Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму не выдаюць целы расстраляных?


Маці Ўладзіслава Кавалёва, пакаранага сьмерцю за выбух у Менскім мэтро, дамагаецца выдачы ёй цела сына.

Паводле пункту пятага артыкулу 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Беларусі, «цела пакаранага сьмерцю не выдаецца, аб месцы пахаваньня не паведамляецца».

Адкуль зьявілася гэтая норма, у чым яе сэнс?

«Гэтая норма існуе з савецкіх часоў, — тлумачыць праваабаронца, былы судзьдзя Гары Паганяйла. — Цэлы расстраляных не выдаюцца сваякам для пахаваньня. Іх хавае спэцыяльная каманда. Месца пахаваньня ніяк не пазначаецца.

Кажуць, што гэта робіцца для таго, каб не было блюзьнерства над магілай тых, хто зрабіў такое цяжкое злачынства.

Зь іншага боку, гаворыцца таксама, што не выдаюць целаў, каб прадухіліць традыцыйныя ўшанаваньні магілаў выключных злачынцаў, каб ня крыўдзіць іх ахвяраў.

Камітэт ААН па правах чалавека трактуе гэтую працэдуру, як бесчалавечнае абыходжаньне са сваякамі.

Што тычыцца Людмілы Кавалёвай, то я раіў ёй зьвярнуцца ў суд, выкарыстоўваючы і наша заканадаўства аб праве на труп, і міжнароднае заканадаўства, у тым ліку і рашэньне камітэту ААН па правах чалавека па яе скарзе, у якім нявыдача трупа прызнаецца парушэньнем Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Але яна не скарысталася маёй парадай і спрабуе прыцягнуць грамадзкасьць, каб дамагчыся ад беларускіх уладаў, каб ёй выдалі цела сына ці пазначылі месца, дзе ён пахаваны.

Беларусь зьяўляецца адзінай краінай у Эўропе, дзе выконваецца сьмяротнае пакараньне. Аднак у суседняй Расеі з 2002 году дзейнічае адмысловы закон, які забараняе выдаваць родным целы тэрарыстаў, забітых падчас антытэрарыстычных дзеяньняў. Таксама забараняецца паведамляць пра месцы іх пахаваньня. Варта прыгадаць, што цела лідэра «Аль-Кайды» Усамы бін Ладэна, забітага ў 2011 годзе амэрыканскім антытэрарыстычным злучэньнем, таксама не было выдадзенае сваякам, а пахаванае ў моры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG