Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спыніць бойку манашак


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў
Калі я ўпершыню пачуў пра ініцыятыву «тройкі» пра «Народны рэфэрэндум», у мяне ёкнула сэрца – «вось зараз пачнецца». Я яшчэ ня ведаў нічога пра сутнасьць прапановы, пра яе аўтараў, мэты і задачы – але я ўжо дакладна ведаў, што менавіта адбудзецца пасьля абвяшчэньня гэтай ініцыятывы. Нават не ўяўляючы, хто і што прапануе, я выразна разумеў, што ня пройдзе і пары гадзінаў, як другая частка апазыцыі пачне гэтую ініцыятыву ганьбіць і няславіць.

Так і адбылося.

Я цяпер ні ў якім разе не хачу абмяркоўваць сутнасьць прапановы Мілінкевіча-Някляева-Янукевіча. Па-першае, я выбраў іншую тэму для свайго блога, а па-другое, на маё перакананьне, гэта ня мае ніякага значэньня. Няхай бы «тройка» заявіла пра збор подпісаў за вяртаньне бел-чырвона-белага сьцяга, пра намер стварыць партызанскі атрад дзеля збройнай барацьбы з дыктатурай, паклялася б, што ўсе сябры трох арганізацыяў назаўжды пяройдуць на беларускую мову, заявіла б пра дабрачынную дапамогу дзіцячым дамам (карацей, устаўце любую гіпатэтычную прапанову, якая вам здаецца самай пазытыўнай, ідэальнай і патрэбнай у цяперашні час) – у любым выпадку «другая частка апазыцыі пачне гэтую ініцыятыву ганьбіць і няславіць».

Адносіны паміж рознымі сіламі і лідэрамі ў апазыцыі ніколі не былі надта салодкімі, але ў мяне складаецца трывалае ўражаньне, што такога ўзроўню ўзаемнага непрыняцьця, як цяпер, не было ніколі. А тым, хто лічыць, што гэта натуральна і непазьбежна, нагадаю адну нядаўнюю гісторыю.

Яшчэ ў 2010 годзе рух «За свабоду» і кампанія «Гавары праўду» глядзелі адзін на аднаго як Ленін на буржуазію ці як Натальля Радзіна на Юрыя Зісера. Яны абменьваліся кпінамі і падколкамі ў прэсе, у сацыяльных сетках, кожная заява адной структуры выклікала супрацьлеглую заяву іншай. Я меў добрыя чалавечыя дачыненьні з прадстаўнікам абодвух рухаў і ў размовах сам-насам спрабаваў дазнацца, чаго яны не падзялілі і за што так ня церпяць адны адных. Выслухоўваючы шматлікія папрокі і абвінавачаньні, я адчуваў сябе ў ролі сямейнага псыхоляга, які кансультуе блізкую да разводу пару. І што цяпер? Мы бачым стратэгічныя адносіны паміж дзьвюма структурамі, амаль поўнае супадзеньне поглядаў па галоўных пытаньнях. Можам, калі хочам?

Некаторыя сёньняшнія папрокі адных дзеячоў апазыцыі на адрас сваіх калегаў прымушаюць узгадаць показку пра тое, што «найлепшыя манашкі – былыя прастытуткі» і вядомае выслоўе: «нельга быць большым каталіком за папу Рымскага». Калі прадстаўнікі каманды Андрэя Саньнікава, справядліва адзначаючы, што выбараў няма, крытыкуюць тых, хто зьбіраецца ў нейкай форме ў іх удзельнічаць, то адразу хочацца ўдакладніць – зь якога году выбараў няма? Як мне сьціпла падаецца, іх няма прынамсі ад 1996 году. Аднак каманда Саньнікава максымальна актыўна ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі 2010 году. Чаму раптам цяпер удзел у выбарах аўтаматычна і безумоўна становіцца здрадай? Толькі таму, што шаноўны спадар Саньнікаў ужо не зьбіраецца ў іх удзельнічаць?

Ня менш уражвае заява Зьмітра Бандарэнкі, паводле якога «сёньня актыўная палітычная дзейнасьць у Беларусі магчымая толькі са згоды ўладаў». Таксама хочацца ўдакладніць – зь якога часу? Падобныя выказваньні гучаць, скажам мякка, занадта эгацэнтрычна. Маўляў, пакуль я быў у Беларусі, можна было і ў палітыцы ўдзельнічаць, і ў выбарах. А як я зьехаў – усё, нікога ў Беларусі не засталося, адны здраднікі ды агенты. Магчыма, трэба цаніць палітыку ў сабе, а ня толькі сябе ў палітыцы?

Дарэчы, калі прыхільнікі поўнага няўдзелу апэлююць да лёсу палітвязьняў, то варта нагадаць, што менавіта самы бескампрамісны зь іх – Мікалай Статкевіч – выступае і заўсёды выступаў за ўдзел у выбарах. Я з жахам уяўляю, што будзе, калі Мікола выйдзе – як хутка ён з героя супраціву ператворыцца для некаторых у чарговага «адбельвальніка» і «легітымізатара».

Хопіць. Час спыніць гэтую вайну ўсіх супраць усіх у апазыцыі. Гэтая вайна выклікае ўжо агіду (і «агіда» – гэта самае мяккае слова, якое я магу тут ужыць). Вядома, я не летуценьнік (немагчыма быць летуценьнікам, 20 гадоў назіраючы за беларускай палітыкай) і не зьбіраюся заклікаць да поўнага адзінства «шчыльнымі радамі». Максымум, чаго варта нам усім патрабаваць цяпер ад апазыцыі, – гэта пазытыўны нэўтралітэт. Калі вам не падабаюцца ініцыятывы вашых калегаў, то хаця б не перашкаджайце, ня шкодзьце адзін аднаму. Зьбярыцеся дзе-небудзь, дзе вас ніхто ня ўбачыць, і падпішыце дамову аб ненападзе.

Няўжо адзінае месца, дзе вы можаце быць салідарнымі, – гэта турма?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG