Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагружэньне ў абсурд


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Як вы думаеце, якая цяпер найбольш актуальная праблема, якая хвалюе ўрад, дзеля якой адкінуты ўбок усе іншыя клопаты? На тле невыкананьня валавых паказчыкаў, вялізных складзкіх запасаў някупленай прадукцыі, высокай інфляцыі і іншых балючых сацыяльна-эканамічных праблем? Правільна, вы ўгадалі. Самае галоўнае пытаньне, якім зараз трэба неадкладна заняцца ўраду, кінуўшы ўсё астатняе, – гэта забараніць грамадзянам ставіць спадарожнікавыя антэны.

Не, пастанова Савета Міністраў № 384 ад 15.05.2013 году «Аб некаторых пытаньнях перабудовы і перапляніроўкі, устаноўкі на дахах і фасадах шматкватэрных жылых дамоў індывідуальных антэн і іншых канструкцый, а таксама рэканструкцыі жылых дамоў» фармальна нічога не забараняе. Яна толькі рэглямэнтуе, вызначае працэдуру ўсталяваньня антэн. Але працэдура такая, што каб выканаць яе, патрабуецца патраціць значную частку свайго жыцьця.

Найперш, цяпер працэс усталяваньня антэны павінен адбывацца на аснове дазваляльнага прынцыпу. Уявіце: працэдуру адкрыцьця любога бізнэсу, камэрцыйнай структуры ў Беларусі пабудавалі – пад ціскам замежных інвэстараў – на заяўным прынцыпе. Напісаў заяву, прыклаў мінімум дакумэнтаў – і цябе рэгіструюць. А вось для таго, каб паставіць самую простую антэну ў сябе на бальконе, трэба дазвол. У сваім імкненьні ўсё рэглямэнтаваць хутка ўлады будуць патрабаваць дазволу на разьвядзеньне кветак у кватэры.

Але давайце разгледзім гэты рэглямэнт. Заяўка падаецца ў мясцовы выканкам. Паводле закону, чакаць трэба цягам месяца. Каб даць адказ, да вас на кватэру павінна прыйсьці нейкая камісія, каб скласьці акт тэхнічнага агляду таго месца, дзе вы хочаце ўсталяваць антэну. Гэты дакумэнт павінен зацьвердзіць выканкам.

Калі вам пашэнціць і вы атрымаеце дазвол, не сьпяшайцеся радавацца. Бо цяпер вам трэба шукаць праектны інстытут, які павінен распрацаваць праектную дакумэнтацыю на ўсталяваньне антэны. Гэта вам здаецца, што гаворка ідзе пра дзьве шрубы, якія трэба загнаць у сьцяну. Трэба ж заняць людзей, каб у краіне не было беспрацоўя. Усё гэта за вашы грошы.

Нарэшце можна прыступаць да ўсталяваньня антэны. Калі вы зьбіраецеся гэта зрабіць самі ці папрасіць суседа, то дарэмна. Бо пастанова жорстка рэглямэнтуе працэс. Трэба абавязкова заключыць дамову зь нейкай арганізацыяй, якая мае права на такі від дзейнасьці, і толькі яна за вашы грошы можа выканаць гэтую працу.

Калі вы думаеце, што на гэтым усё, то моцна памыляецеся. Трэба зноў ісьці. Куды б вы думалі? Правільна, зноў у выканкам. Як жа безь яго? Каб прыняць важны будаўнічы аб'ект (то бок антэну), выканкам павінен стварыць прыёмачную камісію, прычым ня менш чым за 30 дзён да пачатку гэтай самай прыёмкі. У склад камісіі ўваходзяць: сам шматпакутны гаспадар кватэры, падрадчык, які прыкруціў антэну да сьцяны (даху), прадстаўнікі ЖЭСа і распрацоўніка праектнай дакумэнтацыі.

Калі камісія прыме аб'ект, то вось цяпер нарэшце ўсё. Можаце атрымаць асалоду, калі здолееце пасьля такога маратону.

Самавольна ўсталёўваць антэну забаронена. Калі на момант зьяўленьня гэтай пастановы ў вас антэна ўжо стаяла, то трэба ўсё роўна атрымаць дазвол выканкаму. Калі той не дазволіць, то антэну давядзецца дэмантаваць. Паводле дасьледаваньняў НІСЭПД, у чэрвені 2011 году спадарожнікавыя антэны былі ў 18% насельніцтва. Уявіце, якога маштабу праца чакае органы дзяржаўнай улады, якія мусяць спраўдзіць правільнасьць усталяваньня ўжо дзейных антэнаў. Давядзецца не скарачаць чыноўнікаў, а пашыраць штаты, бо працы прыбавіцца.

Дзеля чаго ўсё гэта робіцца? Самы першы адказ, які прыходзіць у галаву, – гэта перашкодзіць людзям глядзець «Белсат». Напэўна першапачатковым імпульсам быў менавіта гэты палітычны матыў. Але потым запрацавала руцінная бюракратычная машына з мноствам узгадненьняў, подпісаў зацікаўленых асобаў. Лёгіка бюракратычнага мэханізму і звычайная жыцьцёвая лёгіка ўжо амаль не перасякаюцца. У выніку выйшла тое, што выйшла.

Гэта на Захадзе чалавек можа пражыць усё жыцьцё, так і не сутыкнуўшыся зь дзяржавай. Нарадзіўся ў прыватным шпіталі, вучыўся ў прыватнай школе, прыватным інстытуце, працаваў у прыватнай фірме, жыў у прыватным доме, хадзіў у прыватныя крамы, пахаваны на прыватных кладах. У Беларусі чалавек сутыкаецца зь дзяржавай на кожным кроку. Нават калі ты ня хочаш, то ўлада навязвае сваю паслугу.

У выніку краіна ўсё больш пагружаецца ў абсурд. Але для большасьці насельніцтва гэта праходзіць амаль незаўважна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG