Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэнгенская закуліса


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
Раз на месяц у Горадні пануе «шэнгенская ліхаманка». Перад абвешчаным днём, калі адкрыецца інтэрнэт-рэгістрацыя віз у польскім Генконсульстве. Напярэдадні абмен зьвесткамі: у які час павінен адбыцца «выкід» тэрмінаў падачы дакумэнтаў і як лепей запаўняць анкеты. Выкід – нібы ўспышка на Сонцы – хуткі і моцны. Выпрабаваньне не абы-якое. Раней начамі сядзелі за кампутарам. Цяпер нібы ўдзень трэба лавіць удачу, але на гэта бывае ўсяго некалькі хвілін, калі тысячы людзей адначасова падлучаюцца да сайту консульства.

1.

Жыць каля мяжы і ня мець магчымасьці яе перасячы – адчуваньне няўтульнае. Польскае генконсульства ў горадзе як Мэка, у акенцах якой можна атрымаць «шэнген». Раней былі чэргі, каб здаць дакумэнты, якіх шугаўся і якія ўспамінаеш цяпер амаль з настальгіяй. Цяпер рэгістрацыя праз інтэрнэт. Нібыта палёгка! Насамрэч гульня ў кошкі-мышкі. Супраць цябе будуць няўлоўныя непрыяцелі, яны зробяць усё, каб ты не зарэгістраваўся.

Уся Горадня, здаецца, заклапочаная тым, як перайграць нябачнага «электроннага рэгістратара», які ўвесь час зьбівае цябе, устаўляе палкі ў колы. Ты маеш запоўніць анкету, націснуць і зарэгістраваць яе, каб атрымаць штрых-код і канкрэтную дату здачы дакумэнтаў. Гэта можна зрабіць толькі раз на месяц. Не атрымалася, чакай наступныя трыццаць дзён.

Фармальна ты маеш на запаўненьне анкеты гадзіну, але гэта ілюзія. Ты павінен быць падрыхтаваным дзейнічаць хутка, як пры зборцы-разборцы «калашнікава» на час. Чым хутчэй запаўняеш анкету. Скончыў, сайт не завіс, анкета сама не зачынілася, удалося! Але ж не: пярэчыць, што запоўнена з памылкамі. Падкрэсьлена чырвоным. Напрыклад: краіна Беларусь «не існуе», Горадні «няма» і гэтак далей. Ён можа напісаць, што й ваша прозьвішча выклікае пытаньні.

Нэрвы патрэбныя жалезныя, прычым табе ніколі невядома – ці будзе канчатковы вынік. Бо калі ўдалося дайсьці да апошняга разьдзелу, дзе можна выбраць дату падачы дакумэнтаў, але зарэгістраваць анкету табе перашкодзілі, пры наступнай спробе ўсе «тэрміны» або месцы ў чарзе ўжо могуць быць «расхапаныя». Але ўсё роўна спрабуй зноў закаціць на гару свой ненадзейны «камень», раптам не сарвецца. Змагайся да апошняга! Дзеля гэтага існуюць хітрыкі: ты павінен разгарнуць чым болей анкет – адна зачыняецца, ты бярэсься адразу запаўняць наступную – раптам пашанцуе! Сустрэў знаёмага, яму ўдалося зарэгістравацца. Але дзеля гэтага ён трымаў разгорнутай візавую анкету адразу ў пятнаццаці вокнах!

2.

У інтэрнэце тым часам абвесткі: калі ласка, ёсьць магчымасьць зарэгістравацца на бягучы месяц на любы дзень. Цана: 124 эўра. Так, гэта больш, чым у два разы перавышае консульскі збор. Але попыт — зашкальвае! А вось іншая абвестка: 280 эўра. Кажуць, што й даражэй просяць. Як ні дзіўна: Беларусь у два з паловай разы апярэдзіла ў гэтай справе, напрыклад, суседку Украіну, на тысячу жыхароў РБ выдаецца шэсьць дзясяткаў шэнгенскіх візаў. Два гады назад іх атрымалі каля шасьцісот тысяч чалавек, летась – прыблізна на сто тысяч больш. Каля паловы зь іх выдаюць палякі.

Гарадзенцы варожаць на кавовай гушчы: хто ставіць фільтры, адных прапускае, іншым блякуе магчымасьць запоўніць анкету для атрыманьня візы? Спэцслужбы? Мэта? Стварыць напружанасьць, выклікаць незадаволенасьць Польшчай? І прымусіць купляць «шэнгенскі тэрмін» у «шэрай сфэры»? Выходзіць, што «людзі ў цывільным» (калі гэта яны) ствараюць перашкоды, каб нехта незаконна зарабляў грошы? А яны што з таго маюць? «Маральнае» задавальненьне? Пры ўсім тым, што маюць абавязак самі менавіта змагацца з хакерамі, а не заахвочваць, не даваць ім поўную свабоду? Адзін з наведнікаў сайту s13.ru падлічыў, што гэта бізнэс на мільёны і мільёны эўра: «І скажаце, што такі пірог праходзіць міма нашай улады?», не дае веры ён.

А можа маёры самі локці кусаюць ад бязраднасьці? Наіўна?! Кантроль у беларускім інтэрнэце суцэльны. Значыцца ня могуць яны не разумець, ня ведаць: што, як і якім чынам адбываецца. Беларусы мусяць карыстацца інтэрнэтам з ласкі дзяржаўнай службы, усё – толькі празь яе каналы сувязі. Там як на далоні – якую куды вы дасылаеце пошту, якія сайты наведваеце. Само сабой, і – вашыя спробы зарэгістраваць шэнгенскую анкету.

Апошнім разам доступ з Польшчы быў спэцыяльна закрыты польскім правайдэрам. Дзеля «чысьціні экспэрымэнту». Каб ня думалі, што ў закуліснай гульні ўдзельнічаюць таксама Зьбігнеў або Яцэк з Варшавы. Атрымалася! Сакрэт полішынэля раскрыўся! На гарадзенскім блогу s13.ru зьявіліся інтэрнэт-адрасы, уладальнікі якіх зарэгістравалі мноства анкет, завалодаўшы вялікай колькасьцю месцаў у чарзе ў польскае консульства. Адрасы, ясна, беларускія.

Многія гарадзенцы ўздыхнулі з палёгкай: ну, хоць польскі бок не замяшаны ў гэта. Аднак больш абазнаныя лічаць, што хтосьці з палякаў таксама мачае пальцы ў калявізавы бізнэс. Не абавязкова мова можа быць аб супольных дзеяньнях. Проста кожны хапае сваю частку пірага, сказаў мне адзін супрацоўнік невялікай турфірмы, дзе таксама спрабуюць афармляць візы «на закупы», шэнгенскія.

3.

Магчымасьць запоўніць візавую анкету са свайго кампутара ў інтэрнэце не зьяўляецца таварам і платнай паслугай таксама. Вось у чым соль. Гэта не прадаецца, бо – бясплатна. Грошы бяруцца за афармленьне візы, за яе зьяўленьне ў вашым пашпарце. Хаця нямала візаў палякі таксама выдаюць бясплатна. Словам, узьнік падпольны бізнэс на тым, што не прадаецца, грошай каштуе немалых, абарот мае таксама, мабыць, нежартоўны.

У вас ёсьць кампутар, вы карыстаецеся пастаянна інтэрнэтам і ня хочаце пераплачваць немаведаму каму. Аднак ёсьць мноства людзей сталага веку, вясковых жыхароў, якія самастойна нізавошта ня здолеюць запоўніць анкету. І кампутара няма і пра інтэрнэт паняцьця ня маюць. А значыць падпольны бізнэс мае неабмежаваныя абсягі для існаваньня. Калі толькі яго не перапыняць гэтак званыя «кампэтэнтныя органы». Але ці зьбіраюцца яны гэта рабіць? Вось пытаньне! Падобна, мы так і не даведаемся – хто пастаянна робіць беларусам перашкоды на шляху да шэнгенскай візы, хто – за кулісамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG