіцэраў у вайсковым гарадку могуць быць лепшыя, але гэта ўжо пытаньне фінансаваньня. Дрэнна, што зь бюджэту на гэта выдаткоўваюць недастаткова грошай”.

Віталь Каратыш ужо атрымаў аўтамат Калашнікава і страляў зь яго на стрэльбішчы. Салдат адзначае, што вайсковая вучоба ў частцы наладжана добра, але мяркуе, што зброя збольшага ўжо састарэла і не адпавядае сучасным мэтадам вайны. Што да ідэалягічнай працы з салдатамі, Віталь Каратыш кажа, што для яго нечаканкай было стаўленьне афіцэраў да канфлікту паміж Расеяй і Грузіяй. Тое, што яны збольшага былі на баку расейцаў, гэтага ён чакаў, але ўсе, выявілася, супраць удзелу Беларусі ў гэтай спрэчцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG