Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегат кангрэсу МФХ: Мы ня зьвязваем спорт з палітыкай


16 траўня ў Стакгольме пачаўся трохдзённы кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі хакею (МФХ). Мяркуецца, што будзе разглядацца і беларускае пытаньне – шэраг палітыкаў і арганізацый патрабуюць перанесьці хакейны чэмпіянат сьвету 2014 году зь Беларусі ў іншую краіну. На перакананьне ініцыятараў кампаніі, беларускі рэжым намагаецца выкарыстаць спартовае мерапрыемства ў палітычных мэтах. Тым часам беларускія хакеісты няўдала завяршылі ўдзел у сёлетнім усясьветным першынстве, заняўшы па набраных ачках перадапошняе месца на турніры.

Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль ня раз заяўляў, што не апусьціцца да таго, каб яго выкарыстоўвалі ў якасьці «марыянэткі розных палітыкаў і актывістаў»: «Мы ня можам і не павінны быць палітычным інструмэнтам, спорт павінен выступаць за прымірэньне і адкрыцьцё новых межаў», – казаў Рэнэ Фазэль падчас аналягічнага кангрэсу год таму ў Фінляндыі. Хакейны аглядальнік газэты «Прессбол» Вячаслаў Федарэнкаў, які працуе ў Стакгольме на асьвятленьні сёлетняга чэмпіянату сьвету, нагадвае: 18 траўня 2012-га Фазэль выступіў супраць палітычнага ціску на афіцыйны Менск і фактычна выключыў нават тэарэтычную магчымасьць рэвізіі месца правядзеньня наступнага хакейнага першынства:

«Пэрспэктыва пераносу чэмпіянату сьвету зь Беларусі амаль што нулявая, магчымасьці для манэўраў аніякай. І гэта зьвязана нават не з асабістай пазыцыяй Рэнэ Фазэля, а проста мы ўжо прайшлі, як кажуць, пункт невяртаньня. Прычым гэты пункт невяртаньня быў пройдзены год таму, у часе папярэдняга кангрэсу. За той час, які застаўся да наступнага чэмпіянату, замену ўжо не адшукаеш фізычна. Таму, яшчэ раз паўтараю, цяпер ужо практычна нулявы варыянт разгляду гэтага пытаньня. Так што калі хтосьці хваляваўся, што чэмпіянат сьвету ў Менску не адбудзецца, то можна ўжо не хвалявацца».

Больш за два гады дэмакратычная грамадзкасьць спрабуе дамагчыся ад кіраўніцтва МФХ, каб тое прыслухалася да голасу праваабаронцаў і адабрала ў Менску права на правядзеньне чэмпіянату сьвету-2014. Падставай сталі масавыя арышты і палітычныя прысуды апанэнтам уладаў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. На перакананьне вядомых палітыкаў, калі міжнародная супольнасьць увяла палітычныя і эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да афіцыйных асобаў, судзьдзяў, сілавікоў, спонсараў рэжыму, якія маюць дачыненьне да рэпрэсіяў супраць уласнага народу, то цалкам лягічна пазбавіць Аляксандра Лукашэнку ягонай любімай забавы – хакею.

Дэлегат кангрэсу, прэзыдэнт Фэдэрацыі хакею Латвіі Кіраў Ліпман расказаў праз тэлефон са Стакгольму, што прынамсі ў першы дзень беларускае пытаньне ў парадку дня ня значыцца. Хоць падобныя ініцыятывы ўзьнікаюць рэгулярна:

«Пакуль нічога мяняць ніхто не зьбіраецца. Гэта на сёньняшні дзень, ня ведаю дакладна, што будзе заўтра. Але на сёньня ніякіх праблемных пытаньняў, зьвязаных зь Беларусьсю, на кангрэсе няма. Як паводле пляну павінна быць – наступны чэмпіянат сьвету праводзіцца ў Беларусі – так усё і застаецца ў сіле. Нават не ўздымалася такое пытаньне, не разглядалася. Ініцыятыва пераносу была, але мы ня зьвязваем спорт з палітыкай. Палітыка – асобна, няхай ёй займаюцца палітыканы. А мы ж не палітыканы, мы спартоўцы. Таму беларусам непакоіцца няма за што».

З ініцыятывы шэрагу эўрадэпутатаў – перадусім прадстаўнікоў Польшчы Марэка Мігальскага і Славаччыны Петэра Шцяснага – стартуюць усё новыя акцыі. На пачатку году на плятформе www.change.org/belarus2014 распачаўся збор подпісаў за перанос чэмпіянату сьвету-2014 зь Беларусі ў іншую краіну. Рассылаюцца пэтыцыі на адрас спонсараў турніру, а на пачатку красавіка ў Чэхіі быў наладжаны пікет ля офіса аўтавытворцы «Шкода». Ужо ў часе ўсясьветнага першынства ў Швэцыі і Фінляндыі ў адказ на скандальную забарону беларускім заўзятарам выкарыстоўваць нацыянальную сымболіку распачалася кампанія «Лукашэнка, Puck You!» (рuck па-ангельску – шайба). На 18 траўня заплянаванае пікетаваньне офісу Міжнароднай фэдэрацыі хакею ў Стакгольме. Чакаецца, што сярод пікетоўцаў будуць і сам Мігальскі, і сябры швэдзкай праваабарончай арганізацыі «Ostgruppen».

У кангрэсе Міжнароднай фэдэрацыі хакею бярэ ўдзел старшыня Беларускай фэдэрацыі хакею Яўген Ворсін. Ён перакананы, што забраць у беларусаў чэмпіянат сьвету ніхто ня здолее, пра што было заяўлена яшчэ год таму:

«Пасьля кангрэсу МФХ леташнім траўнем у Фінляндыі, дзе я прэзэнтаваў чэмпіянат сьвету, у ніводнага зь сяброў, у ніводнага з дэлегатаў ня ўзьнікла ніякіх сумневаў у мэтазгоднасьці і нават больш за тое – у магчымасьці Беларусі арганізаваць і правесьці першынства на высокім узроўні. Нейкі час да таго блукалі думкі, ініцыяваныя і сэнатам ЗША, і Эўрапарлямэнтам, якія вылучалі ідэю байкатаваць ці забараніць правядзеньне чэмпіянату сьвету ў Беларусі зь нейкіх палітычных меркаваньняў. Але ўсе гэтыя палітычныя меркаваньні былі адкінутыя. Перш за ўсё прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі Рэнэ Фазэлем, а таксама дэлегатамі кангрэсу. І ніякія спробы з боку ўплывовых, неўплывовых ваколпалітычных колаў ня мелі ніякага ўзьдзеяньня. І мы атрымалі афіцыйнае запэўніваньне: чэмпіянат сьвету адбудзецца ў Беларусі ў траўні 2014 году».

Тым часам зборная Беларусі па хакеі трэці чэмпіянат сьвету запар – на выніковым 14-м месцы, за адзін крок ад вылету з элітнага дывізіёну. Зрэшты, гэтым разам беларусы ад сумнага фіналу былі застрахаваныя – на правах гаспадароў наступнага першынства прапіска ў групе мацнейшых засталася б пры любым раскладзе. Па набраных жа ачках выхаванцы Андрэя Скабелкі ўвогуле фінішавалі на 15-й агульнай пазыцыі, толькі на адзін пункт апярэдзіўшы славенцаў. У іншай васьмёрцы апошнімі былі аўстрыйцы, але, маючы 5 ачкоў супраць 3 у беларусаў, мусілі спусьціцца ў слабейшы дывізіён.

Цяпер экспэрты задаюцца пытаньнем: як пры той гульні, якую апошнім часам дэманструюць беларусы, каманда зьбіраецца вырашыць амбітную задачу, акрэсьленую спартовымі функцыянэрамі на хатні чэмпіянат – трапіць на п'едэстал гонару? Бо, апроч няўдалага чэмпіянату сьвету, у лютым каманда праваліла кваліфікацыйны турнір у Даніі, дзе вырашаўся лёс пуцёўкі на зімовыя Алімпійскія гульні-2014 у Сочы. Прайграўшы прынцыповую гульню славенцам, беларусы засталіся без Алімпіяды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG